Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камандзір сэпаратыстаў пацьвердзіў, што ў іх быў «БУК», якім мог быць зьбіты малайзійскі «Боінг»


Алясандар Хадакоўскі

Алясандар Хадакоўскі

Камандзір сэпаратысцкага батальёну «Восток» Алясандар Хадакоўскі пацьвердзіў, што прарасейскія сэпаратысты мелі ў сваім распараджэньні супрацьпаветраныя ракеты, якія, паводле Вашынгтону, былі выкарыстаныя для зьбіцьця авіялайнэра «Боінг-777» малайзійскіх авіялініяў.

У інтэрвію агенцтву Ройтэрз Хадакоўскі прызнаў упершыню пасьля катастрофы, якая адбылася ў мінулы чацьвер, што баевікі мелі ў сябе зэнітна-ракетны комплекс «БУК».

Ён таксама зазначыў, што гэты «БУК» мог паходзіць з Расеі і пасьля быў вывезены туды назад, каб замесьці сьляды.

Да таго, як быў зьбіты малайзійскі авіялайнэр, сэпаратысты хваліліся, што атрымалі комплексы «БУК», якія могуць зьбіваць самалёты на крэйсэрскай вышыні. Аднак пасьля катастрофы прадстаўнікі самаабвешчанай «ДНР» неаднаразова адмаўлялі факт наяўнасьці ў іх такога ўзбраеньня.

Ад самага моманту катастрофы, у выніку якой загінула 298 чалавек, самым дыскудійным пытаньнем было — хто запусьціў ракету, якая зьбіла самалёт.

Хадакоўскі абвінаваціў кіеўскія ўлады ў тым, што яны справакавалі ракетны ўдар, якім, магчыма, быў зьбіты малайзійскі самалёт, заявіўшы, што Кіеў наўмысна наносіў авіяўдары ў тым раёне, ведаючы, што там разьмешчаны зэнітныя ракеты.

«Я ведаў, што „БУК“ прыбыў з Луганску. Тады мне сказалі, што „БУК“ з Луганску ішоў пад сьцягам ЛНР. Я ведаў пра той „БУК“. Я чуў пра яго. Думаю, яны паслалі яго назад. Бо я даведаўся пра яго дакладна ў той момант, калі пачуў, што адбылася трагедыя. Магчыма, яны адаслалі яго назад, каб зьнішчыць доказы яго існаваньня», — заявіў Хадакоўскі ў інтэрвію агенцтву Ройтэрз.

«Пытаньне стаіць так: Украіна атрымала апэратыўныя сьведчаньні, што апалчэнцы маюць гэтую тэхналёгію, зь віны Расеі. Яна ня толькі не зрабіла нічога, каб гарантаваць бясьпеку, але і справакавала выкарыстаньне гэтага ўзбраеньня супраць самалёта з цывільнымі пасажырамі», — сказаў ён.

«Яны ведалі пра існаваньне гэтага „БУКа“, што гэты „БУК“ накіроўваўся ў Сьняжное. Яны ведалі, што ён будзе там разгорнуты, і справакавалі выкарыстаньне гэтага „БУКа“, нанесшы авіяўдары па неістотных цэлях, якія іх самалёты не чапалі цэлы тыдзень».

«І ў той дзень яны лёталі вельмі інтэнсіўна і дакладна ў момант пуску ракеты, у момант, калі пралятаў цывільны самалёт, яны нанесьлі авіяўдары. Нават калі быў „БУК“ і нават калі гэты „БУК“ быў выкарыстаны, Украіна зрабіла ўсё, каб забясьпечыць зьбіцьцё цывільнага самалёта», — заявіў Хадакоўскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG