Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомы кінадраматург Уладзімер Халіп гаворыць пра штогадовае пасланьне А.Лукашэнкі, пра стан, у якім апынулася сям’я Халіпаў, і пра культурную катастрофу, якую перажывае Беларусь.

Абламейка: Спадар Уладзімер, камэнтуючы для нашага радыё штогадовае пасланьне А.Лукашэнкі Нацыянальнаму сходу, вы зьвярнулі ўвагу на фразу пра “гэты сьвядомы Менск”. Пра што яна, на вашу думку, сьведчыць?

Халіп: Гэты чалавек зразумеў (напэўна, яму ў свой час далажылі), што ў
У Менску на выбарах Лукашэнка не набіраў такой колькасьці галасоў, каб прайсьці ў першым туры і перамагчы. І вось гэтага ён Менску ня можа дараваць
Менску на выбарах ён не праходзіць. Гэта відавочна, бо на тых выбарчых участках, дзе было сапраўднае назіраньне, дзе прысутнічалі міжнародныя назіральнікі, Лукашэнка не набіраў такой колькасьці галасоў, каб прайсьці ў першым туры і перамагчы. І вось гэтага ён Менску ня можа дараваць. У яго свой пэўны электарат быў заўсёды. Людзі менш адукаваныя, людзі старэйшага ўзросту. Але і гэтых ён сваёй палітыкай, сваімі паводзінамі ў апошні час вельмі расчараваў. І таму яму зараз хацелася б аднавіць тую сытуацыю, якая была раней. Але тое, што прайшло, ужо ня вернецца ніколі. Вінаватая апазыцыя, нейкія "тутэйшыя", як ён гэта падкрэсьліў са злоснай іроніяй. Ён заўсёды, калі хоча каго-небудзь абразіць, пераходзіць на беларускую мову. Таму ў яго і прарвалася наконт тутэйшых і наконт Менску.

Абламейка: Ацэньваючы выступ Лукашэнкі, шэф-рэдактарка газэты "Народная воля" Сьвятлана Калінкіна сказала, што на гэты раз выступ быў нашмат спакайнейшы і ўзважаны, чым раней. Ці так гэта?

Халіп: Мне даволі дзіўна, што спадарыня Сьвятлана, якая заўсёды глыбока аналізуе сытуацыю, гэтым разам зрабіла нейкія саступкі. Зноў гучала тая ж агрэсіўная рыторыка, па сутнасьці не было нічога новага, а ўсё тыя ж ягоныя ідэалягемы, якія ўжо шмат гадоў мы чуем. Кругом ворагі і трэба ўсім рыхтавацца да нейкага адпору. І што ён гатовы абараняць уладу да апошняга. Усё тая ж пазыцыя непрымірымасьці, нянавісьці да дэмакратыі.

Абламейка: Вы належыце да, на жаль, нешматлікага кола беларускіх інтэлектуалаў, якім неабыякавы лёс краіны і народу, нават і ў тым выпадку, калі гэтая краіна і народ, дзеля вядомых прычынаў, ня надта іх шануюць. Таму не магу не задаць вам такое ацэначнае пытаньне. Вы жывяце ў Менску, назіраеце паўсядзённае жыцьцё гараджанаў. Што зьмянілася за 3-4 месяцы пасьля Плошчы?

Халіп:
У нашай сям'і ажно тры зэкі -- мая дачка, яе муж і нават малы Данька
У апошнія час я і мая сям'я трапілі ў асаблівую сытуацыю. У нашай сям'і ажно тры зэкі -- мая дачка, яе муж і нават малы Данька. Цяпер, калі мы рыхтуемся выйсьці з хаты, ён ужо разумее, што трэба пайсьці да гэбістаў і папрасіць у іх дазволу. Ён ужо адчувае сябе зэкам. Таму я, назіраючы тое, што адбываецца навокал, настойліва спрабую знайсьці нейкія станоўчыя знакі. І я іх знаходжу, уявіце сабе. Менавіта ў людзях. Раптам высьветлілася, што пасьля таго хапуну, пасьля таго выбуху энэргіі гэтай злоснай дыктатуры ў нашай краіне выявілася столькі цудоўных людзей, столькі сьмелых і годных, якія нічога не баяцца. Каб вы толькі ведалі, колькі мы атрымалі тэлефанаваньняў, колькі людзей жадаюць падтрымаць нас хоць нечым, прапаноўваюць што заўгодна -- нават прыбраць кватэру і пагуляць з Данькам. І таму я ўпэўнены, што ўсе гэтыя спробы пераламаць Беларусь, зрабіць зь яе нешта іншае, нейкую зацята-савецкую дыктатуру, не атрымаюцца. Усё роўна Беларусь застанецца тым дзіўным цудоўным краем, якім яна заўсёды была, ёсьць і будзе.

Абламейка: Ваша жыцьцё было прысьвечанае беларускай культуры. Як бы вы ацанілі сучасную культурную сытуацыю ў Беларусі і яе пэрспэктывы?

Халіп: Я ацаніў бы яе як культурную катастрофу. Давайце ня будзем далёка хадзіць па прыклады, а паспрабуем узгадаць хоць бы нейкую прыкметную зьяву апошняга году ў беларускай культуры. Калі нават збор твораў Быкава сёньня выдаецца на сродкі, сабраныя людзьмі, і выдаецца за межамі краіны, то пра што ўжо тут можна гаварыць. Мы прыйшлі да апошняе рысы. І ўсе гэтыя шырмачкі, якія ён узводзіць, нібыта нейкія стыпэндыі, нейкія прэміі, якія ён разам зь
Уся беларуская культура сышла ў андэграўнд
Філарэтам выдае сваім асабліва заслужаным дзеячам, якія нічога адметнага не зрабілі ў культуры -- усё гэта фікцыя. А на самой справе сытуацыя жахлівая. Уся беларуская культура сышла ў андэграўнд. Там сапраўды ёсьць прыкметныя зьявы, ёсьць выдатныя творы літаратуры, ёсьць выдатныя творцы, якія могуць прыносіць краіне прыкметныя здабыткі. Але патрэбныя іншыя ўмовы. Як кажуць, птушка ў няволі не сьпявае.

Абламейка: Гаворачы з вамі, спадар Уладзімер, нельга не спытацца і пра вашу дачку Ірыну, якая цяпер знаходзіцца пад хатнім арыштам. Як яна трымаецца, як ацэньвае апошнія падзеі ў краіне, як жывецца яе сыну і вашаму ўнуку Даніку?

Халіп: Мая дачка трымаецца, што ж рабіць. Я з болем у сэрцы гляджу, як ёй цяжка, я бачу гэта кожны дзень. Сытуацыя робіцца проста невыноснай. Уявіце сабе, што пайшоў пяты месяц гэтага дзікага стану. Нават у цяжкім сьне немагчыма было ўявіць, што звычайных людзей, законапаслухмяных, якія сябе нармальна паводзяць у гэтай краіне і толькі маюць адрозныя погляды ад таго чалавека, які кіруе гэтай краінай, трымаюць у якасьці злачынцаў ды якіх вялікіх злачынцаў, якім пагражаюць шалёныя турэмныя тэрміны. Мне ўсё здаецца, што я трапіў у раман Кафкі і рэчаіснасьць вакол мяне -- адтуль. Бо проста ня можа быць, каб у нашым доме жылі чужыя людзі з ГБ, каб я пытаўся ў іх дазволу, ці можна мне з маім унукам выйсьці з хаты ці ўвайсьці ў яе.

Гутарка з Уладзімерам Халіпам, 21 красавіка 2011 году

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG