Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адсутнасьць у вольным продажы замежнай валюты стала вялікай праблемай для тых беларускіх грамадзянаў, якія зьбіраліся выехаць на адпачынак за мяжу. Хоць турыстычныя фірмы не адмаўляюцца прымаць беларускія рублі, але пералік прыгэтым робяць па курсе ад 5 тысяч рублёў і больш за адзін даляр (амаль у два разы даражэй, чым афіцыйны курс Нацбанку). Акрамя таго, практычна ўсе беларускія банкі ўвялі абмежаваньні на валютныя апэрацыі па банкаўскіх картках за мяжой.

Тое, куды паедуць сёлета на адпачынак беларускія турысты, высьвятлялі рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».


ВІЦЕБШЧЫНА


Сумныя прыгоды зазналі ў Расеі дзеці-турысты зь Віцебшчыны

Настаўніца адной зь віцебскіх школ распавяла, як вазіла шасьціклясьнікаў на экскурсію ў Смаленск. Гэта найбліжэйшы буйны расейскі горад ад Віцебску, і такія экскурсіі для школьнікаў раней былі дужа папулярныя. Але цяпер, калі расейскія рублі ў абменьніках сталі такім жа дэфіцытам, як і астатняя валюта, настаўніцы і дзецям давялося ў падарожжы нялёгка:

«У нас жа, кажуць, адзіная дзяржава! А вось учора езьдзілі на экскурсію. І я не набыла сабе ні булачкі, ні марозіва, ніякага сувэнірчыка. Прыбіральню мы шукалі бясплатную, таму што ня ў кожнага дзіцяці былі тыя 10 рублёў. Шукалі бясплатную, а бясплатных — амаль няма. Во дзе была праблема дык праблема!»

Настаўніца прадбачыла праблемы і паспрабавала набыць расейскія грошы перад паездкай, каб мець іх хаця б на самыя пільныя патрэбы. Але зрабіць гэта не ўдалося:

«Калі быў афіцыйны курс, то было паўсюль навалам валюты, і нават я са сваёй карткай, якая ў беларускіх рублях, магла зьняць даляры — нібыта я іх купляю. А ў рэальнасьці цяпер пад абменьнікамі стаяць студэнты і тыя, хто хацеў бы паехаць на адпачынак ці проста да сваякоў… І што будзе далей — незразумела!».

Спадарыня Вікторыя паабяцала сыну паездку ў Прагу, калі ён паступіць у гімназію. І амаль год зьбірала на гэта грошы, купляючы даляры з кожнага заробку:

«На турыстычную паездку зьбіралі грошы амаль год, а тут усё гэта здарылася…»

«Пачалі зьбіраць грошы, зьбіралі амаль год, а тут усё гэта здарылася… Я, канечне, пляную схадзіць у турагенцыю, спытацца: можа, нам проста візы адчыняць. А мы ўжо неяк сваім ходам, пераначуем недзе ў студэнцкім інтэрнаце… Або возьмем два спальнікі ды папросімся ў нейкі касьцёл, каб дазволілі пераначаваць на падлозе. Хіба ня пусьцяць? Пусьцяць, я думаю… Але ж на паўнавартасны тур з харчаваньнем і адпачынкам мы ўжо не разьлічваем!».
Наш „бюджэтны варыянт“: замест Прагі наведаць Кіеў, а калі не — то паедзем у Воршу.

Вікторыя распавяла, што сын, які ўжо разумее ўсе складаныя акалічнасьці, прапанаваў «бюджэтны варыянт» — паехаць ня ў Прагу, а хаця б у Кіеў. Аднак да лета і такія туры могуць падаражэць:

«Калі ў нас хопіць грошай, то можна паехаць ва Ўкраіну. Ну, а калі не — паедзем хіба ў Воршу. Там жыве матчына сястра, у яе можна пажыць зусім бясплатна.. Што ж — прыгожы беларускі горад!».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Цана валюты ў турагенцтве: эўра — амаль 8000 рублёў, даляр — 5500

Гарадзенскія турапэратары пакуль не даюць канкрэтнага адказу, як пачынаецца турыстычны сэзон ва ўмовах валютнага крызісу.

У турыстычных агенцтвах рэгіёну неахвотна гавораць пра тое, як у іх зараз раскупляюцца пуцёўкі. Праўда, не хаваюць і змрочнага настрою што да адсутнасьці валюты. Вось што кажа дырэктарка аднаго з гарадзенскіх турыстычных агенцтваў.

Спадарыня: «Вядома, пачаліся праблемы, валюты не прадаюць, альбо яе наагул няма. Людзей таму да нас прыходзіць меней, а што далей будзе — невядома».

Яе калега прапануе зайсьці на любы сайт турыстычнага агенцтва і паглядзець, па колькі там пералічваюць рублі ў валюту.
Людзей таму да нас прыходзіць меней, а што далей будзе — невядома.

Спадарыня: «Эўра ў нас каштуе каля васьмі тысяч, а даляр — пяць з паловай, гэта нявыгадны для кліентаў курс. Хто можа, то купляюць недзе ў іншых месцах. Усе перастрахоўваюцца, а калі хочаце ў беларускіх аплочваць, то толькі такі курс».

Пытаюся — у якія краіны цяпер купляюць у вас пуцёўкі?

Спадарыня: «Традыцыйна — у Крым і Баўгарыю, у Турцыю — менш, у Эгіпет — таксама меней, бо пабайваюцца яшчэ туды ехаць. Ёсьць турыстычныя аўтобусы ў Італію і Чэхію, але кліентаў няшмат».

У іншым турыстычным агенцтве на пачатак сэзону глядзяць больш аптымістычна: маўляў, прадалі ўсе турыстычна-санаторныя пуцёўкі ў беларускія санаторыі. Дырэктар агенцтва не засмучаны сытуацыяй.

Спадар: «Ведаеце, у нас ідзе нармальны працэс дадзенага пэрыяду, і я нават не магу сказаць, горш ён ідзе ці лепш. Ад людзей водгукі нармальныя, людзі да нас заходзяць. Але нам як турапэратарам зрабілася складаней, бо за валюту даводзіцца разьлічвацца, вось мы і змагаемся».

Турфірмы палохае невядомасьць што да разьвіцьця сытуацыі на валютным рынку ў Беларусі

Праблема палягае ў тым, як кажа мне адна з супрацоўніц турфірмы, што няма ніякай яснасьці, як будзе разьвівацца сытуацыя з валютай у краіне.

Спадарыня: «Так, стала трохі горш. Усё неяк насьцярожана, але будзем спадзявацца. Мушу сказаць, што таньнейшыя туры бяруць, а што даражэй — ня вельмі…».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Не паедуць на адпачынак, бо грошай няма

Замежны адпачынак для берасьцейцаў гэтым летам можа апынуцца пад вялікім пытальнікам. Турыстычныя фірмы працуюць з разьліку 5000 беларускіх рублёў за даляр. Толькі адзінкавыя турапэратары працуюць па курсе Нацбанку, але гэта праца пакуль сабе на страту. Павышэньне ў іх таксама чакаецца.

Прадстаўніца берасьцейскай турыстычнай фірмы «Янка» кажа, што яе прадпрыемства лічыць за адзін даляр каля пяці тысяч беларускіх рублёў. У такіх варунках адпачынак у Эўропе робіцца недаступны для гараджан:

На сёньняшні дзень мы проста пакуль чакаем, сядзім бяз працы.
«Мы працуем гэтаксама, як і шматлікія фірмы ў Менску. На сёньняшні дзень мы проста пакуль чакаем, сядзім бяз працы. Маем надзею, што, можа, хоць пасьля сьвятаў зьявяцца турысты. Наагул, як мне падаецца, застанецца на гэтае лета толькі адпачынак у Крыме. Эўрапейскія краіны адназначна ня так будуць запатрабаваныя і даступныя, як у мінулым годзе».

Мэнэджэр турыстычнай фірмы «Sunny Travel» прызнаецца, што на сёньня праца вядзецца сабе на страту. Вызначыць, па якім курсе працаваць, надзвычай складана. Але кошты паднімуцца абавязкова, адзначае прадстаўніца фірмы:

«Мы пакуль працуем па курсе Нацбанку. Але мы мяркуем, што будзем лічыць даляр па 3800–4100 рублёў. Працаваць сёлета нашмат складаней, чым у мінулым годзе. Попыту асаблівага не чакаем. Звычайна езьдзяць тыя, хто мае грошы. Увогуле, калі браць апошнія гады, то людзі штораз менш езьдзяць на адпачынак».

Жыхар Берасьця: «Мусім выжываць, а ня думаць пра адпачынак»

Практычна ўсе прадстаўнікі турыстычных фірмаў Берасьця кажуць пра тое, што колькасьць турыстаў зьмяншаецца. Гэта зьвязваюць з сытуацыяй на валютным рынку. Ліцэнзіі на працу з валютай маюць адзінкавыя фірмы. Многія гараджане таксама кажуць, што мусяць выжываць, а ня думаць пра адпачынак, кажа наведнік турыстычнай фірмы «Караван» Леанід:

«Можна зразумець турапэратараў. Няўпэўненасьць у заўтрашнім дні і нараджае гэтыя мітычныя курсы па 5000–6000 рублёў за даляр. Як наагул тут можна працаваць, калі няма ўпэўненасьці ў заўтрашнім дні?».

Лідэр абласной арганізацыі «Свабодны прафсаюз» Валянцін Лазарэнкаў кажа, што некаторыя фірмы пачынаюць лічыць за даляр нават 6000 рублёў. Таму пад пытаньнем застаецца ня толькі летні адпачынак, але і профільнае лячэньне:

«Пуцёўка на лячэньне ва Ўкраіну каштуе каля 380 даляраў ЗША. Мы разьлічвалі, што зможам накіраваць нашых людзей у санаторыі. Але сёньня, калі даляр каштуе каля 5000 рублёў, а то і болей, такія кошты — недасяжныя. Людзі не паедуць на аздараўленьне не таму, што не жадаюць, а таму, што ў іх грошай няма».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Пуцёвак на адпачынак за мяжой сёлета набылі на 50% менш

Зьмяншэньне колькасьці ахвочых выехаць на адпачынак за мяжу і павялічэньне кошту пуцёвак — у такіх умовах працуюць турыстычныя агенцтвы Магілёўшчыны.

У параўнаньні зь леташнім пэрыядам колькасьць пуцёвак, набытых у турыстычных агенцтвах, зьменшылася на пяцьдзясят працэнтаў. Сытуацыю тлумачыць кіраўніца адной з магілёўскіх турыстычных кампаній:
Пакуль курс даляра нестабільны, нам дужа цяжка працаваць. Які ён будзе, гэта неістотна. Галоўнае, каб ён быў стабільны.

«Адпачынак дужа падаражэў. Калі, напрыклад, адпачынак ад маскоўскіх турапэратараў у тую ж Турцыю ці Эгіпет, то турапэратар бярэ па дужа высокім курсе — 5 тысяч за даляр, а эўра — за 5700. Нашы беларускія турапэратары прадаюць туры ў Эўропу — бярэцца курс Нацбанку плюс трыццаць пяць працэнтаў. Гэта проста ў шок нашых турыстаў уводзіць».

Карэспандэнт: «Гэтая сытуацыя, відаць, характэрная для ўсяго рынку турыстычных паслугаў?».

«Так. Пакуль курс даляра нестабільны, нам дужа цяжка працаваць. Які ён будзе, гэта неістотна. Галоўнае, каб ён быў стабільны».

Карэспандэнт: «Гэтая сытуацыя ці можа прывесьці да закрыцьця турыстычных агенцтваў?».

«Так. І ня толькі агенцтваў, але й буйных турапэратараў. Якія могуць пралічыць нешта няправільна альбо ўкласьці грошы не туды».

Даражэюць пуцёўкі і на адпачынак у Беларусі

Даражэюць і пуцёўкі ў дамы адпачынку на Магілёўшчыне. Чаму? Патлумачыла супрацоўніца аднаго зь мясцовых санаторыяў:

«Павялічваецца кошт прадуктаў харчаваньня. Потым жа тарыфы растуць на электраэнэргію, на ацяпленьне. Вада падаражэла. Усе нашы выдаткі падаражэлі працэнтаў на трыццаць. Мы пасылалі на зацьвярджэньне ў міністэрства аховы здароўя».

Ад падаражэлых пуцёвак у мясцовыя санаторыі, здараецца, адмаўляюцца і замежнікі — расейцы. Узровень сэрвісу, на погляд некаторых зь іх, не адпавядае цане пуцёўкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG