Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму сёньня шукаюць скарбы ў габрэйскіх магілах, храмах і панскіх маёнтках?


Belarus - Treasure, search for buried treasures is the topic of the New Atlantis program, undated
Belarus - Treasure, search for buried treasures is the topic of the New Atlantis program, undated

Што з традыцыйных уяўленьняў пра скарбы засталося ў беларусаў, а што трансфармавалася ў ХХ стагодзьдзі? Як і чаму беларускія скарбашукальнікі дайшлі да апаганьваньня габрэйскіх магілаў і хрысьціянскіх храмаў? І як скарб трактуецца ў сучасным фальклёры? Гутарка з этнолягам Уладзімерам Лобачам.

Вячаслаў Ракіцкі: ХХ стагодзьдзе вызначылася моцным ідэалягічным прэсінгам, пад якім жыло беларускае грамадзтва. Традыцыйныя каштоўнасьці абвяшчаліся варожымі, у ранг каштоўнасьцяў узводзілася тое, што традыцыйнае грамадзтва лічыла ганебным, амаральным. Сьвядомасьць людзей перараблялася гвалтам. Уладзімер, а як паўплывала новая ідэалягічная парадыгма на традыцыйныя ўяўленьні беларусаў пра скарбы?

Уладзімер Лобач: У ХХ стагодзьдзі беларускае грамадзтва зазнала радыкальныя зьмены гісторыка-палітычнага, сацыяльнага, культурнага і ідэалягічнага зьместу. Істотным чынам зьмянілася і беларуская вёска, захавальніца фальклёрнай спадчыны этнасу і яго традыцыйнай культуры.

Уладзімер Лобач
Уладзімер Лобач

Савецкі лад у вульгарнай форме прапагандаваў ідэю сацыяльнай роўнасьці, дзе не было месца матэрыяльнаму багацьцю асобна ўзятага чалавека. Калі казаць пра багацьці, нібыта схаваныя французамі, швэдамі альбо татарамі ў курганах і гарадзішчах, то гэты пласт фальклёру жывіў вясковае скарбашукальніцтва на працягу ўсяго ХХ стагодзьдзя. Адзінае, што зьмянілася — узрост скарбашукальнікаў. Калі ў ХІХ стагодзьдзі пошукам скарбаў займаліся дарослыя, то ў ХХ стагодзьдзі гэты промысел найбольш займаў падлеткаў, пра што яскрава сьведчыць экспэдыцыйны запіс зь Лепельскага раёну:

«На полі валатоўкі францускія. Гэта з францускай вайны. Там рабяты дзелалі раскопкі. Ну, капаюць, капаюць, а там нічога нету. Канешне, яны там нічога ня знойдуць, але капаць нельга. Но гэта ж дзетвара, ніхто ж».

Дзеля справядлівасьці трэба адзначыць, што падобнага роду «раскопкі» вялікай шкоды помнікам археалёгіі не наносілі. Выкапаўшы невялікую ямку і нічога не знайшоўшы, падлеткі пакідалі спробу знайсьці мітычны скарб.

Ракіцкі: Вы хочаце сказаць, што камуністычная ўлада нічога сутнасна не зьмяніла ў традыцыйнай карціне сьвету беларусаў?

Лобач: На жаль, гэта ня так. Цкаваньне прадстаўнікоў «эксплюататарскіх клясаў» (дваранаў, сьвятароў), рэпрэсіі супраць іх, узьведзеныя ў ранг дзяржаўнай палітыкі, а таксама «ваяўнічы атэізм», які прывёў да разбурэньня сотняў храмаў, спрыялі фармаваньню новага тыпу скарбашукальніка, які ня грэбаваў разбураць фамільныя шляхецкія скляпы, нявечыць фальваркавыя будынкі і закінутыя цэрквы. Як правіла, у якасьці вандалаў фігуруюць адданыя прыхільнікі бальшавіцкай ідэалёгіі — камсамольцы і камуністы. Але пошукі «панскага золата» нават у нішчымнай савецкай вёсцы выклікалі кпіны на адрас такіх скарбашукальнікаў. У якасьці прыкладу прывяду запіс, зроблены ў Бешанковіцкім раёне:

«У нас, во тут во быў пан. І быў склеп дужа бальшы... Бальшы пограб і сколькі там каморак! І ўсё казалі, што там золата пан дзе-та храніў. А такі быў у нас Пракоп, ён усё капаў — золата іскаў. Так ён яго і не нашоў. Хто эта найдзець, калі хто хуваў? Там, бувала, Пракоп пойдзець, а бабы хахочуць: Пракоп раскапаў там усё, усё золата ішчэць. Але гаварылі, што ў пана золата было. А той пан памёр — і ў падштаньніках харанілі, надзець не было чаго. Савецкая ўласьць як прыйшла, разграмілі і нічога ў яго не асталася, у таго пана»

Зіма не спыняе аматараў мэталапошуку
Зіма не спыняе аматараў мэталапошуку

Ракіцкі: Пасьля Другой сусьветнай вайны, калі ў Беларусі і блізка не засталося ніякіх паноў, сталі шукаць габрэйскае золата. Як, з чаго, зь мітаў ці рэаліяў паўстала легенда пра габрэяў-багацеяў і пра схаванае імі золата?

Лобач: Разьвіцьцё тэмы схаванага «габрэйскага золата» ў народных апавяданьнях прыпадае на пасьляваенныя гады. Яна была зьвязаная як з даўнім агульным уяўленьнем пра багацьце гэтай этнічнай групы, асноўным заняткам якой былі рамяство і гандаль, так і з трагедыяй Галакосту на тэрыторыі Беларусі ў часе нацысцкай акупацыі. У выніку шматлікія будынкі і могілкі габрэяў засталіся без гаспадароў і прыцягнулі ўвагу скарбашукальнікаў. Вандалізм у выглядзе рабаваньня могілак стаў ганебнай старонкай у гісторыі ўзаемаадносінаў беларусаў і габрэяў. Гэта адбылося ва ўмовах разбурэньня традыцыйнай маралі і сьветапоглядных прынцыпаў у савецкім грамадзтве. Вось такі запіс быў зроблены ў Докшыцкім раёне:

«Паўміралі і татары, і жыды, якія былі. І жыдоўскі магільнік стасавалі ўсё. Казалі, у Докшыцах адзін малец нашоў многа на жыдоўскім кладбішчы золата. Гэдак людзі казалі. Кажыць, нашоў ён во золата, і тады яны, кажыць, паехалі ў Барысаў, там сабе дом ці што яны. Што вы думаеце, там у жыдоў многа было золата. А за што білі жыдоў, хай бы жылі».

Ракіцкі: У апошняй чвэрці ХХ стагодзьдзя беларуская нацыя перастае быць «сялянскай» — большасьць насельніцтва краіны перабіраецца ў гарады. Ці азначала гэта паступовую сьмерць міту пра скарбы — бо для гораду найбольш актуальныя крамы і заводы, а не курганы і гарадзішчы?

Лобач: Як гэта ні парадаксальна, але менавіта горад узьняў тэму скарбашукальніцтва на абсалютна новы ўзровень. Маецца на ўвазе тэхналягічны і інфармацыйны прарыў, які даў нечуваныя дагэтуль магчымасьці ў пошуку схаваных каштоўнасьцяў. У 1990–2000-х гадох у вольным доступе зьяўляюцца адмысловыя мэталадэтэктары і гістарычныя мапы з пазначэньнем патэнцыйных «скарбавых месцаў» — панскіх фальваркаў, корчмаў, кірмашоў ці сёлаў, якія існавалі калісьці і на сёньняшні дзень зьніклі як аб’екты культурнага ляндшафту. Уласна пошук старажытных артэфактаў пачаў характарызавацца рацыянальным падыходам, даволі грунтоўнай тэарэтычнай падрыхтоўкай і наяўнасьцю дакладнага прафэсійнага абсталяваньня — мэталадэтэктараў, пінпойнтэраў, GPS-навігатараў.

Тыповы сучасны беларускі скарбашукальнік
Тыповы сучасны беларускі скарбашукальнік

Ракіцкі: Наколькі распаўсюджана скарбашукальніцтва ў сучаснай Беларусі?

Лобач: Калі ў мінулыя стагодзьдзі пошук скарбаў і каштоўнасьцяў быў справай вясковых дзівакоў ці падлеткаў, то цяпер да аматараў мэталапошуку належаць тысячы людзей самых розных прафэсіяў і сацыяльнага статусу. Створаны спэцыялізаваныя сайты і інтэрнэт-форумы з паказальнымі назвамі (Белскарб, Белклад) — своеасаблівыя клюбы для аматараў мэталапошуку. Самыя папулярныя разьдзелы падобных сайтаў — старонкі, прысьвечаныя знаходкам, экспэдыцыям, палявому пошуку — міжволі рэкрутуюць у шэрагі скарбашукальнікаў усё новых і новых аматараў. Бо фатаздымкі россыпаў манэтаў і розных каштоўнасьцяў, адшуканых шчасьліўцамі, ствараюць у неабазнаных людзей ілюзію лёгкай даступнасьці схаваных калісьці багацьцяў. Паводле розных падлікаў, толькі ў Беларусі аматараў мэталапошуку ад 10 да 20 тысяч. Супольнасьць скарбашукальнікаў пасьпяхова фармуе ўласную субкультуру са сваімі правіламі паводзінаў і ўзаемаадносінаў у «полі» і на інтэрнэт-пляцоўках, своеасаблівым этыкетам і «кодэксам капальніка», нават з адмысловай лексыкай, слаба зразумелай староньняму чалавеку. Тэрміны «асечнік», «закладуха», «каніна», «какалік», «шмурдзяк», «хабар» празрыстыя толькі для дасьведчаных у справе мэталапошуку людзей.

Звычайныя знаходкі сучаснага капара
Звычайныя знаходкі сучаснага капара

Ракіцкі: Трэба меркаваць, што нагэтулькі рацыянальны падыход да пошуку каштоўнасьцяў, схаваных у зямлі, не пакідае месца фальклёру і міталёгіі, якія былі неад’емнымі спадарожнікамі скарбу яшчэ 100 гадоў таму?

Лобач: На сучасным этапе, калі нават наяўнасьць дасканалага мэталашукальніка і самых падрабязных картаў не гарантуе каштоўнай знаходкі, на форумах скарбашукальнікаў усё часьцей згадваюць пра «шанцунак», ірацыянальную прычыну посьпеху, якая ніяк не залежыць ад волі і жаданьня самога чалавека. Некаторыя шукальнікі схільныя разглядаць свой асабісты шанцунак як праяву вышэйшай, звышнатуральнай волі, заручыцца спрыяньнем якой можна, выканаўшы пэўныя сымбалічныя працэдуры. Найчасьцей у якасьці міталягічнага апекуна схаваных у зямлі скарбаў і каштоўнасьцяў у фальклёры скарбашукальнікаў выступае Земляны Дзед (Дзедушка) ці яго адмены: Дзед Хабар, Дзед Копша, Палявы Дзед. Наладзіць пазытыўны кантакт зь міталягічным гаспадаром поля можна шляхам адмысловых пачастункаў, падарункаў — ежы, салодкіх ласункаў, гарэлкі, дробных грошай — прасьцей кажучы, ахвяраваньня. Нельга не заўважыць, што сымбалічныя маніпуляцыі, скіраваныя на залагоджваньне міталягічнага пэрсанажа і спрыяньне зь яго боку, — гэта і паводле формы, і паводле зьместу не вынаходка сучасных скарбашукальнікаў, такія маніпуляцыі рэпрэзэнтуюць традыцыйныя мэханізмы камунікацыі чалавека і сфэры сакральнага. Грошы, прадукты, гарэлка надзвычай часта фігуруюць у рытуальных зносінах беларусаў з тагасьветам ці яго прадстаўнікамі: ахвяраваньні культавым камяням і крыніцам, абрадавыя стравы і трапеза як мэханізм зносінаў з памерлымі дзядамі. У гэтым сэнсе дары Земляному Дзеду з боку скарбашукальнікаў цалкам стасуюцца з традыцыйнымі нормамі ўзаемадзеяньня паміж людзьмі і сакральнай сфэрай.

Ахвяра Палявому Дзеду
Ахвяра Палявому Дзеду

Ракіцкі: Якім чынам стасуецца хобі скарбашукальніцтва з заканадаўствам у сфэры аховы помнікаў гісторыі і археалёгіі?

Лобач: Як і сярод рыбакоў і паляўнічых, гэтак і сярод «скарбашукальнікаў» ёсьць свае «браканьеры», якія рабуюць курганы ці праводзяць незаконныя раскопкі на гарадзішчах. Безумоўна, пакараньне такіх «аматараў» павінна быць жорсткім у рамках дзейнага заканадаўства. Але для большасьці сучасных шукальнікаў «скарбашукальніцтва» — ня спосаб нажывы, а займальны занятак, калі радасьць прыносіць не гаршчок зь мітычным золатам, а медная манэтка з узаранага калгаснага поля. Спроба дзяржавы цалкам забараніць гэтае хобі наўрад ці будзе пасьпяховай, бо, з аднаго боку, забарона ніяк не дадасьць сродкаў і магчымасьцяў нішчымнай беларускай археалёгіі, якая ня можа нават унесьці ўсе помнікі ў афіцыйны рэестар з-за неверагоднай бюракратычнай валакіты. З другога боку, імкненьне дакрануцца да таямнічага і невядомага, выпрабаваць свой шанцунак было, ёсьць і будзе неадменнай рысай любога чалавека.

Скарбашукальнік на ўзараным полі
Скарбашукальнік на ўзараным полі

Чытайце пачатак гутаркі:
«Куды беларусы золата хавалі і як яго шукалі?»

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG