Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я адзіная ведала, хто такі Джон Сільвер», — жонка Эдуарда Пальчыса


Вікторыя Пальчыс. Фота прадстаўленае «Нашай Ніве» гераіняй матэрыялу
Вікторыя Пальчыс. Фота прадстаўленае «Нашай Ніве» гераіняй матэрыялу

Вікторыя Пальчыс ня можа раскрываць шматлікія дэталі справы, бо падпісала такое забавязаньне, але можа распавесьці пра мужа, яго сайт і яго затрыманьне ў Расеі.

Жонка арыштаванага блогера, вядомага як Джон Сільвэр, Вікторыя Пальчыс распавяла карэспандэнту «Нашай Нівы» пра справу мужа і свае адносіны зь ім. Эдуард Пальчыс быў экстрадаваны ў Беларусь з тэрыторыі Расеі 1 чэрвеня. Ён знаходзіўся ў СІЗА № 1 г. Менску, пазьней быў пераведзены ў СІЗА № 8 г. Жодзіна. Яго абвінавачваюць у распальваньні нацыянальнай варожасьці і распаўсюдзе парнаграфіі праз сайт 1863x.com.

Вікторыя Пальчыс ня можа раскрываць шматлікія дэталі справы, бо падпісала такое забавязаньне, дый матэрыялаў крымінальнай справы ёй не паказвалі. З Эдуардам яна вырасла ў Лідзе, але пазнаёмілася толькі ў Менску, калі разам вучыліся ў БДУ. Гістфак, на які Эдуард паступіў без іспытаў як алімпіяднік, ён кінуў перад заканчэньнем, каб не ісьці на працу па разьмеркаваньні, працаваў рэпэтытарам па гісторыі, затым спэцыялістам па SMM.

«Эдзік вельмі ўважлівы, вельмі клапатлівы, — кажа Вікторыя пра мужа. — Які падарунак зрабіць, куды запрасіць на спатканьне — ён заўсёды адгадваў так, каб гэта сапраўды ўразіла. Зразумела, дарыў мне кветкі, але ён большы майстар нестандартных падарункаў, такіх, якія нават не чакаеш. Ён ніколі нічога ня робіць „для прыліку“».

«Я не адгаворвала яго весьці сайт ды не памяняла свайго стаўленьня і сёньня»

«Я адзіная ведала, хто такі „Джон Сільвер“, — распавядае яна „Нашай Ніве“. — Сайт 1863x.com зьявіўся ў 2014 годзе, але патрэбу запусьціць падобны праект Эдуард адчуваў даўно. Дарэчы, першапачаткова праект павінен быў мець іншую назву. Якую — не скажу, бо назва 1863x.com нашмат больш удалая.

Я не адгаворвала яго весьці сайт і не памяняла свайго стаўленьня дагэтуль. Калі б нават мы вярнуліся ў 2014 год, калі ён пачынаў ствараць свой праект, і я ведала, што ўсё так скончыцца, то ўсё роўна не адгаворвала б яго гэтага рабіць. Я падтрымліваю погляды мужа і перакананая, што ён рабіў вельмі важную і патрэбную справу. Ёсьць такі выраз: „Рабі што павінен, і няхай будзе што будзе“. Мне здаецца, што сайт якраз пачынаўся з такога пасылу».

Яна кажа, што сайт вёўся ананімна, бо Эдуард не хацеў прыцягваць увагу да сваёй асобы і заўсёды памятаў пра сям’ю, а большую частку часу прысьвячаў вучобе і працы.

