Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БДУ на беларускую філялёгію возьмуць 22 чалавекі, у Віцебскі ўнівэрсытэт — 4


8 ліпеня пачаўся прыём дакумэнтаў у беларускія ВНУ. Сёлета значна скараціўся прыём на беларускую філялёгію. У Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт на бюджэт на спэцыяльнасьць «беларуская філялёгія» возьмуць толькі 20 чалавек, на платнае аддзяленьне — 2. Летась прахадны бал на беларускую філялёгію быў 208 балаў, а залічана было 32 студэнты. У 1980-я гады на беларускую філялёгію набіралі па 100 чалавек штогод.

Абітурыенты ў БДУ

Абітурыенты ў БДУ

Намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім кажа, што гэта трывожная тэндэнцыя:

«Гэта ня першая хваля і скарачэньня набору на гуманітарныя спэцыяльнасьці. Мы ведаем, што ў апошні час ідзе барацьба паміж фізыка-матэматычнымі, тэхнічнымі спэцыяльнасьцямі і гуманітарнымі. Але праблема ўся ў тым, што шмат хто лічыць, што машына, кампутар можа замяніць чалавека ва ўсім. Магчыма, у нечым яна і можа замяніць, але што тычыцца гуманітарнай сфэры, машына тут ніякім чынам замяніць чалавека ня зможа. Да прыкладу, нягледзячы нават на палёгку рэдактарскай працы (нешта можа быць кампутарызавана, аўтаматычная праверка правапісу і гэтак далей) — усё роўна мы, працуючы са словам, бачым, наколькі цяпер адбываецца зьніжэньне прафэсійнасьці. Людзі перастаюць адчуваць слова, яны перастаюць разумець яго значэньне, і ад гэтага таксама ідзе паніжэньне моўнага ўзроўню і моўнай культуры. Тэндэнцыя гэтая вельмі нядобрая, і калі слаба падрыхтаваныя кадры, у тым ліку і настаўніцкія, то гэта закладае паніжэньне адукацыйнага ўзроўню ў наступных пакаленьнях».

Алена Анісім

Алена Анісім

Алена Анісім кажа, што зусім не рыхтуюцца кадры для дзіцячых садкоў, і прыводзіць прыклад, як у Горадні бацькі спрабавалі адкрыць садок зь беларускай мовай выхаваньня. Дзяцей набралі, а ўзьніклі праблемы з выхавацелямі, якія б валодалі беларускай мовай.

Настаўнікаў беларускай мовы пакуль не павінна бракаваць, таму што раней большыя былі наборы на беларускія аддзяленьні, але калі колькасьць урокаў беларускай мовы павялічаць, зраўняюць з колькасьцю урокаў расейскай мовы, праблемы могуць узьнікнуць:

«Шмат філёлягаў перакваліфікаваліся і перайшлі працаваць у іншыя сфэры. Калі, дапусьцім, не знаходзілі сабе прымяненьня ў настаўніцкай працы, шукалі сабе месца нават на рынках. Акрамя таго, шмат хто зь філёлягаў пераключыўся на выкладаньне расейскай мовы для замежнікаў. Гэта адна з тых сфэраў, якая вельмі запатрабаваная, і раз ужо ў нас вітаецца прыход замежных студэнтаў, то іх навучаюць рускай мове, а не беларускай. І таму таксама менее філёлягаў у беларускамоўнай сфэры».

Сёлета Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Максіма Танка на спэцыяльнасьць «беларуская мова і літаратура» набірае 10 чалавек на бюджэт і 10 чалавек — на платнае аддзяленьне. На беларускую мову і замежную мову таксама набіраюць па 10 чалавек на бюджэт і на платнае. А вось летась прахадны быў на беларускую мову 236 балаў, на беларускую мову і літаратуру з замежнай — 254, то бок конкурс быў вышэйшы, чым у БДУ.

Прыёмная камісія Белдзяржунівэрсытэту

Прыёмная камісія Белдзяржунівэрсытэту

Для параўнаньня: на матэматыку і інфарматыку летась у БДПУ прымалі з 153 баламі, на фізыку і інфарматыку — са 129, на фізыку і тэхнічную вытворчасьць — 118.

Унівэрсытэты ў абласных цэнтрах прапануюць шырэйшыя спэцыялізацыі, але набіраюць адзінкі студэнтаў. Да прыкладу, у Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Пушкіна ёсьць беларуская філялёгія і літаратурна-рэдакцыйная дзейнасьць. Плян прыёму — 18 чалавек на бюджэт і 2 на платнае аддзяленьне.

У Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Машэрава на беларускую філялёгію плян прыёму — 4 чалавекі.

Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт на беларускую філялёгію і літаратурна-рэдакцыйную дзейнасьць набяруць 7 студэнтаў на бюджэт і 2 — на платнае аддзяленьне. На беларускую філялёгію і дзелавыя камунікацыі — адпаведна 8 і 3.

Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт на спэцыяльнасьць «беларуская мова і літаратура» возьме 15 чалавек на бюджэт і 5 на платнае аддзяленьне. Дарэчы, прахадны бал на філфак быў летась усяго 148 балаў.

У першы дзень падачы дакумэнтаў і ў БДУ, і ў БДПУ стаялі даволі вялікія чэргі ахвочых падаць дакумэнты ў першых шэрагах. На філфак і факультэт міжнародных дачыненьняў Белдзяржунівэрсытэту дакумэнты прымалі ў адной аўдыторыі. Будучых міжнароднікаў і дыпляматаў было вельмі шмат, прытым, у асноўным падавалі дакумэнты абітурыенты з даволі высокімі баламі — больш за 300.

Чарга ў БДПУ

Чарга ў БДПУ

Падаваць дакумэнты на філялягічны факультэт абітурыенты пакуль не сьпяшаюцца. Але супрацоўніцы прыёмнай камісіі з гонарам паведамілі, што з раніцы яны прынялі дакумэнты ў некалькіх чалавек, прычым, з даволі высокім сярэднім балам атэстату — 9,4; 8,6; 8,9.

У калідоры пэдагагічнага ўнівэрсытэту

У калідоры пэдагагічнага ўнівэрсытэту

XS
SM
MD
LG