Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 лютага Аляксандар Лукашэнка выступіў з вялікай лекцыяй у БДУ. Чаму ў прамове прэзыдэнта Беларусі спалучаліся рэвэрансы ў бок Захаду і чарговыя абразы на адрас апазыцыі? Што прымусіла кіраўніка краіны ці не ўпершыню публічна загаварыць пра праблему палітычных вязьняў? На гэтыя ды іншыя пытаньні Віталя Цыганкова адказвае публіцыст Аляксандар Класкоўскі


Цыганкоў: “Магчыма, адкрыцьцё новага будынку факультэту журналістыкі і дастаткова важная падзея, але не настолькі глябальная, каб прэзыдэнт краіны выступаў на ёй з такім вялікім і значным выступам. Навошта Лукашэнка цяпер пажадаў выступіць з такой вялікай прамовай? Што новага (альбо старога) сказаў ён беларускім грамадзянам?”


Класкоўскі: “Я б вылучыў пытаньне палітычных вязьняў. Наўпрост яны так не называліся, Лукашэнка выкарыстаў эўфэмізм, сказаўшы пра вязьняў, “да якіх Захад мае асаблівыя пачуцьці”. Але факт тое, што ўпершыню на сваю ініцыятыву і перад айчыннай аўдыторыяй кіраўнік дзяржавы ўзьняў гэтую праблему. Раней толькі калі замежныя карэспандэнты яе краналі, дык ён мусіў адказваць.

Я мяркую, гэта сьведчыць пра нарастаньне цікавасьці афіцыйнага Менску да нармалізацыі стасункаў з Захадам, найперш з Эўразьвязам. І гэта ў сваю чаргу тлумачыцца тым, што Расея цісьне ўсё больш жорстка, -- і гэта прыадчыняе заслону над тымі перамовамі, што адбываліся паміж Лукашэнкам і Пуціным у Менску і Сочы. Разам з тым, відавочна, што Менск хоча абмежавацца мінімумам саступак Захаду, бо з вуснаў прэзыдэнта прагучала, што, маўляў, “гэта перагорнутая старонка”, хаця ня ўсе палітвязьні вызваленыя”.

Цыганкоў: “Лукашэнка таксама назваў “існуючую на замежныя грошы” апазыцыю “баявымі атрадамі па правядзеньні чужых інтарэсаў і палітыкі” у Беларусі. Наколькі арганічна гэта спалучаецца – рэвэрансы ў бок Захаду і чарговыя абразы на адрас апазыцыі?”
Пасланьне для палітычных апанэнтаў – “ня цешце сябе нейкімі ілюзіямі.."

Класкоўскі: “Я тут ніякай супярэчнасьці ня бачу,бо ў беларускага кіраўніцтва заўсёды маецца “экспартны варыянт” піяру і іншы, “дзеля ўнутранага спажываньня”. Гэта ж тычыцца і стасункаў з Расеяй. Калі прыяжджаюць правінцыйны журналісты, дык гучыць “мы за вас пад танкі ляжам”, а ў іншых выпадках гучыць, што тлустыя каты гатовыя скупіць усю Беларусь, прыватызаваць нашу сінявокую краіну.

Так і тут. Для Захаду робіцца імітацыя нейкіх лібэральных рухаў, нібыта нейкая адліга, а для сваіх пасланьне рознае. Для цьвёрдага электарату – “ня бойцеся, улада такая ж моцная, як была”, а для палітычных апанэнтаў – “ня цешце сябе нейкімі ілюзіямі, лепей сядзіце і ня рыпайцеся”. Так што ў цэлым – вельмі прадуманы і “шматслойны” піяр”
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG