Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Воўчы білет» актывіста Цурпанава


Валадар Цурпанаў

Валадар Цурпанаў

У Магілёве грамадзкі актывіст, руплівец беларускай мовы Валадар Цурпанаў судзіцца з раённым камунальным упраўленьнем, якое адмовілася браць яго на працу. Актывіст лічыць адмову дыскрымінацыяй, якая парушае ягоныя правы. Адказчыкі, у сваю чаргу, даводзяць суду, што Цурпанава не ўзялі зваршчыкам, бо на папярэдняй працы яго нездавальняюча ахарактарызавалі.

Валадар Цурпанаў паўгода як беспрацоўны. 16 студзеня служба занятасьці накіравала яго на працаўладкаваньне ў жыльлёва-рамонтнае эксплюатацыйнае ўпраўленьне Кастрычніцкага раёну Магілёва. Там былі вакансіі зваршчыка ў некалькіх домакіраўніцтвах. Калі ён прыйшоў уладкоўвацца, то высьветлілася, што працы для яго няма.

«Фармальная адмова — няма вакансіяў. Хоць высьветлілася ў судзе, што яны былі. Прычына ж адмовы, як пазначалі ўсе мае апанэнты, — нежаданьне мець канфліктнага працаўніка», — выказвае сваё бачаньне прычынаў адмовы Цурпанаў.

«Апошні запіс у працоўнай кніжцы правакаваў адразу ж пытаньні, — кажа ён. — Паколькі я не хаваўся і не лічыў, што мне трэба саромецца, я казаў праўду пра прычыну яго зьяўленьня. Казаў і пра сваю грамадзянскую пазыцыю».

Валадар Цурпанаў працаваў на арматурным заводзе, зь якога яго звольнілі за нібыта «сыстэматычнае невыкананьне без паважных прычынаў абавязкаў, ускладзеных працоўнай дамовай і правіламі ўнутранага працоўнага раскладу». Працаўнік лічыць звальненьне незаконным. Праз суд спрабаваў абараніць сябе, аднак марна. Кажа, што пацярпеў за патрабаваньне палепшыць умовы працы работнікаў прадпрыемства.

«Гэта патрабаваньне адрамантаваць прыбіральню, якая была ў мужчынскай бытоўцы», — успамінае Цурпанаў прычыну звальненьня.

«Паводле праўнага ж боку, — працягвае ён, — наймальнік сфабрыкаваў падставы для звальненьня паводле гэтак званай сыстэмы. Працоўнае заканадаўства дазваляе пры двух дысцыплінарных спагнаньнях звальняць як сыстэматычнага парушальніка».

У судзе кіраўнік аддзелу кадраў камунальнага ўпраўленьня прызнала, што яна памылілася, калі сказала Цурпанаву, што вакансіяў для яго няма. Прадстаўнікі адказчыкаў абгрунтавалі адмову, спаслаўшыся на кепскую характарыстыку з арматурнага заводу, дзе Цурпанаў працаваў і адкуль быў звольнены.

У характарыстыцы гаварылася, што Цурпанаў — неахайны працаўнік, парушальнік працоўнай дысцыпліны, што павагі да яго ў калектыве не было. Адзначалася пры гэтым, што ён таварыскі.

Што да прафэсійных якасьцяў, то, як заявіла начальнік домакіраўніцтва, куды зьбіраўся ўладкавацца Цурпанаў, заўвагаў не было. Для яго арганізавалі іспыты, якія ён пасьпяхова здаў. Гэтая начальніца і даслала запыт на арматурны завод, каб адтуль далі характарыстыку на свайго былога работніка. Патлумачыла, што зьвярнула ўвагу на артыкул звальненьня Цурпанава ў працоўнай кніжцы. Не хавала, што ён знаёміў яе з раздрукаванымі публікацыямі, у якіх апавядалася пра яго стасункі з адміністрацыяй заводу, каб ведала, каго бярэ на працу.

Хоць прэцэдэнтнае права ў нас і не працуе, але калі суд вынесе вырак на маю карысьць, то кожны начальнік кадраў вельмі добра падумае, перш чым напісаць, што яму прыйдзе да галавы

На прапанову судзьдзі Валянціны Лукашэвіч бакам заключыць міравое пагадненьне адгукнуліся адказчыкі. Яны прапанавалі сваю матэрыяльную кампэнсацыю Цурпанаву за вымушаны прагул. Пазоўнік гэтую ініцыятыву адхіліў.

«Я не магу пагадзіцца на міравое пагадненьне, бо перамога ў гэтым працэсе важная як інструмэнт уплыву і ўзьдзеяньня на службоўцаў, — тлумачыць Цурпанаў. — Хоць прэцэдэнтнае права ў нас і не працуе, але калі суд вынесе вырак на маю карысьць, то кожны начальнік кадраў вельмі добра падумае, перш чым напісаць, што яму прыйдзе да галавы».

Актывіст не хавае, што знайсьці працу яму будзе няпроста. Трапіць у сьпісы дармаедаў яму пакуль не пагражае, бо ён на ўліку ў службе занятасьці. Але гэта яго ня дужа цешыць.

«З працаю будуць у мяне праблемы і надалей. Адзіная надзея, што, можа, пашанцуе. Нехта з знаёмых падкажа, дзе вызвалілася месца. Бо выстаўляюцца вакансіі, якія фактычна ўжо закрытыя. Людзі цяпер гэта адсочваюць. Акрамя таго, мой артыкул. Гэта перашкода. Для наймальніка адзінае выйсьце: калі я прыйшоў, а адмовіць ня могуць, то тады будуць цягнуць час, а за гэты час узяць кагосьці іншага».

Зваршчыка ў домакіраўніцтва, куды не ўзялі Цурпанава, знайшлі толькі праз паўтара месяца, як адмовілі актывісту. Цяпер вакансіяў няма. Цурпанаў жа спадзяецца, што суд стане на ягоны бок і прызнае незаконнай і скасуе, як пазначана ў яго пазове, дыскрымінацыйную адмову ў працаўладкаваньні.

XS
SM
MD
LG