Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды беларусы золата хавалі і як яго шукалі?


Скарбы XVII стагодзьдзя трапляліся сялянам найчасьцей

Скарбы XVII стагодзьдзя трапляліся сялянам найчасьцей

Легенды і паданьні пра незвычайныя багацьці, схаваныя ў зямлі, вярэдзілі ўяўленьне беларусаў цягам многіх стагодзьдзяў. Мара пра знойдзены скарб, раптоўнае ўзбагачэньне, шчасьлівы шанец, які зьменіць жыцьцё да лепшага, спарадзіла такую зьяву, як скарбашукальніцтва. Пра тое, як беларусы ў даўнія часы скарбы шукалі, мы гутарым з гісторыкам і этнолягам, кандыдатам гістарычных навук Уладзімерам Лобачам.

Вячаслаў Ракіцкі: Археолягі і нумізматы сьцьвярджаюць, што беларуская зямля багатая на скарбы. Зь якога часу пачалі людзі хаваць каштоўнасьці, перадусім грошы, менавіта ў зямлю? У якія эпохі гэта было найбольш пашырана? Адкуль такая традыцыя?

Лобач: Можна меркаваць, што зьява скарбашукальніцтва на нашай зямлі зьяўляецца адначасна з грашовым абарачэньнем на нашай зямлі, гэта адваротны бок самога скарбу. Калі нехта хаваў грошы ў зямлю, дык нехта ж знаходзіўся, хто хацеў іх прысабечыць. Зямля, па сутнасьці, была адзіным магчымым дэпазытарыем ці банкам у нашым разуменьні, дзе чалавек мог схаваць набытыя сваёй працай багацьці. Зразумела, што, чым больш інтэнсіўным было грашовае абарачэньне, тым больш скарбаў асядала ў зямлю. Асабліва гэта было зьвязана з ваенным ліхалецьцем, калі чалавек мусіў ратаваць ня толькі сваё жыцьцё, але і сваё багацьце.

Уладзімер Лобач

Уладзімер Лобач

Ракіцкі: А наколькі даўняя ў Беларусі гісторыя скарбашукальніцтва?

Лобач: Разьвіцьцё таварна-грашовых адносінаў у ХVІ стагодзьдзі прывяло да рэзкага росту грашовай масы і значна павялічыла колькасьць «земляных дэпазытаў». У сваю чаргу, узрасла колькасьць знаходак скарбаў, уладальнікі якіх з розных прычынаў (вайна, палон, раптоўная сьмерць) не змаглі забраць схаваныя грошы. Пра гэта сьведчаць і заканадаўства Вялікага Княства Літоўскага, і гістарычныя крыніцы. У чарадзейскіх судовых справах гэтага часу згадваюцца выпадкі, калі з дапамогаю магіі спрабавалі завалодаць заклятым або зачараваным скарбам.

Ведзьмы шукаюць скарб у ноч Івана Купалы (Давід Тэрніс Малодшы 1610–1690)

Ведзьмы шукаюць скарб у ноч Івана Купалы (Давід Тэрніс Малодшы 1610–1690)

Ракіцкі: Мо нават можна палічыць, колькі скарбаў знойдзена? Мо нейкі ўлік ёсьць, быў?

Лобач: Рэальных знаходак скарбаў хапала. Паводле падлікаў навукоўцаў, на тэрыторыі Беларусі зафіксавана больш за 1100 скарбаў розных эпохаў. Зразумела, што гэта толькі малая частка таго, што было знойдзена людзьмі, бо падобныя падлікі пачалі весьціся толькі з канца ХІХ стагодзьдзя. Па-другое, далёка не заўсёды чалавек, які адшукаў скарб, імкнуўся паведаміць пра гэта ўладам ці навуковым установам.

Ракіцкі: А што можна лічыць скарбам? Колькі для гэтага трэба было знайсьці манэтак? Цэлы чыгунок?

Лобач: Чыгунок — гэта хутчэй вобраз фальклёрны, дзе ўсё вымяралася вялікімі адзінкамі. Паводле навуковых меркаваньняў, скарбам можа лічыцца нават невялікая колькасьць манэт — ад пяці і болей.

Ракіцкі: Як рэгулявалася права ўласнасьці на адшуканы скарб, прыкладам, у Вялікім Княстве Літоўскім? Што знайшоў, тое тваім і будзе? Ці ўсё ж трэба было дзяліцца знойдзеным?

Лобач: Праблема правоў уласнасьці на адшуканы скарб была настолькі значная, што рэгулявалася на ўзроўні дзяржаўнага заканадаўства. У ІІІ Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1588 году існаваў адпаведны артыкул (раздз. 9, арт. 30), які рэгуляваў спрэчныя пытаньні вакол адшуканага скарбу, калі галоўным крытэрам станавілася ўласнасьць на зямлю, дзе былі схаваныя каштоўнасьці. Той, хто знаходзіў грошы на сваёй зямлі, забіраў іх сабе цалкам, калі ж знаходка адбывалася на чужых уладаньнях, тады палову скарбу знаходчык мусіў аддаць гаспадару зямлі.

Скарб медных солідаў XVII ст. ня меў ніякай грашовай каштоўнасьці для вяскоўца

Скарб медных солідаў XVII ст. ня меў ніякай грашовай каштоўнасьці для вяскоўца

Ракіцкі: Напэўна, пошук скарбаў быў найбольш уласьцівы людзям бедным, якія хацелі такім чынам паправіць сваё маёмаснае становішча?

Лобач: Грошы, асабліва «лёгкія», вабяць і бедных, і багатых у аднолькавай ступені. У гэтым сэнсе паказальным ёсьць гістарычны дакумэнт, выяўлены гарадзенскім гісторыкам Віталем Галубовічам. Гэта прывілей караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта ІІІ Вазы, які быў выдадзены ў 1588 годзе нейкаму Мікалаю Дуляцкаму і дазваляў апошняму зьдзяйсьняць пошук скарбаў у каралеўскіх уладаньнях у Горадні і яе ваколіцах. Палову знойдзеных каштоўнасьцяў («золата, срэбра, грошай і падобнага, ці пэрлаў і каштоўных камянёў») Дуляцкі мусіў аддаць у скарб Вялікага Княства Літоўскага. Спосабы, якімі меркавалася адшукаць скарбы, і вынікі прадпрыемства засталіся невядомымі. Але, хутчэй за ўсё, скарбашукальнік спадзяваўся на магічныя сродкі выяўленьня скарбаў — хаця б таму, што іншых на той час не існавала.

Ракіцкі: Скарбашукальніцтва ахінутае пэўнай рамантыкай. У пэўнай ступені яно было авантураю. Напэўна ж, яно адлюстравалася і ў фальклёры. У якіх формах?

Лобач: У фальклёры скарбы адлюстраваныя надзвычай шырока. Найперш, гэта легенды, паданьні, разнастайныя былічкі. Справа ў тым, што ў народнай сьвядомасьці скарбы падзяляліся на дзьве няроўныя катэгорыі — тыя, што вельмі цяжка дастаць, і скарбы звычайныя, якія вяскоўцы раз-пораз знаходзілі ў часе земляных працаў. Авантурны характар для пошуку скарбу быў неабходны найперш таму, што чалавек сутыкаўся зь іншасьветам у розных небясьпечных яго праявах. Авалодаць зачараваным скарбам было і няпроста, і небясьпечна. Чалавек, які адшукаў такі скарб, мог атрымаць грошы, але страціць здароўе і нават жыцьцё.

Ракіцкі: Калі мы гаворым пра скарбы і іх адлюстраваньне ў беларускім фальклёры, дык з чым маем справу: узгадкамі пра рэальныя знаходкі ці толькі ўяўленьнямі пра іх?

Лобач: Скарб рэальны і скарб ідэальны, які існаваў ва ўяўленьнях беларускіх сялянаў, істотным чынам паміж сабой адрозьніваліся. Самай пашыранай знаходкай былі манэтныя скарбы ХVІІ стагодзьдзя, якія часта складаліся зь нізкапробных срэбных манэт невялікай каштоўнасьці. Выяўляліся такія скарбы выпадкова, у часе земляных працаў. У той час як скарб у фальклёры — гэта амаль заўсёды астранамічная сума золата, адшукаць якую вельмі няпроста. Напрыклад, у паданьнях пра схаваныя багацьці фігуруюць гаршчок альбо бочка золата. З улікам шчыльнасьці каштоўнага мэталу і пазначаных аб’ёмаў (ад 3–5 да 406,5 літраў) размова ідзе пра фантастычнае паводле любых мерак багацьце — ад 60–100 да 7850 кіляграмаў золата. Гэты нескладаны матэматычны разьлік паказвае, што ў фальклёры вядзецца размова пра ідэальны скарб і абсалютнае багацьце, недасяжнае ў рэальным жыцьці.

Ракіцкі: Чым можна патлумачыць, што ў беларускім фальклёры найчасьцей узгадваецца менавіта золата, зь якім у будзённым жыцьці сяляне мелі справу вельмі рэдка?

Лобач: Фальклёрны скарб, як і золата, зь якога ён складаецца, належаць рэальнасьці міталягічнай, у якую можна толькі верыць. Золата ў міталёгіі беларусаў і практычна ўсіх народаў, якія былі знаёмыя з гэтым мэталам, увасабляе ідэі дасканаласьці, вяршэнства, улады, багацьця, мудрасьці. У беларускіх абрадавых песьнях менавіта золата сымбалізуе звышдастатковую долю чалавека і яго роду. Вось прыклад:

«Добры вечар, пане гаспадару, ой, каляда!
Харошыя маеш ты сыночкі.
Ой, што ж яны ў цябе робяць?
— У сьвятлічцы золата важаць,
Наважылі трыццаць пудоў і чатыры.
Тыя трыццаць пану гаспадару аддалі,
А тыя чатыры нам, каляднічкам, і калядзе».

Такім чынам, пашыранае ўяўленьне пра залаты скарб — гэта свайго роду мара пра ідэальную долю, якую можна атрымаць, адшукаўшы схаванае багацьце.

Залаты скарб быў і ёсьць нязбытнай марай беларускіх скарбашукальнікаў (Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock)

Залаты скарб быў і ёсьць нязбытнай марай беларускіх скарбашукальнікаў (Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock)

Ракіцкі: Хто ж мог схаваць падобны міталягічны скарб неверагоднай каштоўнасьці?

Лобач: У народнай прозе могуць прыгадвацца «безгаспадарчыя скарбы», якія маюць усе характарыстыкі самастойных міталягічных пэрсанажаў: яны паказваюцца чалавеку агеньчыкамі ці зьзяньнем, прыдаюцца яму ў выглядзе коней, авечак, сабак, а таксама ў постацях людзей. Але найчасьцей фальклёрная традыцыя прыпісвае хаваньне скарбаў рознага роду чужынцам — як у этнічным пляне (французы, швэды, татары), гэтак і ў пляне сацыяльным (князь, пан, купец). Паводле народных уяўленьняў, такія скарбы схаваныя інтэрвэнтамі і захопнікамі ў курганах, гарадзішчах, замчышчах, у азёрах ці пад прыкметнымі валунамі. Да прыкладу, тыповае паданьне, запісанае на Барысаўшчыне:

«Курганы — гэта там шоў Напалеон. Напалеон там, эта самае, гавораць, там вродзе бы тут вот, дзе-та во тут вот перахадзіў, дык там, гаворат, каляску з золатам пацяраў, завалілася там каляска. У возеры. А курганы — эта тожа тамсама Напалеон шоў, там ваеваў. Там тожа, гавора, золата многа астаўлялі ў курганах гэтых».

Паводле сьведчаньняў археолягаў канца ХІХ стагодзьдзя, самавольныя раскопкі сялянаў на курганах і гарадзішчах, якія праводзіліся ў спадзеве адшукаць мітычнае золата, мелі характар сапраўднай эпідэміі. Таксама ў якасьці хавальнікаў скарбаў выступаюць і прадстаўнікі вясковай грамады — старыя, скнарлівыя людзі, якія хаваюць і заклінаюць золата, каб яно не дасталася жывым нашчадкам.

Паводле беларускіх паданьняў, скарбы былі схаваныя ў курганах швэдзкімі або францускімі салдатамі. Фота аўтара

Паводле беларускіх паданьняў, скарбы былі схаваныя ў курганах швэдзкімі або францускімі салдатамі. Фота аўтара

Ракіцкі: Можна зразумець фальклёрную лёгіку, калі скарбы прыпісваюцца заваёўнікам ці даўнім князям або панам. Але ў чым сэнс паведамленьня пра грошы, схаваныя чалавекам перад сваёй сьмерцю?

Лобач: Тут мы ізноў маем справу зь міталягічным асэнсаваньнем грошай як увасабленьня чалавечай долі як у зямным, гэтак і замагільным жыцьці. Багацьце — гэта матэрыялізацыя шанцунку, плёну, спору, якія спадарожнічалі чалавеку. Вось гэтую шчасьлівую ў грашовым вымярэньні долю і хацеў перацягнуць на «той сьвет» стары багацей, каб карыстацца ёю і ў краіне памерлых. Заўважу, што падобныя рытуальныя «транзакцыі» грошай і каштоўнасьцяў практыкавалі старажытныя германцы і скандынавы, калі хавалі скарбы так, каб ніхто з жывых ня змог імі скарыстацца.

Ракіцкі: А ці зафіксаваў фальклёр нейкія правілы пошуку скарбаў? У якую пару найбольш плённым мог быць пошук скарбу? Як ён мог чалавеку аб’явіцца?

Лобач: У эўрапейскай традыцыі, і беларуская тут не выключэньне, аптымальным часам для авалоданьня скарбам лічылася Купальская ноч, калі золата і каштоўнасьці нібыта выходзілі з-пад зямлі, каб прасушыцца, і зьзялі ўначы чырвоным ці белым сьвятлом. Золата магло праявіцца ў вобразе чалавека — брыдкай старой ці нехлямяжага дзеда, які прасіў падцерці яму нос. Звычайна людзі гідзіліся гэта рабіць і такім чынам страчвалі шанец узбагаціцца. Калі скарб аб’яўляўся чалавеку ў выглядзе жывёлы, тады, каб завалодаць грашыма, трэба было стукнуць па здані палкай, або перахрысьціць яе, або зацугляць.

Вячаслаў Ракіцкі і Ўладзімер Лобач у студыі Радыё Свабода

Вячаслаў Ракіцкі і Ўладзімер Лобач у студыі Радыё Свабода

Ракіцкі: Знойдзены скарб прыносіў людзям шчасьце? Ці трэба было за яго нечым істотным заплаціць? Як кажуць, штосьці знаходзіш, а штосьці губляеш?

Лобач: Скарб, нават калі ім удалося завалодаць, уяўляў сабой сур’ёзную небясьпеку. Чалавек атрымліваў грашовае багацьце, але губляў у сваім жыцьці нашмат больш — рабіўся калекам сам ці страшна хварэлі або паміралі бліжэйшыя сваякі. Заклятыя ж скарбы можна было дастаць, толькі падслухаўшы магічную формулу, з дапамогай якой яны хаваліся ў зямлю. Напрыклад, калі ўладальнік грошай прамаўляў: «Узяць толькі той зможа, хто тут дванаццаць галоў паложа», тады чалавек, які падгледзеў таемную працэдуру, адсякаў галовы дванаццаці селядцам ці курыцам, здымаў такім чынам закляцьце і забіраў скарб. Такім спосабам звычайна здабывалі «сямейныя скарбы», якія хавалі старыя, каб пазбавіць нашчадкаў грошай.

Ракіцкі: Выходзіць, што, паводле фальклёрнай традыцыі, ніхто ня мог атрымаць скарб проста так, бяз пэўных магічных маніпуляцыяў ды яшчэ страшнай пагрозы з боку зачараваных грошай?

Лобач: Атрымаць скарб за так, без аніякіх умоваў, патрабаваньняў і благіх наступстваў маглі толькі малыя дзеці ці бажавольныя людзі, чый розум і сьвядомасьць былі блізкія дзіцячым. Грошы дастаюцца тым, хто не разумее іх значэньня і каштоўнасьці, успрымае манэты як цацкі і паводле азначэньня яшчэ ня мае чалавечых хібаў — срэбралюбства, сквапнасьці або хцівасьці. Так, малое дзіця гуляецца на сьметніцы і знаходзіць там гурбу грошай. Носіць іх у кішэньцы дадому, каб гуляцца з манэтамі ў хаце, але калі бацькі прыбягаюць, каб забраць увесь скарб, той зьнікае. У гэтым сэнсе размова ідзе пра тое, што Бог дае грошы дзіцяці як частку ягонай долі, а вось для дарослых, чыя доля ўжо вызначана назаўжды, скарб і ня бачны, і не дасяжны.

Ракіцкі: Дык якое месца скарб і грошы займалі ў традыцыйнай карціне сьвету беларусаў?

Лобач: Уяўленьні беларусаў пра скарбы адлюстроўваюць як гістарычную рэальнасьць, так і міталягічныя асаблівасьці яе асэнсаваньня. Грошы (золата) увасабляюць у традыцыйнай карціне сьвету адзін з аспэктаў чалавечай долі, але ў выглядзе скарбу яны выступаюць сэнсавым ядром у сытуацыях маральна-этычнага пляну, а таксама ва ўзаемаадносінах чалавека і іншасьвету, калі на першы плян выступае руплівая праца чалавека на зямлі, а пагоня за ўяўнымі багацьцямі разглядаецца як авантурны і небясьпечны занятак.

Ракіцкі: А вось пра тое, ці захаваліся ў ХХ стагодзьдзі старадаўнія ўяўленьні пра скарбы і як іх шукаюць у наш час, — у наступнай перадачы «Новая Атлянтыда» з удзелам гісторыка, этноляга Ўладзімера Лобача.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG