Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасланьне Аляксандра Лукашэнкі: якія наступствы для незалежнага грамадзтва?


У сваім выступе Аляксандар Лукашэнка абвясьціў курс на далейшае здушэньне апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Ці сапраўды прэзыдэнт бачыць у іх існаваньні крыніцу ўсіх праблем у краіне? Што чакае незалежнае грамадзтва?

Удзельнікі: палітычны і грамадзкі дзеяч Аляксандар Дабравольскі і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Мы» Кірыла Пазьняк.

Кірыла Пазьняк
Аляксандар Дабравольскі
Валер Карбалевіч

Крэпасьць у аблозе


Валер Карбалевіч: «Ніколі раней пасланьне Лукашэнкі не пачыналася зь сюжэту пра тое, што Беларусь — гэта абложаная крэпасьць у атачэньні вонкавых і ўнутраных ворагаў. А цяпер прэзыдэнт растлумачыў, што ворагі — гэта галоўная прычына ўсіх праблем.

Прычым зноў быў падкрэсьлены асобны шлях Беларусі. Лукашэнка адзначыў, што нас хочуць прымусіць быць такімі, як усе, нам хочуць навязаць дэмакратыю ў выглядзе падзелу ўладаў, прыватызацыі. Але дэмакратыя — гэта шлях да анархіі.

Тэзісы ня новыя. Але цяпер яны сфармуляваныя акрэсьлена і на самым пачатку выступу. І другі момант: яны абвешчаныя ў час, калі ўсе кажуць пра крызіс беларускай сацыяльнай мадэлі і неабходнасьць перамен. Як вы ацэньваеце гэта?».

Аляксандар Дабравольскі: «Улада ўпершыню сутыкнулася з маштабным крызісам. Лукашэнка ўвесь час імкнуўся прадухіліць будучыню. Бо наяўная сацыяльная мадэль была аптымальная для ўтрыманьня ўлады. Але гэтая мадэль магла існаваць толькі дзякуючы падтрымцы звонку. Цяпер вонкавая падтрымка зьменшылася.

Цяпер высьветлілася, што палітыка прадухіленьня будучыні беспэрспэктыўная. Ягоная мадэль паказвае сваю нежыцьцяздольнасьць. Лукашэнка спужаўся. Але іншых шляхоў выхаду з сытуацыі, акрамя ўзмацненьня дыктатуры, у яго няма».

Кірыла Пазьняк: «Выступ быў нетрадыцыйны. Ён выглядаў не як пасланьне парлямэнту і народу, а як чарговая нарада зь сілавікамі. Лукашэнка назваў цяперашнюю сытуацыю „асаблівай“. Гэта можна лічыць эўфэмізмам слова „надзвычайны“. Па сутнасьці, мы назіраем увядзеньне надзвычайнага становішча, прынамсі на ідэалягічным і палітычным узроўні.
Ідзе зацісканьне гаек у дачыненьні не да палітычнай апазыцыі, а да грамадзтва.


Ідзе зацісканьне гаек у дачыненьні не да палітычнай апазыцыі, а да грамадзтва. Бо ўва ўмовах, калі абвастраюцца эканамічныя праблемы, адбываецца ціск і з Захаду, і з Усходу, улады баяцца росту публічных грамадзянскіх пратэстаў. А акрамя рэпрэсій, улада дзейнічаць інакш ня ўмее. Акрамя таго, нічога іншага ёй і не застаецца. Бо ўсе іншыя спосабы „разрульваньня“ сытуацыі, напрыклад, гульня ў лібэралізацыю, — гэта рызыка. А „закручваньне гаек“ трэба неяк ідэалягічна абгрунтаваць. Таму і гучаць гэтыя тэзы пра дэмакратыю як зло».

Усіх душыць?


Карбалевіч: «Насамрэч, што ж першае, а што другое? Калі прычыны ўсіх негатыўных момантаў у грамадзкім жыцьці Беларусі, ад валютнага крызісу да тэракту, на думку Лукашэнкі, палягаюць у залішняй лібэралізацыі і дэмакратызацыі, якая мела месца падчас выбарчай кампаніі, то з такой ацэнкі сытуацыі Лукашэнка робіць простую выснову: душыць усіх нязгодных. „Любую „пятую калёну“ мы зьнішчым“, — кажа ён. Дапамогу з-за мяжы — забараніць.

Ці, наадварот, ён ставіць мэту ўсіх душыць, і дзеля гэтага яму спатрэбілася гэтае абгрунтаваньне рэпрэсій, якое прэзыдэнт зрабіў на пачатку выступу?».

Дабравольскі: «Цяпер эканамічная мадэль паказвае сваю неэфэктыўнасьць. Існуе дэфіцыт валюты, курс рубля падае, і гэтыя хвалёныя 500 даляраў сярэдняга заробку ператвараюцца ў 250 даляраў.

У гэтай сытуацыі кіраўнік, які дбае пра лёс краіны, імкнуўся б мадэрнізаваць гэтую мадэль, каб яна пачала працаваць. Але Лукашэнка гаворыць зусім пра іншае. Гэта значыць, што ён найперш імкнецца да захаваньня ўлады. У такім разе бессэнсоўна шукаць першае ці другое».

Пазьняк: «Працэс ціску ніколі і не спыняўся. Наўрад ці ўзрастуць рэпрэсіі супраць апазыцыі і незалежных мэдыяў. Вось Лукашэнка дасылае нейкія сыгналы пра дыялёг з Захадам. Ставіцца задача, каб абмежаваць пратэсты кухнямі і паказаць, што ўлада моцная і яна ня здасца».

Што чакае незалежнае грамадзтва?


Карбалевіч: «Дык, можа, з гледзішча ўладаў такая палітыка „закручваньня гаек“ — самая рацыянальная? Вось апазыцыю загналі ў кут, сацыяльных пратэстаў няма, хоць у краіне эканамічны крызіс. Людзі баяцца. Дык такая палітыка дае патрэбны вынік?».

Дабравольскі: «Апошнія гадоў дзесяць апазыцыя ніякім чынам не перашкаджала Лукашэнку праводзіць сваю палітыку. Таму ціск на апазыцыю не вырашае для яго ніводнай задачы. Таму згодзен з выказанай думкай, што гэта ціск не на апазыцыю, а на ўсіх незадаволеных. А такіх цяпер большасьць. Бо заробкі, рублёвыя банкаўскія ўклады абясцэньваюцца.
Беларусь — краіна з адкрытай эканомікай у цэнтры Эўропы. Няма рэсурсаў, каб закрыць краіну. Гэта проста адцягваньне разьвязкі.


Пакуль такая палітыка эфэктыўная. Але яна беспэрспэктыўная. Беларусь — краіна з адкрытай эканомікай у цэнтры Эўропы. Няма рэсурсаў, каб закрыць краіну. Гэта проста адцягваньне разьвязкі».

Пазьняк: «Сапраўды, пакуль такая палітыка эфэктыўная. Рэпрэсіі супраць апазыцыі маюць плён. Яна разгромленая. І няма каму акумуляваць растучыя пратэсты. Пагрозы і застрашваньні не даюць магчымасьці ўзьнікаць новым лідэрам, а грамадзтву — самаарганізавацца на глебе пратэсту. Адным з мэханізмаў такой самаарганізацыі можа быць інтэрнэт. Таму апошнім часам гучаць заявы з боку афіцыйных асобаў, што яго трэба ўзяць пад жорсткі кантроль».

Карбалевіч: «Ці ёсьць мяжа гэтага ціску, перайшоўшы якую, можна „сарваць разьбу“? Або такой мяжы не існуе, і ціснуць можна бясконца?».

Дабравольскі: «Вось у Паўночнай Карэі якраз такая сыстэма, калі ціснуць можна бязьмежна. Бо яна ў нечым самадастатковая. У Беларусі сытуацыя іншая, яна вельмі моцна залежыць ад вонкавых чыньнікаў.

Улады, адмаўляючыся ад дыялёгу з апазыцыяй, закрываюць шлях да эвалюцыі беларускай мадэлі. І тым самым вядуць краіну да рэвалюцыі, прычым невядома якой».

Пазьняк: «Такая мяжа ёсьць. Гэты глыбіня эканамічнага крызісу».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG