Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ніколі не хацеў быць палітзьняволеным» — адвакат перадае словы Пальчыса з СІЗА


Эдуард Пальчыс быў экстрадаваны ў Беларусь з тэрыторыі Расеі 1 чэрвеня. Ён знаходзіўся ў СІЗА № 1 г. Менску, на мінулым тыдні стала вядома, што яго перавялі ў СІЗА № 8 г. Жодзіна. Там яго сёньня наведала адвакат Ганна Бахціна.

Яна паведаміла Радыё Свабода наступнае: «Была ў Эдуарда, ён нармальна пачуваецца, жывы-здаровы. Размаўлялі, сказаў, што нармальнае стаўленьне супрацоўнікаў сьледчага ізалятара, нармальныя ўмовы. Ніякіх прэтэнзій у яго няма».

«Ён прасіў сказаць вялікі дзякуй усім людзям, якія падтрымліваюць яго, і журналістам асабліва за тое, што ёсьць падтрымка», — кажа Бахціна.

Яна прыводзіць словы Эдуарда Пальчыса: «Я ніколі сябе не піярыў, ніколі не хацеў быць палітычным зьняволеным і не хачу ім быць. Я ўсяго толькі выкладаю свае погляды і перакананьні, зьвязаныя зь небясьпекай, якая пагражае з боку Расеі канкрэтна і зьвязаныя з замахам на цэласнасьць, сувэрэнітэт і незалежнасьць Рэспублікі Беларусь».

Бахціна паведамляе, што ў размове зь ёю Пальчыс не прызнае распавальваньня нацыянальнай варожасьці.

«Думаю, што гэта аб’ектыўна і мы прыкладзем усе намаганьні да таго, каб давесьці, што ён мае рацыю. Ён разумны, абаяльны чалавек, які перажывае за інтарэсы сваёй краіны. Годны грамадзянін сваёй краіны», — характарызуе свайго падабароннага адвакат Ганна Бахціна.

Раней Сьледчы камітэт паведаміў Радыё Свабода, што ўпраўленьнем Сьледчага камітэту па Менску расьсьледуецца крымінальная справа ў дачыненьні да 25-гадовага ўраджэнца Гарадзенскай вобласьці паводле ч. 1 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці або розьні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджваньне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

За «распальваньне варожасьці» Пальчысу пагражае арышт на тэрмін да 6 месяцаў ці абмежаваньне альбо пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 год. За «распаўсюд парнаграфіі» — пазбаўленьне волі на тэрмін ад двух да чатырох год.

«Вызначана, што падсьледны, зьяўляючыся адміністратарам сайту www.1863x.com, разьмяшчаў на ім матэрыялы, якія ўтрымліваюць прыкметы распальваньня нацыянальнай варожасьці або розьні, а таксама выявы парнаграфічнага зьместу. Гэта пацьвярджаецца вынікамі праведзеных экспэртызаў», — паведамілі ў СК.

Раней праваабарончы цэнтар «Вясна» выступіў з заявай, у якой запатрабаваў гарантаваць затрыманаму Эдуарду Пальчысу права на абарону — дапусьціць да яго ў Жодзінскае СІЗА адваката.

Эдуард Пальчыс, меркаваны стваральнік і аўтар рэсурсу 1863x.com вядомы пад псэўданімам Jhon Silver экстрадаваны ў Беларусь з Расеі. Спачатку ён знаходзіўся ў СІЗА № 1 Менску, а потым яго перавялі ў Жодзіна.

9 чэрвеня пад сьценамі менскага СІЗА № 1 адбыўся пікет салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG