Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 фактаў пра новага дэкана гістфаку БДУ


Аляксандар Каханоўскі
Аляксандар Каханоўскі

На гістарычным факультэце БДУ адбыліся кадравыя зьмены. Сяргей Ходзін, які ўзначальваў факультэт амаль 16 гадоў, стаў прарэктарам БДУ па вучэбнай працы. Новым дэканам прызначаны 53-гадовы Аляксандар Каханоўскі.

Радыё Свабода сабрала 5 фактаў пра новага дэкана гістафаку БДУ.

1. Нарадзіўся ў сямʼі савецкага дысыдэнта

Аляксандар Каханоўскі нарадзіўся ў Маладэчне, дзе ягоны бацька Генадзь Каханоўскі працаваў у абласным краязнаўчым музэі.

Калі сыну быў 1 год, Каханоўскі-старэйшы стварыў экспазыцыю, за якую яго абвінавацілі ў нацыяналізьме. А ў 1969 атэстацыйная камісія прызнала працу гісторыка шкоднай для камуністычнага выхаваньня савецкіх людзей. Звольненага Каханоўскага аднавілі на працы дзякуючы заступніцтву Максіма Танка і Янкі Брыля.

2. Хацеў пайсьці па сьлядах бацькі

У 1981 годзе Аляксандар Каханоўскі паступіў на гістарычны факультэт БДУ, які скончыў з чырвоным дыплёмам. Спачатку малады гісторык хацеў, як бацька, займацца археалёгіяй, але абараніў кандыдацкую дысэртацыю па тэме сацыяльнай структуры насельніцтва Беларусі ў ХІХ стагодзьдзі.

3. Вучыўся разам з былым дэканам

Аляксандар Каханоўскі і былы дэкан гістфаку Сяргей Ходзін вучыліся на адным курсе. Паводле сьведчаньняў старэйшага пакаленьня гісторыкаў, калегі Генадзя Каханоўскага, былі расчараваныя ў яго сыне. Бо апошні, «абраў лінію чыноўніка, а не навукоўцы».

Аляксандар Каханоўскі 25 гадоў працаваў намесьнікам дэкана па навуковай працы. У 1999 годзе ён стаў сумяшчаць гэтую працу з пасадай загадчыка катэдры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу. Цяпер Аляксандар Каханоўскі адначасова зьяўляецца дэканам факультэту і загадчыкам катэдры.

4. Вывучаў русіфікацыю на Беларусі

У сваіх працах Аляксандар Каханоўскі адзначае, што палітыка русіфікацыі «адбывалася паралельна з фармаваньнем рускага нацыяналізму». Этнакультурная уніфікацыя ўспрымалася ўрадам як элемэнт мадэрнізацыі краіны.

Згодна зь меркаваньнем гісторыка, русіфікацыя пасьля паўстаньня 1863 году «стала штуршком для пошукаў самаідэнтыфікацыі сярод інтэлігенцыі Беларусі. Нават мясцовыя праваслаўныя чыноўнікі, сутыкнуўшыся з калегамі, прыбыўшымі зь велікарускіх губэрняў, успрымалі сваю этнічную адметнасьць».

Каханоўскі-малодшы лічыць, што беларускае грамадзтва фармавалася на сялянскай, вясковай аснове. Адсутнасьць ці малалікасьць эліты, яе ўсьведамленьне прыналежнасьці да палякаў ці расейцаў адбілася на фармаваньні беларускай дзяржаўнасьці.

5. Неадназначна ставіцца да студэнцкіх абʼяднаньняў

Былы старшыня Таварыства беларускай мовы на гістфаку Мікіта Курэпін расказаў Свабодзе, што на лекцыях Каханоўскі выказваў словы падтрымкі беларускамоўным актывістам, але дазвол на правядзеньне факультэцкіх мерапрыемстваў не даваў:

«Ён казаў, што ТБМ малайцы, падымаюць мову. Аднак калі мы плянавалі рабіць нейкія акцыі, нам быў патрэбны дазвол ад адміністрацыі. Мы спрабавалі яго атрымаць ад Каханоўскага, але ён заўсёды казаў, што ў яго няма на гэта часу, і прасіў паразмаўляць зь іншымі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG