Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінансавы рынак Беларусі па-ранейшаму паралізаваны ў чаканьні дэвальвацыі. Ускосна пра неабходнасьць «адпусьціць» рубель ужо заявілі і ўрадоўцы, і прадстаўнікі Нацыянальнага банку. Аднак валютны крызыс можа расьцягнуцца на неакрэсьлены тэрмін: каб папоўніць рэзэрвы, улады чакаюць расейскага крэдыту. Тым часам суб’екты гаспадараньня спрабуюць працаваць ва ўмовах самаабвешчанай дэвальвацыі, што тут жа адбілася на коштах спажывецкіх тавараў.

Тыдзень таму Аляксандар Лукашэнка абяцаў стабілізацыю на валютным рынку «цягам бліжэйшых дзён». Але за гэты час падначаленыя адрапартавалі толькі пра намеры: Беларуская валютна-фондавая біржа правядзе альтэрнатыўныя таргі, а што тычыцца сэктару наяўнай валюты, то трэба пачакаць траўня, калі паступіць расейскі крэдыт у аб’ёме 1 мільярд даляраў. Незалежны эканаміст Сяргей Балыкін перакананы: намерам легалізаваць рознасьць рублёвых курсаў улады толькі ўскладняюць становішча:

«Гэта найгоршае рашэньне. Будзе скажацца эканамічная сытуацыя, ствараюцца спрыяльныя ўмовы для ўсялякіх спэкуляцый, бо змогуць зарабляць тыя, хто здолее набыць валюту па нізкім курсе, а прадаць па вышэйшым. А такія асобы будуць, і няцяжка зразумець, што гэта будуць за асобы, да каго яны будуць набліжаныя. Так што вяртаемся ў 1990-я».

Карэспандэнт: «На рынку наяўнай валюты гэта адрэзануе? Для фізычных асобаў дэвальвацыя непазьбежная?».

«Фактычна гэта і ёсьць дэвальвацыя. Што будзе ў абменьніках — насамрэч ня ведаю. Калі будзе такі ж курс, як і безнаяўны, нейкі камэрцыйны, тады валюта зьявіцца. І гэта будзе азначаць прызнаньне гэтай дэвальвацыі, якая фактычна адбудзецца. А калі ў абменьніках застануцца курсы, якія ёсьць зараз, гэта будзе азначаць толькі тое, што валюта там па-ранейшаму ня зьявіцца і насельніцтву нічога набыць так і ня ўдасца. Вось такая дылема».
Калі ў абменьніках застануцца курсы, якія ёсьць зараз, гэта будзе азначаць толькі тое, што валюта там па-ранейшаму ня зьявіцца і насельніцтву нічога набыць так і ня ўдасца.

Вызначаны Нацбанкам афіцыйны курс на 26 красавіка — 3048 рублёў за даляр. Між тым на чорным рынку кошт даляра ўшчыльную наблізіўся да 4000. На міжбанкаўскай біржы зьдзелкі ўвогуле перавысілі 5 тысяч рублёў за даляр, што выклікала незадавальненьне ў Нацбанку — абмежаваньні па максымальнай каціроўцы было загадана зьнізіць да 4500 рублёў. Банкі адказалі своеасаблівым дэмаршам, цалкам спыніўшы 22 красавіка зьдзелкі па куплі-продажы на пазабіржавым рынку.

Экспэрт у фінансавай галіне Анатоль Іваноў лічыць недальнабачнай спробу Нацбанку адміністратыўна трымаць курс. Калі затармазіць непазьбежныя працэсы і ўдасца, то разьвівацца далей усё роўна немагчыма без радыкальных пераўтварэньняў:

«Гэта канчаткова ня вырашыць праблему, таму што ўсё роўна застанецца наяўны курс і безнаяўны. А дваістасьць ці траістасьць курсаў не вырашае ў корані пытаньня да канца. Сёе-тое яны ўжо амаль узаконілі, але ж яшчэ не было таргоў. Давайце паглядзім, да чаго гэта прывядзе. Таму што Нацбанк у таргах удзелу браць ня будзе. Ён адпусьціў у свабоднае плаваньне і хоча заняць чакальную пазыцыю, каб паглядзець, што з гэтага выйдзе, які будзе курс, а калі падтрымліваць, то якія ўкладаньні рабіць. МВФ, я гляджу, кажа: нарэшце першыя крокі зробленыя, але трэба да канца ісьці гэтым шляхам, эканоміць на той жа энэргіі — і цеплавой, і электраэнэргіі, якая выкарыстоўваецца сёньня занадта бескантрольна некаторымі суб’ектамі. То бок прымусіць дзяржаву зайсьці ў рэжым жорсткай эканоміі. У тым ліку, каб і заробкі былі рэальнымі, а не разьдзьмутымі. Так што тут усё ў комплексе».

Ад таго, што адбываецца на фінансавым рынку, цярпяць перадусім шараговыя пакупнікі. Пазбаўленыя свабоднага доступу да валюты, імпартэры аўтаматычна закладаюць у кошт прадукцыі суму, якую давялося пераплаціць за даляры, набытыя падпольна. Гэта ўжо відаць з коштаў некаторых харчоў, завезеных па новых фінансавых схемах: маладая бульба з Францыі — звыш 8 тысяч рублёў за кіляграм, з Эгіпту — больш за 5 тысяч, перац — 35 тысяч, і г.д.

Відавочна, што той мільярд адразу ж пойдзе на пагашэньне крэдытаў, якія браліся раней.
Ва ўмовах далейшай няпэўнасьці адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Таўстыка прадказвае новы віток росту цэнаў. Па яго словах, спадзяваньні на тое, што расейскі крэдыт разьвяжа пытаньне дэфіцыту валюты, марныя. Уладам гэтых грошай хопіць хіба на тое, каб разьлічыцца за ранейшыя запазычанасьці:

«Відавочна, што той мільярд адразу ж пойдзе на пагашэньне крэдытаў, якія браліся раней. Бо мы ж ведаем, што яны мусяць у найбліжэйшым часе сплачваць працэнты па іншых крэдытах. Стопрацэнтна гэта будзе зразумела пазьней, але відавочна, што гэта не разьвязаньне сытуацыі, не паратунак. Бо перадусім трэба мяняць заканадаўства, кабінэт міністраў. Даваць магчымасьць працаваць новым эканамістам, праводзіць кардынальныя рэформы як у заканадаўчай галіне, так і ў палітычнай, фінансавай, і ўсё ж ступаць на рынкавыя рэйкі разьвіцьця эканомікі ў Беларусі, а ня ўпарта трымацца прымусова-загаднай эканамічнай мадэлі».

Тым часам расьце колькасьць банкаў, якія спыняюць ці абмяжоўваюць валютныя апэрацыі па плястыкавых картках. Да іх ліку далучыўся і адзін з буйнейшых у краіне — «Белаграпрамбанк».

***

А тым часам паводле дадзеных Белстату, рэальная заработная плата (заработная плата, разьлічаная з улікам росту спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі) у студзені-сакавіку 2011 г. у параўнаньні з студзенем-сакавіком 2010 г. павялічылася на 25,2%, у сакавіку 2011 г. у параўнанні зь лютым 2011 г. - на 4,8%. Намінальна ў параўнаньні зь лютым 2011 г. сярэдні заробак у краіне павялічыўся на 6,8%, або на 97,9 тыс. рублёў.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, намінальны налічаны сярэднямесячны заробак работнікаў Рэспублікі Беларусь у студзені-сакавіку 2011 г. склаў 1463,7 тыс. рублёў, у тым ліку ў сакавіку - 1537,2 тыс. рублёў.
XS
SM
MD
LG