«Ён спадзяваўся, што гэтая памылка вырашыцца і справа будзе закрытая»

Эдуард Пальчыс
Эдуард Пальчыс

Упершыню праблемы з праваахоўнікамі ў блогера ўзьніклі 5 траўня 2015 года, калі ён пайшоў на сумоўе па працы, а вярнуўся толькі празь месяц. Тады супраць яго была распачатая крымінальная справа:

«Як мне здаецца, ён спачатку думаў, што гэта нейкая памылка, — згадвае Вікторыя. — Ніякага экстрэмізму, распальваньня міжнацыянальнай варожасьці зь яго боку не было. Дома ў нас не знайшлі ніякай зброі, нічога супрацьзаконнага. Ён спадзяваўся, што гэтая памылка вырашыцца, сьледчы камітэт ва ўсім разьбярэцца і справа будзе закрытая. Калі ж была распачатая другая крымінальная справа за распаўсюд парнаграфіі, то стала відавочна, што Эдуарда проста хочуць пасадзіць».

Карцінкі, у якіх пабачылі распаўсюд парнаграфіі, былі, як кажа жонка Эдуарда Пальчыса, з абразьлівым кантэкстам у дачыненьні да беларусаў і нацыянальнай сымболікі. Нехта скінуў іх блогеру — той напісаў саркастычны артыкул з выкрыцьцём такой «творчасьці», скарыстаўшы карцінкі як прыклад стаўленьня да беларусаў.

На пытаньне пра тое, як на Эдуарда выйшлі спэцслужбы, Вікторыя кажа:

«Ён сам дакладна ня ведаў, аднак лічыў, што даставаў і ўстаўляў сім-карты ў тэлефоны ў непатрэбных месцах».

«Хацеў здацца сьледзтву, але не разьлічваў на тое, што яго затрымаюць у Расеі»

У верасьні Вікторыя і Эдуард пабраліся, зьехалі ва Ўкраіну. Але потым Эдуард вырашыў вярнуцца ў Беларусь, бо «жыць за мяжой — гэта ня тое, трэба было вырашаць праблемы, якія ў нас былі дома».

«Эдуард ведаў, што яго затрымаюць у Беларусі, ён ехаў праз Расію, бо хацеў яшчэ пасьпець убачыць бацькоў, а пасьля гэтага пайсьці здацца сьледзтву. Ён не разьлічваў на тое, што яго затрымаюць у Расеі, — распавядае Вікторыя. — Тамтэйшая адвакатка адразу сказала, што экстрадыцыя ў Беларусь зойме да паўгода, яна яшчэ тады нават справы ня бачыла».

Вікторыя мяркуе, што ўся справа з Эдуардам вядзецца таму, што ён, як блогер, быў «занадта непадкантрольны», «гуляў не па правілах спэцслужбаў», крытыкаваў і беларускіх чыноўнікаў, і апазыцыю, і расейскую прапаганду.

«Зь ім усё нармальна. Наколькі нармальна можа быць з чалавекам, які сядзіць у турме»

Пасьля затрыманьня ў Расеі Вікторыя Пальчыс ня бачыла мужа, што яе вельмі засмучае. Пабачыцца да суду з Эдуардам яна лічыць практычна немагчымым. Але атрымала ад яго ліст. Ейныя лісты да Эдуарда прыходзяць зь вялікім спазьненьнем.

«Адзін ліст ад Эдуарда прыйшоў бацькам, адзін мне, адзін брату, — кажа жонка блогера. — Ён піша пра рэчы асабістыя. У нас была стабільная перапіска, калі Эдуард сядзеў у Бранску. Нас найперш хвалявала, ці сыты ён, ці не ўжываюцца да яго спэцсродкі. У Бранску ў турме ён глядзеў расейскія тэлеканалы. Кажа, што пра Беларусь там расказваюць ці нэўтральна, ці ў пляне, што „Бацька хітры“. На ўмовы ён ня скардзіцца, нібыта зь ім усё збольшага нармальна. Наколькі нармальна можа быць з чалавекам, які сядзіць у турме».

У падтрымку Эдуарда яна прапануе пісаць лісты, бо яму важна ведаць, што яго помняць, бо «чалавек ізаляваны, і яму можа здавацца, што ён усімі забыты». Пісаць можна на адрас 222160, Менская вобласьць, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, турма № 8. Пальчысу Эдуарду Аляксандравічу.

Гутарыў Зьміцер Панкавец, Наша Ніва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG