Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нідэрляндах перакананыя: самалёт Малайзійскіх авіялініяў зьбіў расейскі «Бук»


Вокладка часопіса "TIME" пасля крушэньня малайзійскага "Боінга" ў Данецкай вобласьці
Вокладка часопіса "TIME" пасля крушэньня малайзійскага "Боінга" ў Данецкай вобласьці

Усе сьляды ў крымінальным расьсьледаваньні крушэньня «Боінга» пад Данецкам вядуць у адным кірунку — самалёт Малайзійскіх авіялініяў зьбіў расейскі «Бук». Больш за мільён вывучаных дакумэнтаў, фота- і відэаматэрыялаў пацьвярджаюць вэрсію, што пасажырскі самалёт быў зьбіты з расейскага зэнітнага ракетнага комплексу «Бук», хутчэй за ўсё, з расейскім жа экіпажам, паведаміла ў аўторак у рэдакцыйным артыкуле адна з найбуйнейшых у Нідэрляндах тэлекампаній NOS са спасылкай на крыніцы ў пракуратуры і праваахоўных органах дзяржавы. У матэрыяле гаворыцца, што расьсьледаваньне тармозяць спэцслужбы, як нідэрляндзкія, так і расейскія. Апошнія, паводле крыніц, да гэтага часу працягваюць спробы ўзлому кампутарных сыстэм нідэрляндзкіх паліцыі і пракуратуры.

У мінулы аўторак у прэсе з’явіліся паведамленьні аб тым, што супрацоўніцтва паміж пракуратурай і службай дзяржбясьпекі Нідэрляндаў у рамках расьсьледаваньня абставінаў крушэньня малайзійскага рэйса MH17 праходзіць вельмі нягладка. Тэлекампаніі ўдалося паразмаўляць зь некалькімі неназванымі крыніцамі ў пракуратуры і праваахоўных органах Нідэрляндаў, якія паскардзіліся на тое, што службы бясьпекі хаваюць ад пракуратуры важную інфармацыю. На думку крыніц, супрацьдзеяньне галяндзкіх спэцслужбаў расьсьледаваньню можа быць зьвязана з нежаданьнем палітычнага істэблішмэнту краіны давесьці расьсьледаваньне да канца — гэта значыць не дапусьціць крымінальнага перасьледу датычных да злачынства асоб. Без актыўнага супрацоўніцтва спэцслужбаў нідэрляндзкай паліцыі і пракуратуры складана выйсьці на сьлед.

Раней у афіцыйным сумеснай заяве пракуратуры, паліцыі і спэцслужбаў Нідэрляндаў усе тры структуры заявілі, што працуюць зладжана і скаргаў адзін на аднаго не маюць.

Радыё Свабода зьвярнулася да аўтара артыкула, рэдактару тэлекампаніі NOS Роберта Баса з пытаньнем, чаму цытуемых ім сэнсацыйных заяў няма ў іншых галяндзкіх СМІ?

Аляксандр Хадакоўскі ў інтэрвію пацьвердзіў, што ў сэпаратыстаў ёсьць сыстэма "Бук"
Аляксандр Хадакоўскі ў інтэрвію пацьвердзіў, што ў сэпаратыстаў ёсьць сыстэма "Бук"

— Іншым СМІ невядомыя нашы крыніцы. А імёны ананімных крыніцаў мы заўсёды захоўваем у строгім сакрэце. Нашы крыніцы прымаюць удзел у расьсьледаваньні, але рабіць афіцыйныя заявы аб яго высновах яны пакуль не маюць права. Падобныя расьсьледаваньні праводзяцца ў закрытым рэжыме, але ў іх задзейнічаныя шмат людзей, і калі пагаварыць зь некалькімі зь іх, незалежна адзін ад аднаго, то можна намацаць агульную нітку, якая вядзе да разгадкі. Я магу сказаць, што я і яшчэ адзін мой калега пагутарылі з цэлым шэрагам спэцыялістаў, якія ўдзельнічаюць у крымінальным расьсьледаваньні. Нас перш за ўсё цікавіла, наколькі прасунулася расьсьледаваньне і на што паказваюць вывучаныя дакумэнты. Гаворка ідзе аб двух частках расьсьледаваньня. Па-першае, яно павінна ўсталяваць ісьціну, што ж усё-ткі адбылося ў той дзень. Па-другое, гэта непасрэдна крымінальнае расьсьледаваньне, выяўленьне падазраваных. Па першай частцы — аднаўленьню сапраўдных падзей — праведзена вялікая праца, вывучана маса відэа, фота і іншых матэрыялаў, і ўсе, з кім мы гаварылі, сьцьвярджаюць, што гэтыя матэрыялы відавочна пацьвярджаюць адну і тую ж гіпотэзу і што канчатковыя высновы расьсьледаваньня, хутчэй за ўсё, будуць такія: «Боінг» зьбіў расейскі «Бук», прывезены на ўкраінскую тэрыторыю, верагодна, з расейскім экіпажам. Наконт апошняга пункта, расейскага экіпажу, поўнай упэўненасьці пакуль няма. Паўтаруся, расьсьледаваньне працягваецца. І афіцыйных высноваў пакуль зроблена і апублікавана не было. Але прааналізаваны матэрыял, па словах адразу некалькіх крыніц з каманды сьледчых, менавіта такі, як апісана ў нашым артыкуле.

Да такой высновы ўдзельнікі крымінальнага расьсьледаваньня прыйшлі, вывучыўшы больш за мільён фота і відэаматэрыялаў, дакумэнтаў і пагаварыўшы са сьведкамі на мясцовасьці. Пра тое, што ў распараджэньні паўстанцаў з’явіўся зэнітны ракетны комплекс «Бук», незадоўга да катастрофы паведамляла расейскае тэлебачаньне, а таксама палітычны дзеяч Сяргей Кургінян. Відэаматэрыял з гэтымі заявамі ў мінулым годзе апублікаваў Барыс Нямцоў.

Старшыня Рады бясьпекі Нідэрляндаў Чыбэ Яўстра, які кіруе міжнародным расьсьледаваньнем тэхнічных прычын крушэньня (ня варта блытаць гэта расьсьледаваньне з крымінальнай справай, якую вядзе пракуратура Нідэрляндаў), чакае, што выніковая справаздача Рады будзе гатовая ў кастрычніку гэтага года. Паводле зьвестак Яўстра , на месцы крушэньня ляйнэра ў Данецкай вобласьці знайшлі насавую частку самалёта, ён спадзяецца, што тыя абломкі, якія засталіся, таксама можна будзе забраць.

Расейскія спэцслужбы рэгулярна прадпрымаюць спробы ўзлому кампутарных сыстэм нідэрляндзкіх паліцыі і пракуратуры

Робэрт Бас лічыць, што ўжо ў гэтым годзе апублікаваную тэлекампаніяй NOS інфармацыю апублікуе пракуратура Нідэрляндаў: «Рада бясьпекі прадстаўляе сваю справаздачу восеньню, я думаю, што вынікі расьсьледаваньня будуць гатовыя не раней гэтага часу. Зараз працягваецца апрацоўка матэрыялаў, разглядаюцца і іншыя вэрсіі авіякатастрофы. Вэрсія аб расійскім „Буку“ — толькі адна з іх. Вывучаюцца розныя сцэнары, але, калі я спытаў сваіх суразмоўцаў, які сцэнар ім бачыцца як найбольш верагодны, яны паказалі на той, што я апісаў у артыкуле ».

Крыніцы тэлекампаніі NOS з пэсымізмам глядзяць на шанцы знайсьці непасрэдных выканаўцаў злачынства. Як мяркуецца, гэтыя людзі ўжо зьмянілі імёны, а магчыма, і зусім былі ліквідаваныя расейскімі спэцслужбамі, каб замесьці ўсе сьляды, — гаворыцца ў артыкуле. Роберт Бас піша, што ёсьць вельмі сур’ёзныя падставы меркаваць, што расейскія спецслужбы рэгулярна прадпрымаюць спробы ўзлому кампутэрных сыстэм нідэрляндзкіх паліцыі і пракуратуры. Усе нідэрландзкія смартфоны і лэптопы, якія пабывалі ва Ўкраіне і былі падлучаныя да мясцовых сетак сувязі, прыйшлося зьнішчыць з-за пагрозы наяўнасьці на іх шпіёнскага праграмнага забеспячэньня. У некаторых выпадках у мэтах засьцярогі прыйшлося нават зноўку ўсталёўваць хатнія сеткі супрацоўнікаў паліцыі, заявілі крыніцы.

Абломкі "Боінга" перад адпраўкай у Нідэрлянды
Абломкі "Боінга" перад адпраўкай у Нідэрлянды

3 сакавіка грамадзкасьць упершыню змагла ўбачыць абломкі «Боінга», якія са сьнежня захоўваюцца ў ангары на ваеннай базе Хілз-Райен ў правінцыі Паўночны Брабант на поўдні Нідэрляндаў. Першымі сюды прыехалі 570 сваякоў загінуўшых. Пазней у ангар таксама прапусьцілі некалькі дзясяткаў журналістаў з розных краін. На падлозе памяшканьня ў трох залях чорным колерам акрэсьленыя контуры самалёта, па ўсёй плошчы ўнутры гэтага малюнка раскладзеныя абломкі, як кавалкі вялізнага злавеснага пазла, некаторыя часткі якога адсутнічаюць. Хваставая частка і крыло выстаўленыя за загараджальную стужку: да іх дазваляюць дакрануцца. «Нашы сваякі паляцелі. Потым яны вярнуліся кавалкамі. Цяпер вось і самалёт вярнуўся кавалкамі», — сказаў адзін са сваякоў у інтэрвію галяндзкай газеце «Трау». Ён страціў у катастрофе абодвух дзяцей — сына 18 гадоў і дачку — 19-ці.

Самалёт «Боінг-777» рэйса MH17 Амстэрдам — Куала-Лумпур авіякампаніі «Малайзійскіх авіялініяў» быў зьбіты над Данбасам 17 ліпеня; загінулі ўсе 298 чалавек, якія знаходзіліся ў ім. Большасьць ахвяраў былі грамадзянамі Нідэрляндаў, таму Ўкраіна перадала расьсьледаваньне гэтай дзяржаве.

Папярэднія дадзеныя расьсьледаваньня паказалі, што самалёт пацярпеў катастрофу ў выніку трапленьня звонку вялікай колькасьці аб’ектаў з высокай энэргіяй.

Цалкам матэрыял можна прачытаць на сайце расейскай службы нашага радыё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG