Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мае паўнамоцтвы па абароне Эдуарда Пальчыса спыненыя», — адвакат Бахціна


Эдуард Пальчыс

Эдуард Пальчыс

Такое паведамленьне зрабіла Радыё Свабода сама Ганна Бахціна.

15 чэрвеня адвакат наведала Эдуарда ў СІЗА № 1 г. Жодзіна. 16 чэрвеня яму мелі прад’явіць афіцыйнае абвінавачаньне. На просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваць сытуацыю Ганна Бахціна сказала наступнае:

«Мае паўнамоцтвы па абароне Эдуарда Пальчыса спыненыя».

Раней Ганна Бахціна заяўляла Радыё Свабода, што ня мае дазволу на сустрэчу з падабаронным і доступу да матэрыялаў справы.

Па выніках сустрэчы з Эдуардам 15 чэрвеня ў Жодзіна яна распавядала:

«Была ў Эдуарда, ён нармальна пачуваецца, жывы-здаровы. Размаўлялі, сказаў, што стаўленьне супрацоўнікаў сьледчага ізалятара нармальнае, нармальныя ўмовы. Ніякіх прэтэнзій у яго няма».

«Ён прасіў сказаць вялікі дзякуй усім людзям, якія падтрымліваюць яго, і асабліва журналістам за тое, што ёсьць падтрымка», — кажа Бахціна.

Яна прыводзіць словы Эдуарда Пальчыса: «Я ніколі сябе не піярыў, ніколі не хацеў быць палітычным зьняволеным і не хачу ім быць. Я ўсяго толькі выказваю свае погляды і перакананьні адносна небясьпекі, якая зыходзіць з боку Расеі канкрэтна і зьвязаная з замахам на цэласнасьць, сувэрэнітэт і незалежнасьць Рэспублікі Беларусь».

Бахціна паведамляе, што ў размове зь ёю Пальчыс не прызнае сябе вінаватым у распальваньні нацыянальнай варожасьці.

«Думаю, што гэта аб’ектыўна, і мы робім усе намаганьні да таго, каб давесьці, што ён мае рацыю. Ён разумны, абаяльны чалавек, які перажывае за інтарэсы сваёй краіны. Годны грамадзянін сваёй краіны», — характарызуе свайго падабароннага адвакат Ганна Бахціна.

Раней Сьледчы камітэт паведаміў Радыё Свабода, што ўпраўленьнем Сьледчага камітэту па Менску расьсьледуецца крымінальная справа ў дачыненьні да 25-гадовага ўраджэнца Гарадзенскай вобласьці паводле ч. 1 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці або розьні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджваньне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

За «распальваньне варожасьці» Пальчысу пагражае арышт на тэрмін да 6 месяцаў ці абмежаваньне альбо пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 год. За «распаўсюд парнаграфіі» — пазбаўленьне волі на тэрмін ад двух да чатырох год.

«Вызначана, што падсьледны, зьяўляючыся адміністратарам сайту www.1863x.com, разьмяшчаў на ім матэрыялы, якія ўтрымліваюць прыкметы распальваньня нацыянальнай варожасьці або розьні, а таксама выявы парнаграфічнага зьместу. Гэта пацьвярджаецца вынікамі праведзеных экспэртызаў», — паведамілі ў СК.

Эдуард Пальчыс, меркаваны стваральнік і аўтар рэсурсу 1863x.com вядомы пад псэўданімам Jhon Silver, экстрадаваны ў Беларусь з Расеі. Спачатку ён знаходзіўся ў СІЗА № 1 Менску, а потым яго перавялі ў Жодзіна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG