Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Манёнак: “Сурыкаў пакуль не памыляўся ў прагнозах”


Пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў 11 лютага паведаміў, што цана на расейскі газ для Беларусі вырасьце з 1 красавіка на 10 працэнтаў.


З 1 студзеня Беларусь купляла расейскі газ па цане 119,5 даляра за тысячу кубамэтраў. Ці можна ўжо цяпер казаць, што да канца года цана газу не павялічыцца больш чым на 10 працэнтаў? Чаму расейскі бок адыходзіць ад сваёй жа формулы вызначэньня газу? На гэтыя пытаньні адказвае аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак.

Цыганкоў: Наколькі гэтыя заявы пасла Сурыкава зьяўляюцца “ісьцінай у апошняй інстанцыі”? То бок, ці можам мы сказаць, што сапраўды да канца году кошт газу для Беларусі павялічыцца толькі на 10 працэнтаў?”

Манёнак: “Давайце ўзгадаем, што спадар Сурыкаў пакуль не памыляўся ў сваіх прагнозах. Я так разумею, што беларускі бок выгандляваў даволі прымальныя ўмовы паставак газу і кошт на яго. Хаця некаторыя экспэрты пераконваюць мяне ў тым, што гэты кошт нібыта сапраўды сыходзіць з той знакамітай формулы..”

Цыганкоў: “Вы маеце на ўвазе формулу, што цана газу для Беларусі павінна складаць 67 працэнтаў ад эўрапейскай цаны? Ці можна сказаць, што на гэта ўжо забыліся?”

Манёнак: “Тут ёсьць розныя меркаваньні. Зусім нядаўна я была на канфэрэнцыі, дзе беларускі дзяржаўны экспэрт казаў, што “Газпром” настойвае не на сярэднеэўрапейскім кошце, а на роўнадаходнасьці продажу. Таму быццам бы 160 даляраў – якраз той кошт, па якім Газпрому было б эканамічна выгадна прадаваць газ у Беларусь. Мне ўсё ж такі здаецца, што Газпром афіцыйна заяўляў пра тое, што кошт будзе прывязаны да кошту газа для Польшчы (цяпер гэта каля 300 даляраў), мінус транспартныя выдаткі і дысконт”.

Цыганкоў: “Сурыкаў казаў пра падвышэньне на 10 працэнтаў з 1 красавіка. Але да якога часу? Калі будзе наступнае падвышэньне?”

Манёнак: “Калі для эўрапейскіх дзяржаваў гэтыя цэны будуць мяняцца кожны квартал, карэктавацца ў адносінах да кошту нафты на сусьветным рынку, то для Беларусі пасьля 1 красавіка да канца году павышэньняў ня будзе. Ужо можна казаць, што гэтая славутая формула для Беларусі дзейнічае ня так як для астатніх краінаў”.

Цыганкоў: “Расейскі пасол на прэсавай канфэрэнцыі закрануў і праблему транзыту расейскага газу, заявіўшы: “Мы спачатку закончым будаўніцтва “Nord Stream”, а потым паглядзім, ці патрэбныя нам дадатковыя магутнасьці для перадачы газу”. Наколькі непрыемная для Беларусі такая стратэгія, ці ня можа яна быць перагледжаная?”

Манёнак: “Гэты праект – дзецішча Пуціна, і ён ня будзе пераглядацца, гэта відавочна Ніякія аргумэнты Беларусі і Польшчы не ўспрымаюцца, Расея тут вызначылася. Трэба памятаць, што Расея будуе таксама Паўднёвы паток, і ўжо дамовілася і з Сэрбіяй і з Баўгарыяй. У пэрспэктыве, калі гэтыя праекты будуць рэалізаваныя, то транзытны альянс краінаў, якія яшчэ нядаўна быў магчымы, больш ня будзе мець вялікага сэнсу”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG