Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці спатрэбіцца Б.Грызлову ягонае пераабраньне?


Старшынём Парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі і Расеі сёньня пераабраны сьпікер расейскай Дзярждумы Барыс Грызлоў.

Пасьля абраньня новага прэзыдэнта Расеі, беларуска-расейскія дачыненьні, перадусім, у эканоміцы будуць перагледжаныя

За кандыдатуру Б.Гызлова аднагалосна прагаласавалі удзельнікі чарговай сэсіі Парлямэнцкага сходу, якая праходзіць сёньня ў Маскве.

Між тым, паводле неафіцыйнай інфармацыі з сталіцы Расеі, гэтая пасада магчыма хутка спадару Грызлову і не спатрэбіцца. Справа ў тым, што ў апараце кандыдата на прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева рыхтуецца новая канцэпцыя саюзнай дзяржавы. Сутнасьць яе скарочана выкладаюць так: максымум эканомікі і мінімум палітыкі. Зыходзячы з гэтага, прапануецца абмежаваць саюзныя органы выключна саюзным урадам, адмовіўшыся і ад саюзнага прэзыдэнта, і ад саюзнага парлямэнту.

З гэтай нагоды палітоляг Уладзімер Нісьцюк адзначае:

“Мне падаецца, ужо ніхто не сумняецца ў тым, што пасьля абраньня новага прэзыдэнта Расеі беларуска-расейскія дачыненьні, перадусім, у эканоміцы будуць перагледжаныя. Маскоўскія аналітычныя цэнтры цяпер у адзін голас заяўляюць, што руху наперад няма толькі таму, што не існуе сучаснай канцэпцыі эканамічнага супрацоўніцтва. Дарэчы, у свой час Рыгор Яўлінскі прапановаў стварыць эканамічны саюз паміж Расеяй і Беларусьсю як падмурак будучых палітычных дачыненьняў.

Я думаю, што надышоў час перагледзіць усю канцэпцыю саюзнага будаўніцтва, пачынаючы з назвы. Саюзная дзяржава, якая мае ў сваім складзе дзьве незалежныя, сувэрэнныя дзяржавы, кожная зь якіх з’яўляецца суб’ектам міжнароднага права, юрыдычна выглядае вельмі некарэктна і ніяк не падыходзіць у канцэпцыі і досьвед, якія ўжо існуюць у сьвеце”.

XS
SM
MD
LG