Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве каля судоў пачалі ўзводзіць пандусы


Дарога ў суд. Інваліда-вазочніка Юрʼя Ляшэнку падымаюць па прыступках у кабінэт судзьдзі ў Сьветлагорску, вясна 2015 году
Дарога ў суд. Інваліда-вазочніка Юрʼя Ляшэнку падымаюць па прыступках у кабінэт судзьдзі ў Сьветлагорску, вясна 2015 году

Праваабаронца Валадар Цурпанаў пяць год дамагаўся, каб уваходы ў раённыя суды Магілёва абсталявалі пандусамі. Бяз гэтага, цьвердзіць ён, людзям з абмежаванымі магчымасьцямі ў дзяржаўныя ўстановы трапіць няма як.

Урэшце каля ўваходаў у будынкі судоў пачалі ладзіць пандусы.

Праваабаронца кажа, што 27 ліпеня 2011 году накіраваў першы зварот у Магілёўскі гарвыканкам, каб чыноўнікі зьвярнулі ўвагу, што для інвалідаў дзяржаўныя ўстановы недаступныя.

Паводле актывіста, адказ з гарвыканкаму быў «аптымістычны». Чыноўнікі запэўнілі, «што ў 2012 годзе пытаньне ўключаць у распрацоўку». У наступныя гады, кажа Валадар, ён рэгулярна нагадваў чыноўнікам лістамі пра іхнія абяцаньні. Акрамя таго, рабіў запісы ў кнігах скаргаў і прапановаў тых дзяржаўных устаноў, дзе пандусаў не было.

Каля ўваходу ў будынак Кастрычніцкага суду ўзяліся ладзіць пандус
Каля ўваходу ў будынак Кастрычніцкага суду ўзяліся ладзіць пандус

«Раённыя суды сталі тымі абʼектамі, якімі я пастаянна апекаваўся, каб праблема вырашалася. Я пакідаў запісы ў кнігах і атрымліваў ад судзьдзяў адпіскі, што гэта ня іхная кампэтэнцыя. Яны перасылалі лісты старшыні абласнога суду, а ўжо той прызнаваў, што на такія патрэбы, як пандусы, грошай няма. Пісалі, што зьвярнуліся ва ўпраўленьне юстыцыі, каб адтуль сродкі выдзелілі», — кажа Валадар Цурпанаў.

Актывіст дапускае, што ягоны ўнёсак у тое, каб зрабіць суды даступнымі для інвалідаў, быў ня самы істотны. Тое, што пандусы пачалі ўзводзіць, кажа ён, зьвязана, найхутчэй, з чарговым тыднем клопату пра людзей з абмежаваньнямі.

Будынак Ленінскага суду Магілёва. Таксама пандус будзе
Будынак Ленінскага суду Магілёва. Таксама пандус будзе

«І вось пад гэтую праграму проста знайшліся грошы. Можа, і мае звароты спрычыніліся. Але я сумняваюся, што сыстэма так проста можа рэагаваць і паддавацца ў пытаньнях, якія вымагаюць крыху больш выдаткаў, чым проста працерці ліхтары ад пылу», — разважае праваабаронца.

Паводле яго, калі наведнік-інвалід нават узьбярэцца на ганак суду па пандусе, усё роўна далёка там не заедзе. За дзьвярыма яго чакае яшчэ адна перашкода — турнікет. І ўжо гэты барʼер ён ня пройдзе.

«Я ў сваіх зваротах і апэляваў да таго, што ў судах — як інстытуцыі, дзе чалавек мае магчымасьць абараніцца ад гвалту — для інвалідаў існуюць фізычныя перашкоды. Мала таго, што няма пандусаў, дык у будынках судоў усталявалі загарадкі, каб наведнікаў прапускаць па адным. На гэтую маю заўвагу мне адпісалі, што калі прыйдзе ў суд наведнік-інвалід, то яму дапамогуць трапіць у будынак з „чорнага ходу“. Праз „чорны ход“ звычайна заводзяць арыштаваных, падсудных», — кажа актывіст.

Магілёўскі інвалід-вазочнік Уладзімер Вусікаў у 2008 годзе пікетаваў будынак мясцовага гарвыканкаму, каб зьвярнуць увагу на свае жыльлёвыя праблемы. Пікет інваліда чыноўнікі ўбачылі і прапанавалі яму праехаць у дзяржаўную ўстанову.

Уладзімер Вусікаў на прыступках суду. Вазок асобна
Уладзімер Вусікаў на прыступках суду. Вазок асобна

«Выйшла з гарвыканкаму ідэоляг і прапанавала пагаварыць пра мае праблемы ў будынку, — згадвае Ўладзімер Вусікаў. — Я ёй адказаў: „А як жа я туды праеду? Пандусаў няма. На руках жа вы мяне несьці ня будзеце“. Тады яна ад мяне адстала, і мы гутарылі каля гарвыканкаму».

За несанкцыянаваную акцыю пратэсту інваліда выклікалі ў суд. «Калі ж судзьдзя даведалася, што я інвалід-калясачнік, то прапанавала пачакаць ля суду. Потым мяне ў будынак суду занесьлі на руках», — прыгадвае Ўладзімер Вусікаў.

Уладзімер Вусікаў пікетуе гарвыканкам. За дзевяць год ля ўваходу ў дзяржаўную ўстанову мала што зьмянілася. Пандус не ўзьвялі.
Уладзімер Вусікаў пікетуе гарвыканкам. За дзевяць год ля ўваходу ў дзяржаўную ўстанову мала што зьмянілася. Пандус не ўзьвялі.

«Выходзіць так, што дзяржаўныя будынкі ўзводзілі за савецкім часам, і ніхто тады асабліва не задумваўся пра патрэбы інвалідаў. Толькі на словах была падтрымка, а ні ў гарвыканкам, ні ў краму, ні ў аптэку не заехаць было, — кажа суразмоўца. — Што да цяперашняга часу, то, мне як інваліду крыўдна за дзяржаву. Выходзіць, што ні ў суды, ні да чыноўнікаў я сам не магу трапіць. Пандусы — гэта ж ня прыхамаць нейкая, гэта неабходнасьць для інваліда-вазочніка ці для тых, у каго праблемы са здароўем».

Дарога ў суд для інваліда. Трапіць у будынак дапамагалі мінакі
Дарога ў суд для інваліда. Трапіць у будынак дапамагалі мінакі

Ад 2008 году, калі Ўладзімер Вусікаў ладзіў свой пікет, ля галоўнага ўваходу ў будынак гарвыканкаму пандуса так і не ўзьвялі. Для людзей з абмежаваньнямі ёсьць асобны ўваход з тарца будынку.

«Там уваход у аддзел па зваротах грамадзян, і гэты ўваход абсталяваны пандусам. А што тычыцца галоўнага ўваходу, то тут для інвалідаў праблема. Пакуль я гэтым пытаньнем не займаўся як мае быць», — кажа Валадар Цурпанаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG