Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бадай, упершыню Лукашэнку няма чаго сказаць беларускаму народу»


Ці выказаў Аляксандар Лукашэнка ў сваім прэзыдэнцкім пасланьні нейкія стратэгічныя пэрспэктывы разьвіцьця краіны? Ці азначаюць словы беларускага кіраўніка, што менавіта залішняя дэмакратыя прывяла да трагічных падзеяў 11 красавіка, што Беларусь чакаюць новыя замаразкі ў палітычнай сфэры? Чаму Аляксандар Лукашэнка вельмі мала казаў пра апошнія падзеі на фінансавым і валютным рынку, як ён бачыць варыняты іх вырашэньня?


Юры Чавусаў
Валер Булгакаў
Віталь Цыганкоў

На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць палітоляг Юры Чавусаў і галоўны рэдактар часопіса «Архэ» Валер Булгакаў.

«Мяне ў гэтым выступе Лукашэнкі зьдзівіла такая агульная бездапаможнасьць кіраўніка дзяржавы»


Цыганкоў: Давайце спачатку выкажам агульныя ўражаньні пра сёньняшні выступ Аляксандра Лукашэнкі. Ці меў ён нейкія прыкметы стратэгічнага пасланьня ці беларускі прэзыдэнт больш рэагаваў на канкрэтную палітычную сытуацыю?

Чавусаў: Мяне ў гэтым выступе Лукашэнкі зьдзівіла такая агульная бездапаможнасьць кіраўніка дзяржавы. Бадай, упершыню Лукашэнку няма чаго сказаць беларускаму народу. Ніякіх стратэгічных падыходаў не было выказана — не было заяўлена ані захаваньне старога курсу, ані курсу новага.

Ва ўмовах, калі ў грамадзтве сьпее адчуваньне крызісу, адчуваньне таго, што нешта адбываецца (чэргі каля абменьнікаў, нястача прадуктаў) такая «ніякая» прамова магла б мець сэнс, калі б яна грунтавалася на нейкай спакойнай упэўненасьці лідэра, трансьляцыі ўпэўненасьці ў сваіх сілах. Але якраз гэтай упэўненасьці ў прамове Лукашэнкі не было заўважана. Такім чынам, агульная адсутнасьць мэсыджу наклалася на няўпэўненасьць, што чулася ў словах беларускага прэзыдэнта.
Агульная адсутнасьць мэсыджу наклалася на няўпэўненасьць, што чулася ў словах беларускага прэзыдэнта.


Цыганкоў: Лукашэнка сапраўды фактычна нічога не казаў пра валютны крызіс. Прынамсі, тыя, хто чакаў пачуць нейкія канкрэтныя адказы, былі відавочна расчараваныя. Чаму Лукашэнка абраў менавіта такі варыянт — ці таму, што ён ня мае станоўчага рашэньня, ці гэта такая вострая тэма, што Лукашэнка вырашыў яе проста абмінуць?

Чавусаў: Эканамічны складнік у прамове Лукашэнкі быў вельмі невыразным. Адзінае, што можна сказаць, што палітыка «нізавой эканамічнай лібэралізацыі» будзе падтрыманая, прыватны бізнэс на дробным узроўні — гэта тое, што прымаецца дзяржавай. Але ва ўсім астатнім эканамічны блёк у прамове быў наборам супярэчлівых і адпрацаваных штампаў ад скарачэньня адміністраваньня да дзяжурнай тэзы пра памяншэньне праверак прадпрыемстваў. Няма крэатыву, не было ніякіх такіх «разынак» у прамове.

Лукашэнку няма чаго сказаць адносна валютнага курсу, таму ён кажа пра павялічэньне ролі аграпрамысловага комплексу.

«Самі асновы лукашэнкаўскай мадэлі пастаўленыя пад знак запытаньня»


Булгакаў: Сэнс пасланьня ў тым, каб зьменшыць, суцішыць грамадзкія чаканьні на паляпшэньне дабрабыту. Асноўная ідэя прамовы палягае ў канстатацыі таго, што Беларусь уступіла ў глыбокі сыстэмны крызіс і ня варта чакаць лёгкага выхаду зь яго ў найбліжэйшы час. Мяне вельмі ўразілі словы Лукашэнкі, што жыльлёвыя праграмы будуць адкарэктаваныя і што норма 15 квадратных мэтраў на асобу ёсьць «безобразіем».

У перакладзе на нармальную мову гэта азначае, што Беларусь зацягвае паясы, і выдаткоўваньня такіх аб’ёмаў дзяржаўных грошай на будаўніцтва, як гэта было яшчэ некалькі гадоў таму, ужо ня будзе. Гэта толькі адзін з узораў агульнага малюнку. Адчуваньне крызісу, таго, што самі асновы лукашэнкаўскай мадэлі пастаўленыя пад знак запытаньня, прысутнічала ва ўсім спэктры заяваў кіраўніка дзяржавы.
Мяне вельмі ўразілі словы Лукашэнкі, што жыльлёвыя праграмы будуць адкарэктаваныя і што норма 15 квадратных мэтраў на асобу ёсьць «безобразіем».


Беларусь цяпер фактычна наблізілася да вычарпаньня ідэалягічных рамак лукашэнкаўскай мадэлі. Маем сыстэмную нестабільнасьць у эканоміцы, ліхаманку на валютным рынку і выбух у мэтро. На ўсё гэта Лукашэнка вымушаны быў рэагаваць. Як здаецца, ён не спрабаваў гэта тлумачыць шляхам чарговага паляваньня на вядзьмарак. Безумоўна, тэма «пятай калёны» прысутнічала, але, здаецца, у гэтай прамове яна не выконвала такой усеабсяжнай ролі. Гэта можа азначаць, што беларускі рэжым, спрабуючы ратавацца, суцішвае канфрантацыйную рыторыку і будзе рабіць стаўку ізноў на заігрываньне з заходнімі фінансавымі і палітычнымі інстытутамі.

Цыганкоў: Сапраўды, падчас прамовы ў Лукашэнкі гучалі пэўныя прымірэнчыя ноты, наконт Эўропы. «Мы ня будзем праз плот глядзець на эўрапейцаў», «у нашых адносінах узяты тайм-аўт, але ён доўга не працягнецца». Чым тлумачацца такія ноты, ці можна рабіць зь сёньняшняга выступу высновы пра тое, якой будзе надалей беларуская замежная палітыка?

Чавусаў: Я б не ацэньваў гэтыя ноткі як прымірэнчыя. Хутчэй гэта няўпэўненасьць у правільнасьці таго курсу, які быў абраны 19 сьнежня, калі Беларусь аказалася ў сытуацыі спыненьня дыялёгу з Захадам і яскравага расколу ўнутры краіны. Мне падаецца, што ў прамове Лукашэнкі мы можам заўважыць такое спрошчанае разуменьне, чым, паводле Лукашэнкі, ёсьць палітычны працэс. Гэта азначае ціск на апазыцыю і адпаведна супраціў ціску з боку Захаду. Паміж гэтымі лініямі і ажыцьцяўляецца палітычнае лавіраваньне беларускага кіраўніка.

Мне падаецца, што чакаць хуткай адлігі, памяншэньня палітычных рэпрэсіяў — прыкметаў гэтага ў прамове не было. Наадварот, прамова хутчэй была скіраваная на абарону абранага палітычнага курсу, а не на пазначэньне нейкіх новых акцэнтаў у дзяржаўнай палітыцы. Лукашэнка, сапраўды, ня даў каманду «фас», але наўрад ці гэта варта ўспрымаць як праяву гатоўнасьці да прымірэньня ў беларускім грамадзтве.

«Няма ўжо куды больш замарожваць беларускае палітычнае і мэдыйнае поле»


Цыганкоў: Ці азначаюць словы беларускага кіраўніка, што менавіта залішняя дэмакратыя прывяла да трагічных падзеяў 11 красавіка, што Беларусь чакаюць новыя замаразкі ў палітычнай сфэры?

Булгакаў: Няма ўжо куды замарожваць беларускае палітычнае і мэдыйнае поле. Застаецца хіба страляць публічна на плошчах апазыцыянэраў ці ссылаць іх масава ў канцлягеры кудысьці ў мядзьведжыя куткі. Фактычна рэжым апошнія месяцы пасьля 19 сьнежня перайшоў усе свае ранейшыя рамкі ўласных уяўленьняў пра ўнутрыпалітычнае змаганьне і зачышчаў унутрыпалітычнае поле зь вялікай ініцыятывай і энтузіязмам.

Але нягледзячы на ўсю эскаляцыю сілы, гэтая сыстэма, на першы выгляд маналітная, прагапіла, правочыла групу тэрарыстаў, якія прэзэнтуюць гэтак званых «простых беларусаў». Таму самая простая, але зь іншага боку — цынічная і пахабная мадэль тлумачэньня таго, што здарылася 11 красавіка — гэта сьпіхнуць адказнасьць на апазыцыю.

Вяртаючыся да ягоных словаў, я сказаў бы так — зачышчаць ужо няма куды, і як рацыянальны палітык, прамаўляючы такія словы, Лукашэнка найперш сьцьвярджае, што ён і надалей будзе акрэсьліваць правілы гульні. Яны могуць мяняцца ў залежнасьці ад сытуацыі, але аўтарытарная мадэль разьвіцьця — гэта тая сьвятарная карова, перагляд якой стаіць па-за пытаньнем на найбліжэйшыя часы.

«Адчуваньне Лукашэнкам таго факту, што ад яго ягоны палітычны лёс ужо не залежыць»


Чавусаў: Я б не пагадзіўся з Валерам, што Лукашэнка сапраўды адэкватна спрабуе сябе пазыцыянаваць як суб’екта, які акрэсьлівае правілы гульні. Наадварот, гэта прамова палітыка, які разумее, што ён больш не валадар свайго ўласнага палітычнага лёсу, прамова палітыка, які не суб’ект, а аб’ект палітыкі. І гэта стала вынікам таго палітычнага рашэньня, якое было прынята Лукашэнкам 19 сьнежня на сілавое разьвязаньне палітычнай праблемы.

Усё астатняе — гэта мішура, якая павінна схаваць няўпэненасьць і адчуваньне Лукашэнкам таго факту, што ад яго ягоны палітычны лёс ужо не залежыць
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG