Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Боінг» зьбіты «Букам»: патрэбныя сьведкі


«Бук» на грузавіку ў Краснадоне

«Бук» на грузавіку ў Краснадоне

Міжнародная следчая група, якая займаецца катастрофай самалёта Malaysia Airlines, шукае сведкаў перавозкі ўстаноўкі «Бук» у Данецкай вобласьці.

Міжнародная сьледчая група (Нідэрлянды, Бэльгія, Украіна, Аўстралія і Малайзія), якая расьсьледуе катастрофу «Боінга» Malaysia Airlines, зьбітага пад Данецкам летась 17 ліпеня, апублікавала новае відэа са зваротам да магчымых сьведкаў транспартаваньня ўстаноўкі «Бук» у Данецкай вобласьці.

Усіх сведак пераканаўча просяць зьвязацца са сьледчымі міжнароднай групы па бясплатных тэлефонах. Відэа ўтрымлівае запісы чатырох раней не публікаваных тэлефонных перамоваў прарасейскіх сэпаратыстаў.

У першай з праслуханых размоў сэпаратысты абмяркоўваюць дастаўку «Бука» з экіпажам. Згадваецца, што ўстаноўку трэба «схаваць». У другой размове гаворка ідзе пра тое, што адзін з байцоў з экіпажу «Бука» згубіўся, што яго забыліся забраць. У трэцяй і чацьвёртай размовах сэпаратысты пацьвярджаюць, што 18 ліпеня «Бук» вярнуўся ў Расею. У дастаўцы і вяртаньні «Бука» прымае ўдзел чалавек па мянушцы «Бібліятэкар». Яго голас чутны ў першай размове.

У звароце міжнароднай сьледчай групы падкрэсьліваецца, што сьледчыя матэрыялы дазваляюць казаць пра тое, што «Боінг» быў зьбіты расейскім «Букам» з тэрыторыі, падкантрольнай сэпаратыстам, як пра найбольш верагодную вэрсію крушэньня пасажырскага самалёта. Тым ня менш сьледзтва працягвае разглядаць усе вэрсіі. Сьледчыя просяць распаўсюдзіць у расейскамоўных медыях іх заклік да ўсіх, хто бачыў перавозку «Бука» (як мяркуецца, на цягачы «Вольва» ці сваім ходам) або мае іншую інфармацыю пра асобаў, якія мелі дачыненьне да запуску ракеты з ўстаноўкі «Бук».

На сайце следчай групы jitmh17.com ёсць інфармацыя на расейскай і ўкраінскай мовах. Зьвязацца са сьледчымі ў Нідэрляндах можна па электронным адрасе contact@jitmh17.com або патэлефанаваць па нумары тэлефону 0800-300014 (бясплатна) або 0031-384600210 з 09:00 да 21:00. На званок адкажуць расейскамоўныя сябры міжнароднай сьледчай групы. У паведамленьні таксама гаворыцца, што міжнародная сьледчая група ўспрымае сур’ёзна бясьпеку сьведак. Калі сьведкі турбуюцца пра сваю бясьпеку, то могуць быць прынятыя розныя захады для іх абароны. Вітаюцца нават вельмі нязначныя сьведчаньні.

XS
SM
MD
LG