Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі плывец Ігар Бокі узяў пяты мэдаль на Паралімпіядзе


Беларускі плывец Ігар Бокі перамог на спаборніцтвах у плаваньні на 50 мэтраў вольным стылем у катэгорыі S13 на Паралімпійскіх гульнях у Рыё.

Ён праплыў за 23,44 сэкунды, што блізка да ўсясьветнага рэкорду сярод паралімпійцаў — 23,2 сэкунды. Той рэкорд усталяваў сам Бокі на Чэмпіянаце сьвету ў Глазга ў 2015 годзе.

Заплыў прынёс яму пяты мэдаль — і чацьвёртае золата — на бягучай Паралімпіядзе. Да таго былі залатыя мэдалі ў 100 м батэрфляем, 200 м комплексу і 400 мэтраў вольным стылем, а таксама бронза ў 100 мэтраў брасам.

Плывец, якога часам называюць «беларускім Фэлпсам», таксама мае пяць залатых мэдалёў і адно срэбра з Паралімпіяды 2012 году ў Лёндане, 15 залатых мэдалёў і срэбра чэмпіянатаў сьвету сярод інвалідаў, 12 залатых мэдалёў і дзьве бронзы з чэмпіянатаў Эўропы сярод інвалідаў.

Ігар Бокі мае вялікія праблемы са зрокам, але, як распавядаў прэсе раней, марыць выступаць у звычайнай Алімпіядзе. Ён выступаў сярод звычайных плыўцоў на чэмпіянаце Беларусі.

Беларуская зборная знаходзіцца ў мэдальным заліку Паралімпіяды ў Рыё на 15-м месцы з шасьцю залатымі мэдалямі і двума бронзавымі. Днём раней па залатым мэдалі ўзялі шпажыст Андрэй Праневіч і плывец Уладзімер Ізотаў, да таго бронзавы мэдаль у кіданьні дзіды ўзяў беларус Аляксандар Трыпуць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG