Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Археоляг пра чорных капальнікаў і шэрых калекцыянэраў: сыход у цень — ваш выбар, але тады будзьце гатовыя, што да вас пагрукаюцца


Археоляг Максім Чарняўскі

Археоляг Максім Чарняўскі

Ад панядзелка 14 сакавіка набудзе моц прэзыдэнцкі ўказ № 485, накіраваны ўпарадкаваць дзейнасьць у археалягічнай галіне і ўдасканаліць мэтады аховы гістарычных аб’ектаў і артэфактаў.

Дакумэнт задоўга да ўступленьня ў сілу выклікаў бурную рэакцыю сярод пошукаўцаў-аматараў і калекцыянэраў, незарэгістраваная дзейнасьць якіх аўтаматычна падпадае пад адміністрацыйную і нават крымінальную адказнасьць.

У якой ступені новы закон паспрыяе вырашэньню праблемы несанкцыянаванага «пераворваньня» гістарычных нетраў? Якая доля зьбіральнікаў артэфактаў выканае свае пагрозы і сыдзе ў цень разам са сваімі скарбамі? Нарэшце, пры якіх умовах аматары-капальнікі ды калекцыянэры могуць стаць саюзьнікамі археолягаў і музэйных работнікаў?

Пра гэтыя ды іншыя моманты Свабода пагутарыла са старшым навуковым супрацоўнікам аддзелу археалёгіі першабытнага грамадзтва Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Максімам Чарняўскім:

— Ёсьць канечная, абмежаваная колькасьць археалягічных артэфактаў, якія ляжаць у нашай зямлі. Цяпер гэта падаецца як гіганцкая лічба, але, зразумела, яна ўвесь час зьмяншаецца і зьмяншаецца. Не кажу толькі пра тых аматараў даўніны — нават археалягічныя дасьледаваньні зьмяншаюць іх колькасьць. Я ўжо пісаў у сваім артыкуле, што вельмі важна фіксаваць умовы выяўленьня той ці іншай знаходкі. І ў гэтым якраз сутнасьць нашых рознагалосьсяў з — о’кей, будзем назваць іх паліткарэктна — аматарамі прыборнага пошуку. Што ёсьць археалягічны артэфакт, які знаходзіцца ў зямлі, у чым яго каштоўнасьць? Розьніца ўжо ў самім падыходзе да таго, як ён павінен быць здабыты. Калі браць тую колькасьць людзей, якую мы лічым найбольш актыўнай сярод «здабытчыкаў», то артэфакт найперш дзеля таго, каб, умоўна кажучы, адбіць кошт апарата. Адмыслова рабіў прынтскрыны з дыскусіяў на гэтую тэму ў інтэрнэце: асноўнае — цана пытаньня.

Пачытаў у адной з публікацыяў па калекцыянэрах, дзе чалавек кажа: лепш манэта будзе ляжаць у музэі, чым згніе ў зямлі. Я груба цытую, але гэта сьведчыць, што артэфакт аматарамі ўспрымаецца як абгортка, як тое, што нясе выключна дэманстрацыйную функцыю — для захаваньня ў калекцыі або для ляжаньня ў музэі. У навукоўца ж артэфакт павінен гаварыць, павінен даць пэўную інфармацыю. І ад таго, як ён быў здабыты зь зямлі, залежыць наступнае — здолее ён сказаць шмат ці здолее сказаць мінімальна? У гэтым наша другое разыходжаньне з аматарамі прыборнага пошуку.

Перабіраючы здымкі мясьцінаў, дзе пабывалі капальнікі

Перабіраючы здымкі мясьцінаў, дзе пабывалі капальнікі


— Аматары пошуку прапануюць розныя варыянты супрацоўніцтва, выказваючы абазнанасьць, што археолягаў у Беларусі мала фізычна і пры любым раскладзе ўсё дасьледаваць нерэальна. Ды яшчэ пры цяперашнім «астаткавым» фінансаваньні...

— У прынцыпе, ёсьць два моманты адносна таго, што археолягаў мала фізычна. Пачну з таго, што ў нас вельмі вялікі спадзеў на гэты ўказ ужо таму, што ў дакумэнце прагавораны неабходныя зьмены ў адміністрацыйным і крымінальным заканадаўстве. Бо ўсе тыя забароны, якія так узварушылі аматарскую супольнасьць, на самой справе існавалі даўно. Хай паглядзяць пастанову Савету міністраў № 655, якая яшчэ ад 2012 году цалкам забараняе выкарыстаньне на помніках і аб’ектах археалёгіі мэталадэтэктараў і іншых тэхнічных сродкаў.

Але не былі акрэсьленыя карныя захады. То бок не было прапісана, што рабіць міліцыі з чалавекам, якога яны зловяць за працай з такім апаратам: ці пальцам паківаць, ці сказаць «нельга», ці ў турму пасадзіць. Не было нічога. Таму іх папросту не чапалі. Цяпер яны актывізаваліся, бо ва ўказе дакладна напісана: пакараньне павінна быць. Асабіста я вельмі ўсьцешаны, калі такі мэханізм зьявіцца, бо ён будзе працаваць у два бакі. Што я маю на ўвазе пад гэтым? Так, нямала дрэннага для нашай спадчыны робяць аматары прыборнага пошуку, але столькі ж шкоды прыносяць і юрыдычныя асобы. Дзяржаўныя, прыватныя, сумесныя прадпрыемствы надзвычай шмат зьнішчаюць падчас гаспадарчых працаў, і да гэтага часу ўсім было да лямпачкі...


— Відаць, у гаспадарнікаў фінансаваньне на гэтыя мэты не прадугледжана, таму і ідуць напралом...

— Але тая ж пастанова Саўміну № 655 патрабуе захадаў па абароне археалягічных аб’ектаў. І адсутнасьць фінансаваньня ў гэтым выпадку — не апраўданьне. Дзеля справядлівасьці, трапляюцца і сьвядомыя кіраўнікі — дарэчы, адрозьненьні бачныя нават па абласьцях. Калі падчас газыфікацыі, будаўніцтва дарог з адных рэгіёнаў увесь час зьвяртаюцца па экспэртызу ў Інстытут гісторыі ці да мясцовых археолягаў, то зь іншых на сувязь выходзяць вельмі рэдка. Ты толькі прыяжджаеш і канстатуеш факт: праз стаянкі, праз курганныя могільнікі прапушчаныя дарогі, газ і г.д.

І калі зараз, умоўна кажучы, «карныя моманты» будуць упісаныя ў заканадаўства, юрыдычныя асобы таксама будуць прымушаныя кашальком і асабістай адказнасьцю дзейнічаць згодна з заканадаўствам. Адпаведна, у Інстытуту гісторыі і ў археолягаў зьявяцца большыя грошы, бо тое, што дзяржава выдаткоўвае на археалёгію — гэта сапраўды можна лічыць самым мінімумам. Адпаведна, калі зьявіцца фінансаваньне, удасканаліцца і тэхналягічная база, і павялічыцца колькасьць спэцыялістаў-практыкаў, у тым ліку і ў рэгіёнах.

— Дык, вяртаючыся да пытаньня, — ці магчыма пры нейкіх умовах выступіць у «спайцы» з аматарамі-капальнікамі?

— Так, я акрэсьліў толькі першы момант у сувязі з тым, што мала археолягаў. Другі момант, што тычыцца супрацоўніцтва... Разумееце, таўклася вада ў ступе гадоў, напэўна, дзесяць, калі ня болей — як пачаліся захады на ўнармаваньне карыстаньня мэталашукальнікамі. І наконт супрацоўніцтва, і ўсяго астатняга. Я згодны, што вялікая колькасьць людзей на месцах, карэнных жыхароў таго ці іншага рэгіёну, напэўна, лепш за нас ведаюць сваю мясцовасьць, маюць час апэратыўна некуды выскачыць; ім ня трэба плаціць грошы, каб туды даехаць з цэнтру. Яны сапраўды могуць прынесьці карысьць.

У гэтым сэнсе мне падабаецца тая ж брытанская сыстэма ўпарадкаваньня, дзе ёсьць ліцэнзаваньне на дзейнасьць, ёсьць вызначаныя тэрыторыі, на якіх можна працаваць. Хай сабе крыва-коса, але яна там функцыянуе, хоць тамтэйшыя археолягі таксама наракаюць, бо ёсьць свае праблемы. Але такі момант: з кім, уласна кажучы, размаўляць? Сёньня з такой прапановай выходзіць, скажам, Аляксандар, заўтра — Сяргей, пасьлязаўтра — Пятро, яшчэ праз тры дні — Юрась. Прычым кожны кажа, што ён таго ня ведае і тое, пра што вы зь ім дамаўляліся, яго не хвалюе. Давайце размаўляць з чыстага аркуша, маўляў, гэта не мае, а іхныя пражэкты. Прабачце — так не бывае...

Канвэерная мэтодыка чорных капальнікаў на курганах — хуценька вырыць яму да нябожчыка і абабраць яго з мэталашукальнікам. Курганны могільнік Навасёлкі пад Мядзелем такім спосабам зьнішчаны амаль цалкам.

Канвэерная мэтодыка чорных капальнікаў на курганах — хуценька вырыць яму да нябожчыка і абабраць яго з мэталашукальнікам. Курганны могільнік Навасёлкі пад Мядзелем такім спосабам зьнішчаны амаль цалкам.


— То бок для гіпатэтычных перамоваў патрэбны, прынамсі, «прафсаюз капальнікаў і калекцыянэраў»?

— Ды які прафсаюз? Павінна быць хоць бы адна асоба, якая нясе адказнасьць. Дзе тая арганізацыя, якую яны ўжо колькі гадоў спрабуюць стварыць? У артыкуле на Свабодзе «Калекцыянэр? А можа зламысьнік?» імі падаюцца варыянты, сярод якіх — «заснаваць грамадзкую арганізацыю, якая б аб’ядноўвала аматараў пошуку з мэталадэтэктарам». Добра, а хто павінен гэтым займацца? Можа, яшчэ скажаце, што мы? Нават калі мы створым, то зноў пачнецца гвалт — «рабілі пад сябе». Аб’яднаньне ў арганізацыю — гэта іх праблемы, іх адказнасьць.

Мы пра гэта казалі, і гэта было першае патрабаваньне на ўсіх круглых сталах — пакажыце, з кім гаварыць, канкрэтна. Калі ня будзе, то мы і размаўляць не зьбіраемся. Таму што зноў пачнецца: мяне там не было, я пра гэта не дамаўляўся. Гэта першы важны момант.

Другі момант — момант даверу. На жаль, давер амаль зьнік. Хай сабе, дапусьцім, у будучым мяняецца, удасканальваецца заканадаўства, даецца дазвол на працу на сельскагаспадарчых тэрыторыях, якія разворваюцца, зьяўляецца магчымасьць працаваць з мэталадэтэктарам. Але адкуль я магу быць пэўны, што чалавек, знайшоўшы ўнікальную знаходку, ня здасьць мне гару нейкага лому, а сапраўдныя скарбы не прысабечыць? Бо на дадзены момант такія сытуацыі ў нас ідуць налева-направа (як было, напрыклад, з пастановачным выездам на «паляваньне» з журналістамі Onliner’а). Я ж не магу кожны дзень іхняй працы на полі завяршаць асабістым ператрусам...

— То бок кантакту з апанэнтамі ня будзе і быць ня можа ў прынцыпе?

— Справа ў тым, што ў нейкай ступені мы зь імі і так падтрымліваем кантакт. Насамрэч у кожнага з нас па сваёй тэрыторыі, на якой мы стала вядзём дасьледаваньні, ёсьць асобы, якія займаюцца, як я называю гэта — «прасунутым краязнаўствам». То бок ёсьць чорныя капальнікі, якія працуюць выключна на прыбытак, а ёсьць тыя, каго напраўду цікавіць гісторыя і яны хочуць у вольны час да гэтага прыкласьці руку. Але чамусьці менавіта гэтыя людзі, зь якімі мы кантактуем, не шумяць зараз у інтэрнэце. Яны проста з намі працуюць, далучаюцца да нас падчас выездаў — дарэчы, гэта таксама прапісана ў заканадаўстве, у згаданым указе.

Калі ласка: маеце жаданьне ўзяць удзел у археалягічных экспэдыцыях, хочаце паўдзельнічаць у дасьледаваньні нашай мінуўшчыны — далучайцеся. Кожны год арганізуюцца дзясяткі экспэдыцыяў! А вось ажыятажу ахвотнікаў (сярод цяперашніх аматараў апаратнага пошуку) не назіраецца. Мабыць, таму, што ў нас пэўныя патрабаваньні да выкарыстаньня мэталадэтэктараў, а ў 90% выпадкаў мы працуем увогуле бязь іх.

— Дарэчы, цяпер ахвотніку запісацца ў экспэдыцыю трэба будзе стаць на афіцыйны ўлік?

— Калі захоча далучыцца да экспэдыцыі? Шчыра кажучы, сам дагэтуль не зусім абазнаны, бо ёсьць пытаньні да ўказу наконт ягоных фармулёвак. А завершанага выгляду дадатковых палажэньняў яшчэ ня бачыў. Так, фраза, што трымальнік «адкрытага ліста» можа заключаць дамовы, пагадненьні зь людзьмі. Наконт гэтай тэрміналёгіі «можа» трэба пракансультавацца зь юрыстамі, таму што нам таксама гэта спутвае рукі-ногі. Не сакрэт, што мы працуем у асноўным з дапамогай валянтэраў, бо вялікія раскопы без добраахвотнікаў проста немагчымыя. І калі юрысты скажуць, што абавязкова заключаць дамову з кожным валянтэрам, то проста будзе лішняя папяровая валакіта. Ну, але, як кажуць, dura lex, sed lex. Трэба — будзем выконваць. Пачнём загадзя рыхтаваць сьпісы валянтэраў, якія захочуць прыехаць да нас на раскопы.

Калі вярнуцца да пытаньня супрацы з аматарамі прыборнага пошуку, дык існуюць розныя варыянты: скажам, ёсьць раскопы археалягічных помнікаў — гарадзішчаў, замчышчаў, стаянак. А гіпатэтычна калі ўявіць, то будзе вялікая карысьць на так званых выратавальных дасьледаваньнях. Напрыклад, ёсьць вялікая, працяглая траса будучай дарогі, якую трэба дасьледаваць. Умоўна кажучы, чым больш людзей там будзе працаваць, тым менш мы прапусьцім археалягічных помнікаў ці артэфактаў.

Працоўнае месца прафэсійнага археоляга

Працоўнае месца прафэсійнага археоляга



— Некаторыя вашы калегі прыкідачна ацэньваюць, што цяпер на руках у беларусаў блізу 200 тысяч мэталашукальнікаў...

— Лёгка можа быць...

— Аўтаматычна ўсе іх уладальнікі становяцца па-за законам? Ці ўсё ж гаворка пра градацыю дазволаў, рэгістрацыяў...

— Скажам так — як з рыбацкай сеткай. То бок можаш яе трымаць дома, але ня можаш безь ліцэнзіі пайсьці зь ёй лавіць рыбу. Так і тут: можаш мець мэталашукальнік, але безь ліцэнзіі (без «адкрытага ліста») ня можаш зь ім шукаць археалягічныя артэфакты. Альбо — ня ў складзе афіцыйнай археалягічнай экспэдыцыі. У складзе экспэдыцыі — калі ласка. Разумееце, вось гэтыя фразы кшталту — мы ня тыя чорныя копары, якія капаюць курганы і гарадзішчы... Выбачайце, курганы і гарадзішчы — гэта толькі два тыпы археалягічных помнікаў. Ёсьць яшчэ селішчы, стаянкі, часовыя вайсковыя станы-лягеры, грунтовыя могільнікі. Апошнія, дарэчы, на паверхні ніяк не выдзяляюцца — проста поле, аранае ці не аранае.

Цяпер папулярны «спорт», а справядліва кажучы — папулярны бізнэс у паўночна-заходняй Беларусі, у прыватнасьці на Ашмяншчыне, — нелегальныя раскопы балцкіх грунтовых пахаваньняў. Яны якраз неглыбока заземленыя — на 30–40 сантымэтраў: ідуць масіўныя медныя ўпрыгожаньні, ланцужкі, зброя. Дык вось Ашмяншчына цяпер уся перарытая. Можаце ў выходны праехаць па трасе і ўбачыце міні-калёны ў 2–3 пазадарожнікі, у якіх з багажнікаў тырчаць мэталашукальнікі — людзі едуць на «набітыя» тэрыторыі. Вяртаючыся да «мы не такія, мы не рабуем»... Ведаеце, гэта параўнаньне прыблізна як паміж сэрыйным прафэсійным дамушнікам і зьбяднелым дзядзькам, які сьцягнуў з крамы шакалядку. І той, і другі перад законам аднолькавыя — яны крадуць. Нават калі ты выйшаў у поле і пачаў працаваць з «мэталюшнікам», думаючы, што тут нічога няма, усё адно робіш злачынства. Бо толькі археоляг можа сказаць, што ў гэтым канкрэтным месцы сапраўды нічога няма — ні селішчаў, ні могільнікаў, нічога.

— Цяпер што тычыцца калекцыянэраў артэфактаў. Некаторыя папярэджваюць: каб не рэгістравацца, пачнуць вывозіць свае калекцыі за межы краіны. Аргумэнтацыя такая: як прызнаюць каштоўнасьцю, то або паставяць на ўлік, або забяруць.

— Трэба ўважліва чытаць сам указ. Паказальны быў артыкул пра калекцыянэра, які абураўся, што забароняць мену, продаж і г.д. Будзе рэестар. Як ён будзе зроблены — пытаньне іншае, таму што, згодны, ёсьць недапрацоўкі і па тэрмінах, і па нумізматычных калекцыях. Выкажу прыватную думку, не як прадстаўнік інстытуту. Не выключаю, што гэта будзе як пункт амністыі. То бок легалізацыя таго, што ёсьць на руках на дадзены момант. На самой справе быў бы найпрасьцейшы варыянт.

Або вы думаеце, нам патрэбная ўся тая валакіта з двума фатаздымкамі на кожны артэфакт, зь бясплатнай працай у тых камісіях? Або хтосьці думае, што нам нехта будзе за гэта плаціць грошы? Або ў мяне куча часу, каб кінуць сваю працу, сядзець у камісіях і пералічваць іхнія манэткі? Проста гару жаданьнем бегаць да кожнага дадому, бо знаходка супэркаштоўная і ён нікому не давярае! Мне рабіць больш няма чаго? Ёсьць пытаньні з нумізматычнымі калекцыямі, і гэта цяпер абмяркоўваецца. Прынамсі, дапускаю, што з нумізматыкай будзе ня так катэгарычна, як падаецца. Паўтаруся, асабіста я гэта ўспрымаю як пункт амністыі. То бок усё, што да ўказу нарылі, накапалі, намянялі — зарэгістравалі ў рэестры і, калі ласка, валодайце, мяняйце, прадавайце адзін аднаму з пазначаным правам на першы выкуп музэямі. Гэта азначае выстаўленьне на адкрыты аўкцыён, і калі музэй хоча купіць, то купляе першы. Але толькі тое, што ўжо накапалі.

Месца пераправы Напалеона празь Бярэзіну. 20 см для чорных капальнікаў сёньня не такая і перашкода, калі ёсьць грошы, каб наняць экскаватар. Па сьвежых сьлядах іхняй працы...

Месца пераправы Напалеона празь Бярэзіну. 20 см для чорных капальнікаў сёньня не такая і перашкода, калі ёсьць грошы, каб наняць экскаватар. Па сьвежых сьлядах іхняй працы...



— Максім, мяркуючы па вашай пазыцыі, вы ставіце калекцыянэраў у адзін шэраг з капальнікамі, аматарамі прыборнага пошуку?

— Я ня ведаю, як будуць прагавораныя розныя нюансы, у прыватнасьці, паступленьні з-за мяжы, зь іншых замежных калекцыяў. Але, хлопцы, давайце быць шчырымі: калекцыянэры былі і ёсьць адным з важнейшых зьвёнаў чорнакапальніцкага руху. Гэта яны стваралі рынак, яны забясьпечвалі попыт. Ня трэба называць сябе сьвятымі, ратавальнікамі гісторыі і археалёгіі. Вы арганізавалі попыт на артэфакты і манэты. Калі ня самі, то іншыя людзі бралі мэталашукальнікі (а многія калекцыянэры і самі далучаліся), ішлі ў палі і капалі — каб задаволіць вашы апэтыты. Шантажуеце тым, што будзеце звозіць? Ну, гэта ваша справа, вам з гэтым жыць. Я перажыву — на дадзены момант вашы калекцыі і так страчаныя для навукі. Зарыеце іх глыбей у зямлю, прадасьцё ў Расею — гэта ваша сумленьне, і, зноў жа, вам з гэтым жыць.

Для мяне і археолягаў галоўнае, што ад моманту ўступленьня ў дзеяньне гэтага ўказу, ад моманту, калі зьявіцца нарэшце пакараньне за парушэньне закону, колькасьць аматараў халяўнага пошуку археалягічных артэфактаў зьменшыцца ў разы. Я разумею, што фізычна яны нікуды ня зьнікнуць. Скажам, у Кітаі за распаўсюд наркотыкаў прадугледжана сьмяротнае пакараньне — і штосьці я ня бачу, каб там вырашылася праблема наркаманіі. Бізнэс на антыкварыяце — адзін з самых прыбытковых ва ўсім сьвеце. І ён можа перайсьці ў падпольле, у крымінал. Але калі вы сапраўды калекцыянэр (скажам так, чысты калекцыянэр), то, калі яшчэ не легалізаваны, дык легалізуецеся і будзеце працаваць далей. Калі захочаце сысьці ў цень — гэта ваш выбар, але будзьце гатовыя, што да вас пагрукаюцца.

— Вы зьвярталі ўвагу, што капальнікі «ўзбудзіліся», калі рэальна адчулі небясьпеку для свайго бізнэсу. А чаму толькі цяпер «узбудзіліся» афіцыйныя органы? Чаму за вырашэньне праблемы не ўзяліся раней?

— Сапраўды, чаму так моцна актывізаваліся зараз, каб даціснуць гэтую сытуацыю... Адна з прычынаў у тым, што тэхніка не стаіць на месцы. Не сакрэт, што ў продаж паступаюць мэталашукальнікі, якія бяруць ужо да 1,5–2 мэтраў у глыбіню. Ня проста рамкі, якія інфармуюць, што дзесьці тут, вось у гэтым квадратным мэтры штосьці на глыбіні зьвініць, а нармальны мэталашукальнік кропкава паказвае: канкрэтна тут, такі і такі канкрэтны мэтал. Улічваючы, што 2 мэтры — гэта дастатковая глыбіня, каб прабіць нават некаторыя курганы (ня кажучы ўжо пра любое селішча, гарадзішча), то гэта канец усёй нашай гісторыі, пачынаючы ад жалезнага веку...

— А калі новымі тэхналёгіямі пачалі карыстацца масава? Не ў адзін жа момант 200 тысяч узброіліся сучаснымі прыборамі...

— Мэталашукальнікі актыўна пайшлі ад канца 1990-х. Масава — мабыць, апошнія гадоў 10, калі пачалася іх папулярызацыя. Я не аспрэчваю: гэта сапраўды хобі — як рыбалка, як паляваньне, як збор грыбоў. Калі цікава выйсьці і праверыць: а што там зьвініць? Злаўлю сёньня што-небудзь ці не злаўлю? І паступова гэта становіцца стылем жыцьця. У мяне ёсьць суседзі па доме, якія купілі мэталашукальнік і прыйшлі мне пахваліцца. Праўда, пабачыўшы маю рэакцыю, акуратненька адклалі і больш ім не карыстаюцца (ну, спадзяюся што не карыстаюцца). Бо не было нідзе інфармацыі, што гэта ня ёсьць добра. Крамы налева і направа распрадаюць мэталашукальнікі, а раз гандлююць — значыць, можна.

І праўда: калі зброяй карыстацца забаронена, то яе ў нас нідзе і не прадаюць. А тут мэталашукальнікамі гандлююць цалкам афіцыйна. Хочаш, напрыклад, танны, за 100 даляраў — хадзі па пляжы, вызвоньвай ланцужкі. Хочаш нешта круцейшае — заплаці 1,5–2 тысячы даляраў, будзе браць глыбей і дакладней. А можна нават узяць у арэнду — калі ласка, усё для чалавека. Маеш вялікія грошы — для цябе ёсьць больш дасканалая тэхніка: скажам, глыбінныя рамкі за 10 тысяч даляраў. Былі б грошы. Праблема ў тым, што шмат хто сярод аматараў прыборнага пошуку належыць або да бізнэсу, або да дзяржаўных установаў, уключна зь сілавымі, дзе неблагія заробкі. Якія, у сваю чаргу, дазваляюць набыць нятанныя, якасныя, сучасныя прыстасаваньні. Чаго, напрыклад, ня можа сабе дазволіць Інстытут гісторыі. І тут мы капітальна прайграем — і фізычным асобам, і асобам гаспадарчым, якія займаюцца будаваньнем розных аб’ектаў. Мы папросту прайграем барацьбу за нашу спадчыну, за гісторыю, за тое, каб яна нам пасьпела хоць нешта распавесьці...


Максім Чарняўскі нарадзіўся ў 1976 годзе. Скончыў гістарычны факультэт Белдзяржунівэрсытэту, асьпірантуру Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ад 2001 году працуе ў аддзеле археалёгіі першабытнага грамадзтва Інстытуту гісторыі. Дасьледуе старажытнасьці нэаліту — бронзавага веку Беларускага Паазер’я. Сын вядомага беларускага археоляга, грамадзкага дзеяча, дысыдэнта Міхася Чарняўскага.

Чытайце таксама: «Ня трэба ўсіх рабіць злачынцамі!». Адкрыты ліст аматараў-пашукавікоў аўтарам «антыкапальніцкага» ўказу № 485

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG