Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калекцыянэр: Рэгістрацыя прыватных калекцыяў — падстава для «раскулачваньня»


Расплывістыя пэрспэктывы калекцыянэраў

Расплывістыя пэрспэктывы калекцыянэраў

Неўзабаве набудзе моц прэзыдэнцкі ўказ № 485, накіраваны на ўдасканаленьне аховы археалягічных аб’ектаў і артэфактаў. Дакумэнтам, у прыватнасьці, забараняецца абарачэньне прадметаў даўніны як за межамі Беларусі, так і ўнутры краіны.

Згодна з новымі нормамі, да канца 2016 году нумізматычныя калекцыі павінны быць афіцыйна зарэгістраваныя ў камісіях пры выканкамах (камісіі яшчэ нават не сфармаваныя). Не дазваляецца зьбіраць знойдзеныя ў зямных нетрах прадметы, чый узрост перавышае 120 гадоў, абменьвацца і гандляваць імі. Да незаконных валютных апэрацыяў прыраўнаны продаж замежных манэтаў, якія знаходзяцца ў абарачэньні, забаронена набываць і збываць дзяржаўныя ўзнагароды СССР і Рэспублікі Беларусь.

Як папярэджваюць зьбіральнікі артэфактаў, досыць катэгарычная заканатворчая ініцыятыва можа справакаваць ня толькі сыход у цень аматараў прыборнага пошуку, але і масавы вываз у іншыя краіны прыватных нумізматычных, фалерыстычных ды іншых калекцыяў. Дык ці дасягнуць улады пастаўленых мэтаў?

Мянчук Руслан Верамей зьбірае сваю калекцыю больш за 20 гадоў — у 4-й клясе знайшоў першую манэтку ў размытым дажджом раўчуку. За прамінулы час ягоны збор ахапіў пэрыяд ад антычнасьці да сучаснасьці. Манэт з усяго сьвету і ўсіх часоў у яго больш за тры дзесяткі кіляграмаў. Старэйшых за 120 гадоў — пад тысячу штук.

Руслан кажа, што не дае манэты нават сябрам, каб тыя іх некаму паказвалі. А тут — нясі на рэгістрацыю ўсю калекцыю ды спадзявайся, што яе вернуць цэлай, непашкоджанай і ў поўным складзе. «Ужо бягу, чакайце», — іранічна кажа суразмоўца, акцэнтуючы ўвагу на відавочных нестыкоўках у новым указе:

Менскі калекцыянэр Руслан Верамей

Менскі калекцыянэр Руслан Верамей

«Шчыра кажучы, мы гэтага чакалі, бо цалкам лягічна: калі рыхтуецца грамадзкая думка, гэта азначае, што сьледам павінен выйсьці закон. Пытаньне толькі ў тым, што там напісана. Як указ выйшаў, адразу высьвеціліся недарэчнасьці. Усё, што старэйшае за 120 гадоў, аўтаматычна становіцца артэфактам, абмену, продажу не падлягае і патрабуе абавязковай рэгістрацыі. Прычым калі так акцэнтуюць, што да 2017-га рэгістрацыя бясплатная, лягічна ўявіць, што потым яна, відавочна, стане платнай. Зрэшты, пэўныя пытаньні выклікаюць самі ўмовы рэгістрацыі, а менавіта: аддай ім знаходку, прынясі фотаздымкі, потым чакай, пакуль табе выдадуць дакумэнты. Уласна кажучы, а далей што? 120 гадоў — гэта выдатна, вы ахапілі добры пэрыяд. Але, скажам, у мяне ёсьць рубель 1898 году, гэта азначае, што ў 2018-м яму стукне 120. Дык я яго мушу праз два гады несьці і платна рэгістраваць (і пры гэтым тлумачыць, адкуль ён у мяне ўзяўся), ці лепш зараз прыйсьці і зарэгістравацца, каб потым не расказваць, што ён у мяне ўжо быў, проста яшчэ не лічыўся артэфактам?»

Калекцыі Руслана Верамея

Калекцыі Руслана Верамея

Руслан Верамей кажа, што ўзьнікаюць непаразуменьні і адносна грашовых адзінак іншых краінаў, якія, згодна з новым указам, у руках калекцыянэра таксама набываюць крымінальныя рысы:

«Ёсьць пэўныя пытаньні наконт іншых краінаў. Справа ў тым, што шмат манэт прыйшло да нас з самых розных куткоў Эўропы: яны не хадзілі ў нас у абарачэньні, ня маюць дачыненьня да нашай гісторыі, проста калекцыянэры пачалі іх сюды заводзіць як артэфакты. Выходзіць, мне іх таксама рэгістраваць як нацыянальную спадчыну? То бок — ці зьяўляюцца манэты 1800-х гадоў, прывезеныя, напрыклад, з Бэльгіі, спадчынай Рэспублікі Беларусь? Альбо аўстра-вугорская манэтка, прывезеная таварышамі з рэгіёнаў Польшчы і Нямеччыны: яна лічыцца беларускім артэфактам ці не? Тое ж самае тычыцца і ўсіх астатніх манэтаў, якія рознымі шляхамі трапілі ў Беларусь. Шмат прадметаў — шмат пытаньняў».

Фармаваньне калекцыі — асобная гісторыя для любога аматара гэтай справы. Адны манэты ідуць у «асноўны фонд», іншыя — у так званы абменны. Некаторых трэба мець жменю, каб выменяць на больш-менш прыстойны варыянт. Напрыклад, славутыя медныя шэлегі памерам з савецкую капейку, таксама вядомыя як барацінкі. У сярэдзіне XVII стагодзьдзя іх набілі пад мільярд штук, і вялікая колькасьць у добрай якасьці гуляе па руках дагэтуль. Руслан Верамей цікавіцца: няўжо дзяржава хоча паставіць на ўлік кожны такі «грошык»?

Патэнцыйны прадмет незаконных валютных апэрацыяў

Патэнцыйны прадмет незаконных валютных апэрацыяў

«Калекцыянэр знаходзіць манэту, яна трапляе ў калекцыю. Часам здараецца так, што лепшыя экзэмпляры замяняюць горшыя, якія застаюцца як абменны фонд. Гэты фонд увесь час папаўняецца, каб можна было потым альбо памяняць, альбо прадаць і купіць тое, чаго няма ў калекцыі. Цяпер выходзіць, што я абсалютна кожную манэту павінен прынесьці, зарэгістраваць і яшчэ прыкласьці два здымкі. Дзеля чаго? Вось, напрыклад, у мяне ёсьць жменя барацінак — дык што, кожную рэгістраваць асобна? Любы калекцыянэр скажа, што барацінак у нас вельмі шмат. І калі прынесьці толькі барацінкі, іх будуць рэгістраваць бліжэйшыя 2–3 гады. Пры гэтым уводзяць канкрэтныя абмежаваньні — „здацца“ да 1 студзеня 2017-га. Прычым ад моманту публікацыі ўказ набывае сілу праз тры месяцы, гэта значыць — толькі ў сакавіку давядуць нейкія нормы і працэдуру рэгістрацыі. І калі раптам калекцыянэры ламануцца, яны хоць уяўляюць аб’ём працы, які хочуць узваліць сабе на плечы?»

Фармальна рэгістрацыя калекцыяў у яшчэ нават ня створаных камісіях пры выканкамах павінна быць бясплатнай. Але пры гэтым кожны рэгістрацыйны экзэмпляр павінен суправаджацца двума фотаздымкамі. Руслан Верамей робіць просты разьлік: мінімальны памер фатаграфіі ў студыях — 9×13 сантымэтраў, адпаведна, 3–4 тысячы рублёў за кожную. Калі дэкляраваць ня самы вялікі збор у тысячу манэт, толькі на дубляваныя фоты трэба патраціць да 8 мільёнаў рублёў. І ўвогуле, перакананы суразмоўца, патрабаваць папяровыя зьвесткі ў век высокіх тэхналёгіяў — абсурд само па сабе:

Россып медных шэлегаў-барацінак

Россып медных шэлегаў-барацінак

«Чаму я, чалавек, які 20 гадоў зьбірае калекцыю, які абсалютна легальна набывае манэты на адкрытых інтэрнэт-пляцоўках, у антыкварных крамах ці на нумізматычных сходах, павінен за свае грошы друкаваць фотаздымкі, некаму аддаваць сваю манэту, каб нешта без мяне зь ёй рабілі? Дзе, уласна кажучы, гарантыі таго, што яе потым вернуць? Я ўжо не кажу, што кожная манэта становіцца ў вялізную суму: нават калі тысяча манэт ды па два здымкі — гэта ўжо 2 тысячы. Дык мне месяц давядзецца працаваць толькі на тое, каб ім фоткі паказаць! Прыкідачна 6–8 мільёнаў рублёў! Праўда, паглядзеў, што калі замаўляць оптам, то будзе зьніжка на 2–2,5 мільёна. Тады, канечне, эканомія — ня 8 мільёнаў, а „ўсяго“ пад 6 мільёнаў. Тым ня менш гэта мае грошы, чаму я павінен іх плаціць розным фотастудыям, каб атрымаць нейкі дакумэнт — на тое, што гэтая манэта ёсьць мая?».

Як працягвае Руслан Верамей, усьлед за тэхнічнай рэгістрацыяй паўстае наступнае пытаньне — захаваньне. У выпадку, калі экспэрты вырашаць, што нейкі экзэмпляр у калекцыі ўяўляе гісторыка-культурную каштоўнасьць, трымаць яго ў кватэры, не абсталяванай сродкамі аховы, будзе забаронена:


«Я просты калекцыянэр і, шчыра кажучы, у закон нават не паглыбляўся, пакуль гэта не закранула мяне наўпрост... Пасьля таго як правядуць экспэртызу, якой-небудзь манэце могуць прысвоіць статус гістарычнай каштоўнасьці. Прыкладам, ёсьць у мяне цудоўныя соліды Стэфана Баторыя, орты. То бок прысвояць статус каштоўнасьці, а потым выставяць прэтэнзіі: маўляў, няправільна захоўваеш гістарычную спадчыну. Гэта азначае, што могуць ад мяне патрабаваць ахову, сэйф, краты на вокнах (нібыта хтосьці прыпаўзе на вышыню дому). А потым прыйдуць з праверкай і скажуць: ня так захоўваеш гістарычную спадчыну. Прыцягнуць да адказнасьці па дзейным заканадаўстве, упаяюць штраф 10 базавых, а можа, нават канфіскуюць ці прымусяць здаць знаходкі на адказнае захаваньне ў музэй або міліцыю. Прабачце, калі ласка: я гэтыя манэты купіў за свае грошы, і калі вы лічыце іх гістарычнай спадчынай, стварыце пэўныя ўмовы».

Зь «мікалаеўскай» сэрыі

Зь «мікалаеўскай» сэрыі

Руслан Верамей канстатуе: хоць калекцыянэры не асабліва гараць жаданьнем дзяліцца сваімі здабыткамі, але дзеля агульнай справы гатовыя да супрацоўніцтва з музэйнымі ўстановамі. Самае простае — ладзіць супольныя экспазыцыі з прыватных і дзяржаўных збораў. Як лічыць суразмоўца, замест таго каб выштурхоўваць зьбіральнікаў з агульнай прасторы, нашмат больш плённым было б далучаць іх да калектыўнай справы:

«Давайце калектыўна арганізоўваць выставы, давайце фармаваць музэйныя экспазыцыі. Калекцыянэраў хапае, кожны зацікаўлены ў тым, каб справа папулярызавалася. Каб манэты не хаваліся па хатніх калекцыях, а дэманстраваліся публічна. Чамусьці ў музэях экспазыцыі з году ў год адны і тыя ж: набываеш квіток, прыходзіш у музэй і бачыш роўна тое, што і год таму. Гэта такая музэйная дзейнасьць? І пры гэтым хочуць усё адабраць. Я так ня згодны. Кожная манэтка мае сваю гісторыю здабычы — адну купіў, другую падарылі. Дарэчы, маім сябрам проста, бо яны ведаюць, што на любую нагоду можна падарыць манэту. Ня трэба ламаць галаву: набыў манэту — і я ўжо задаволены. Часта яны, як едуць у замежныя падарожжы, атрымліваюць ад мяне ўказаньні прывезьці пэўныя манэты. Адпаведна, я іх выкупляю. Але, аказваецца, грубейшым чынам парушаю заканадаўства РБ, таму што не прадумана магчымасьць калекцыянаваньня манэтаў замежных краінаў, якія знаходзяцца ў абарачэньні. Нацбанк нібыта абяцаў унесьці папраўкі, каб палепшыць сытуацыю, але нешта бяруць мяне сумневы — хто ведае, што яны прыдумаюць? Можа, увядуць абмежавальную суму — скажам, манэты на 100 эўра. Дык манэты эўра ўсім сваім аб’ёмам займаюць значна большую суму. Значыць, калекцыю не прадасі».

200-гадовыя артэфакты

200-гадовыя артэфакты

Нават на фотаздымках знойдзеных скарбаў, якія ўпрыгожваюць кнігі паважаных археолягаў, бачна, як дрэнна захоўваецца медзь ва ўробленай глебе: значную частку палявых манэт ледзь пазнаеш. Іх па інэрцыі называюць «артэфактамі», але музэйная іх каштоўнасьць чыста ўмоўная. Тым ня меней, як кажа Руслан Верамей, у людзей адбіваюць ахвоту падабраць нават тое, што «тырчыць» зь зямлі. Пры гэтым улады гатовыя ўтрымліваць разьдзьмуты штат кантралёраў, якія будуць сачыць за выкананьнем закону:

«Зусім не зразумелы падыход дзяржавы да спадчыны. Выдумляюць хітрыя працэдуры, ствараюць нейкія камісіі, прымушаюць людзей плаціць вялізныя грошы. Дазвольце запытаць: навошта? У нас што, бюджэт беспамерны? Зьявіліся лішнія мільярды, каб пусьціць на камісіі, пачынаючы ад пасялковых і заканчваючы гарадзкімі? Па-мойму, мы не настолькі багатыя, каб пачынаць такія рэчы. І яшчэ: чаму за мяжой музэі займаюцца ацэнкай, выдаюць дакумэнты, то бок — разьбіраюцца са знаходкай, а ў нас сыстэма пабудаваная так, што музэйнікі — гэта манэкены, якія стаяць па экспазыцыях і расказваюць, што там на вітрыне ці стэляжы? Прынцыпова няправільна. У нас любяць казаць: пераймаем замежны досьвед. А чаму пераймаеце яго кавалкамі? Тыя кавалкі, якія вам выгадныя, пераймаеце, астатнія ігнаруеце. Замежны досьвед — гэта комплекс, усё павінна быць агулам. А калі бярэш толькі часткамі, то ніякі гэта ня досьвед. У іх усё пралічана, прадумана, яны гэта адточвалі гадамі. У нас жа ўсё ставіцца пад пагрозу, бо калі мяне прымушаюць рэгістравацца на агучаных умовах, то я адмаўляюся. Згодна з заканадаўствам ніхто ня можа навязаць мне дадатковыя паслугі. А чаму гэта адбываецца на ўзроўні ўказу? На тую ж рэгістрацыю я павінен патраціць вялізныя грошы, хоць фармальна — нібыта бясплатна. Ну, гэта ж абсалютна несур’ёзны падыход».

Ці не заваліцца манэтная піраміда?

Ці не заваліцца манэтная піраміда?

Паўстае лягічнае пытаньне: чым кіраваліся распрацоўнікі закону, нормы якога праблематычна выканаць нават тэхнічна? Навошта такая пасьпешлівасьць з рэгістрацыяй калекцыяў ды абяцаньнем бязьлітасна караць вінаватых?

Руслан Верамей

Руслан Верамей

Руслан Верамей лічыць, што падставай для зьяўленьня ўказу № 485 стала абвяшчэньне вайны так званым «чорным капальнікам». Але, удакладняе ён, іх дзейнасьць і без таго была пад забаронай. Таму яшчэ адна папера, нават з саліднай назвай «Указ Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь», праблему наўрад ці вырашыць:

«Тыя, хто таемна курганы капаў, яны будуць гэта рабіць і надалей. А пад раздачу трапяць менавіта аматары прыборнага пошуку — штрафы, канфіскацыі», — за тое, працягвае Руслан, што зь невядомага поля, якое наўрад ці калі-небудзь будзе наведана археолягамі і якое не адну сотню разоў пераворвалі, зьмясіўшы на кісель усе культурныя і гістарычныя пласты, якое хіміяй заліваюць так, што медзякі зьядаюцца да непазнавальнасьці, аматар прыборнага пошуку прынясе пару-тройку манэт, якія цудам выжылі ў гэтай няроўнай барацьбе:

Набліжацца да калекцыі дазволена толькі кату

Набліжацца да калекцыі дазволена толькі кату

«Ёсьць такое адчуваньне, што некаторыя заканатворцы спэцыялізуюцца ў пэўнай галіне. Хтосьці мае гістарычную адукацыю — значыць, выступае ініцыятарам законапраектаў, якія тычацца гістарычнай спадчыны — як сэнатар Марзалюк. Відаць, хацеў зрабіць добрую справу — абараніць нашу спадчыну ад розных вандалаў. Але калі ўважліва паглядзець, яго больш за ўсё чапляла тое, што чорныя капальнікі ходзяць, раскопваюць курганы ды гарадзішчы. Пры ўсім гэтым ён абсалютна дакладна сьцьвярджае: верхні пласт зямлі не нясе ніякага культурна-гістарычнага значэньня, таму што там усё даўным-даўно перамяшана. Ці азначае гэта, што можна шукаць? Не, як кажуць, „жаба душыць“. Змагаліся супраць адных, а пад раздачу трапілі абсалютна ўсе. Адпаведна, і адказнасьць падзялілі на ўсіх. Ёсьць такая штука. З аднаго боку, не злавілі цябе на полі — значыць, ты не капальнік. Зь іншага боку, адкуль у цябе дома такія знаходкі? Альбо сам цішком капаеш, альбо скупляеш тое, што нехта для цябе выкапаў. Можна нават тэрміналёгію ўводзіць — „манэтадылер“. Ходзіць, здабывае манэты і табе за грошыкі перадае ў падваротні. Так што хацелі зрабіць як лепей, хацелі абараніць тое, што ёсьць, а пры гэтым атрымалася нешта недарэчнае. Таму што трэба было акуратна ўсё прадумаць».

Суразмоўца лічыць няправільным, калі ўсіх намагаюцца падраўняць пад адзін грабянец. Сапраўды, ёсьць парушальнікі, якія ігнаруюць усе законы: на засеяных палетках ці сенажацях пасьля сябе пакідаюць цэлыя катлаваны. Ёсьць злодзеі, што капаюць курганы, месцы баявых дзеяньняў і нават вайсковыя і цывільныя могілкі. Гэта, на погляд Руслана Верамея, і ёсьць чорныя капальнікі. Але, працягвае ён, існуе цалкам бяскрыўднае хобі — хадзіць з мэталадэтэктарам па ворыве ды старых дарогах і шукаць згубленыя ці прыхаваныя рэчы. Гэтая розьніца практычна ніяк ня ўлічваецца, і караць капальнікаў прапануецца агулам.

У тэчках — асабліва каштоўныя экзэмпляры

У тэчках — асабліва каштоўныя экзэмпляры

Між тым, кажа спадар Верамей, разьвязваць праблему можна было зусім інакш, паспрабаваўшы выкарыстаць «капальнікаў» у якасьці... саюзьнікаў. То бок даць на падмогу афіцыйным археолягам разьведчыкаў-добраахвотнікаў. Не забараняць ды штрафаваць, а супрацоўнічаць:

«Таварыш Марзалюк ды іншыя афіцыйныя асобы кажуць, што археолягаў на ўсю Беларусь — паўсотні чалавек, плюс-мінус. Атрымліваецца, што ўсе цікавыя для іх тэрыторыі яны пасьпеюць дасьледаваць хіба што да 2500-х гадоў, а можа і пазьней. Гэта абсалютна несур’ёзна. Пры гэтым ёсьць аматары прыборнага пошуку. Яны ходзяць па ўзараных палях, шукаюць знаходкі ў тым пласьце, які фактычна не цікавіць археолягаў, таму што там сапраўды ўсё перамяшана сельскагаспадарчымі працамі. Давайце паступім лягічна: возьмем і зробім з гэтых капальнікаў разьведчыкаў. І ў нас будзе не 50 археолягаў на ўсю Беларусь, а будзе 10 тысяч выведнікаў. Выдадзім ім дакумэнты, распрацуем правілы, дзе можна хадзіць і дзе нельга, хай людзі штудзіруюць усё, кожны лапік беларускай зямлі — калі дазволена капаць, калі не засеяна і г.д. А потым інфармацыю паведамляюць археолягам — вось у такім і такім месцы я знайшоў такія і такія манэты. І хай тады археолягі заплянуюць экспэдыцыю, калі іх гэта зацікавіць, хай здымуць верхні пласт, правядуць шурфы, раскопы і знойдуць тое, што схавана. Гэта ж выдатная ідэя!».

Артэфакты Вялікага Княства Літоўскага

Артэфакты Вялікага Княства Літоўскага

З такога супрацоўніцтва, перакананы Руслан Верамей, сродкаў у казну можна атрымаць непараўнальна больш, чым ад спробы «раскулачыць» калекцыянэраў:

«Бясспрэчна. Вось яны думаюць, што ўсе па сыгнале павалакуць калекцыі. А я не павалаку, нават не зьбіраюся! Хоць бы таму, што мне за гэта ніхто не заплаціць. Кажуць — усё бясплатна, а насамрэч гэта выліваецца ў месячны заробак. Гэта сур’ёзна? Зусім несур’ёзна. Ну вось і як у такой сытуацыі паступаць? Яны нічога мяняць ня хочуць.

Я, калі ацэньваю наступствы, таксама катэгарычны: ды прабачце, мне прасьцей гэтую самую калекцыю ўзяць і закапаць на якім-небудзь полі для нашчадкаў. Ды глыбей, каб ніхто з „рэгістратараў“ не знайшоў.

Таму што яны прыдумалі сыстэму, якая не запрацуе і якая фактычна ўжо цяпер ставіць мяне па-за межы закону. Я ніколі закон не парушаў, я дарогу не пераходжу ў забароненым месцы ці на чырвоны сыгнал сьвятлафора. А цяпер абсалютна нечакана яны выпускаюць закон, па якім я станаўлюся ледзь ня ворагам народу. Дык што, гэта правільна? Гэта практычна падрыхтоўка да раскулачваньня: спачатку вы скажыце, што ў вас ёсьць, а потым мы скажам, што вы парушаеце правілы захоўваньня, і гэта ўсё ў вас рэквізуем. Дзе гарантыя, што гэтак не адбудзецца? Такой гарантыі няма».

Солід часоў Баторыя

Солід часоў Баторыя

Апроч таго, паводле суразмоўцы, сучасныя тэхналёгіі дазваляюць вырашыць пытаньне рэгістрацыі калекцыяў без абавязковых паходаў у выканкамаўскія структуры ды выстойваньня ў чэргах — нагадаем, што паставіць на ўлік усіх зьбіральнікаў трэба за абмежаваны час:

«Мы жывём у ХХІ стагодзьдзі. Ды вазьміце вы замест папяровых каталёгаў зрабіце электронныя. Сфармуйце базу дадзеных, каб я залез на сайт „Гістарычная спадчына.бай“, загрузіў у адмысловае акенца два фотаздымкі, пазначыў намінал і адправіў інфармацыю. Ім што, абавязкова хочацца памацаць гэтую манэту? Мне таксама хочацца памацаць, але я нікому не дазваляю. Акрамя, можа, майго ката, які ігнаруе ўсе правілы і можа на калекцыі проста ўлегчыся спаць.

Калі так падумаць, закон выйшаў сыры, ён шмат акалічнасьцяў не ўлічыў. Ведаючы, як у нас усё адбываецца, — спачатку пакараюць некалькі чалавек, потым зразумеюць, што нешта тут недарэчна, і тады пачнуць думаць наконт паправак. Дык, можа, спачатку лепей падумаць, а ўжо потым закон уводзіць? Прынамсі, разумней. Альбо цалкам пераняць замежную практыку. Нават датычна, як яны называюць, чорнага капальніцтва. Так, той, хто курганы раскопвае, паселішчы — гэта сапраўды чорны капальнік. Але яны парушаюць дзейныя законы. Законы ўжо прапісаныя, яны гэта забаранялі і працягваюць забараняць цяпер. Тым ня менш уводзяць новы ўказ — нібыта адна паперка будзе лепшая за тыя нормы, якія працавалі ці не працавалі апошнія два дзясяткі гадоў. Проста падыходзілі б да ўсяго гэтага разумна».

Вынік легкадумнага абыходжаньня з манэтамі

Вынік легкадумнага абыходжаньня з манэтамі

У любым выпадку Руслан Верамей раіць калегам па агульным інтарэсе зьвяртаць больш пільную ўвагу на дробязі, якія неўзабаве могуць выліцца ў вялікія непрыемнасьці:

«На фоне таго, што да гэтага часу дзейнічаюць старыя законы аб захаваньні прадметаў гісторыка-культурнай спадчыны, за нядбайнае захаваньне, за страту, за зьнішчэньне, за нанесеную шкоду такім прадметам прадугледжана адказнасьць. І калі абсалютна нечакана якая-небудзь з гэтых манэтак стане гістарычнай каштоўнасьцю і, крый божа, проста па глупстве я знайду лепшую, памяняю яе ў калекцыі і забудуся пра гэта (а раптам яшчэ адпраўлю на сьметнік), то я аўтаматычна станаўлюся парушальнікам закону. Мяне ўжо можна будзе сьмела штрафаваць, а ўсю калекцыю „ізымаць“. Ну гэта ж несур’ёзна, так нельга рабіць...»

Што за гарызонтам манэтнай рэвалюцыі?

Што за гарызонтам манэтнай рэвалюцыі?

Як лічыць калекцыянэр Руслан Верамей, яшчэ нейкі дзясятак гадоў такой інтэнсіўнай гаспадаркі, як цяпер, і на беларускіх палях практычна нічога не застанецца. «Ці мо хтосьці думае, што тыя манэты на палях цэлымі гаршкамі ды куфрамі ляжаць? — задае ён рытарычнае пытаньне. У такой сытуацыі ўладам лепш было б паклапаціцца пра тое, каб сваімі радыкальнымі захадамі, замест «замарожваньня» каштоўнасьцяў у музэйных рэгістрах, не справакаваць іх масавы адток за межы краіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG