Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дэмарш чыноўніка беларускага Міністэрства спорту і турызму Фомачкіна як ніколі поўна агаліў прынцыповы цывілізацыйны разлом паміж Захадам і экс-СССР.

«Інвалідаў абідзілі!» – неслася з кожнага прасу на тэрыторыі, дзе чалавек з абмежаванымі магчымасьцямі ня можа ня тое што самастойна дабрацца да трэніровачнай залі – нават да крамы побач з домам.

А міжнародныя спартовыя структуры дыскваліфікавалі не інвалідаў, а спартоўцаў.

Прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант ужывае слова «блюзьнерства» што да выключэньня расейскай паралімпійскай зборнай са спаборніцтваў праз допінгавы скандал.

Камэнтаў на розных пляцоўках быў проста шквал. Большасьць абаронцаў учынку Фомачкіна ў той ці іншай форме паўтаралі словы спадарыні Эйсмант – «інвалідаў абідзілі», «над калекамі надругаліся». «Эта жэ кашчунства». Здавалася б – ня верыш у кампэтэнтнасьць антыдопінгавай камісіі, чаго ўдзельнічаеш у гульнях?

Постсавецкія людзі як ніколі наблізіліся да першых Алімпійскіх гульняў, што адбыліся ў 776 годзе да новай эры. Як тады было? Вельмі проста: вышэй, далей, мацней. А сэнс? Хто пераможца – той найлепшы жаўнер.

Ці можаце сабе ўявіць паралімпійскія гульні 2792 гадоў таму? Нашто там былі абмежаваныя ў магчымасьцях? Хіба пасьмяяцца для публікі, якая ўвесь час жыла ў коле ворагаў у чаканьні вайны. Ну якая практычная дапамога грэцкаму гораду-дзяржаве – а яшчэ і з «бабамі»? Сіла волі, сіла духу ў чыстым выглядзе – ня браліся пад увагу, бо ня мелі практычнага значэньня. Як цяпер у постсавецкіх грамадзтвах.

У сучаснасьці ў экс-СССР выглядае так. На Алімпійскіх гульнях спартовец (-тоўка) «А» абагнаў у плаваньні спартоўца «В» (-тоўку) на 0,001 сэкунды – новы сусьветны рэкорд. Хто атрымаў залаты мэдаль, той «мужык». Тэарэтычна – баец. Крыўдна, калі ловяць на допінгу – якая розьніца, як ён будзе бараніць «калі што»? Але ладна. А паралімпійцы? Якая розьніца, з допінгам ці не – «гэта ж інваліды».

Іншы прыклад. Спаборніцтва не як дэманстрацыя магчымасьці стаць добрым ваяром, а як дэманстрацыя перамогі волі, духу. А Паралімпіяда – дэманстрацыя павагі грамадзтва да людзей з воляй і духам у той жа ступені, што і на «асноўнай» Алімпіядзе.

Гаворачы сёньня «інвалідаў пакрыўдзілі», «дабразычліўцы» абражаюць носьбітаў сілы волі і хітруюць перад публікай. Бо гэта псыхалёгія крымінальнікаў, якія пачынаюць лемантаваць, калі ловяць іх калегу-малалетняга злодзея: «Сірату абідзілі!» То бок енчаць пра сябе.

«Блюзьнерства» ад спадарыні Эйсмант са спасылкай на Лукашэнку, гэта – пераводзіць чалавека з абмежаванымі магчымасьцямі ў касту недатыкальных. Маўляў, іх «і так Бог пакрыўдзіў, што ад іх жадаць?» Блюзьнерства – гэта спэкуляваць на тэме.

Вы для пачатку пандусы і ліфты паўсюль пастаўце, а пасьля спэкулюйце. Праўда, тады і спэкуляваць ня трэба будзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG