Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Служба ў войску: кантрактная ці абавязковая для ўсіх?


Над гэтым пытаньнем разважаюць гарадзенскія мінакі.


Карэспандэнт: “Як вы лічыце, служба ў беларускім войску павінна быць толькі кантрактная або ўсеагульная й абавязковая?”

Спадар: “Я служыў 12 з паловай гадоў, быў танкістам, а калі захварэў, мяне камісавалі й выкінулі... І цяпер я не хачу нават гаварыць пра гэтае войска, бо пакуль ты здаровы, то патрэбны, а калі захварэў, то...”

Спадар: “Я служыў тэрміновую службу, але думаю, што кантрактная служба будзе лепшая. Войска стане больш прафэсійным, а то цяпер прызываюць на паўтара года, чалавек не пасьпее там азнаёміцца з тэхнікай, а яму ўжо служба сканчаецца”.

Хлопец: “Служба павінна быць для ўсіх. Я сам служыў і лічу, што кожны мужчына павінен прайсьці службу, інакш ён не мужчына”.

Спадарыня: “Пляменьнікі мае адслужылі, а сын сканчаў мэдыцынскі факультэт, і там была вайсковая катэдра. Я лічу, што служба ў войску павінна быць абавязковай, бо ўсе мужчыны абавязаны абараняць сваю радзіму, дзяржаву, нас — жанчын і дзяцей”.

Спадар: “Служба ў войску павінна застацца абавязковай для ўсіх, так, як было раней. Кожны хлопец, які пойдзе ў войска, павінен стаць сапраўдным мужчынам”.

Спадар: “Служыць павінны толькі па кантракце. Я сам служыў у войску й ведаю, бачыў, хай гэтым займаюцца людзі прафэсійна, каб з гэтага быў нейкі толк”.

Дзяўчына: “Напэўна, усё ж па кантракце павінны служыць, бо ўсеагульна — гэта занадта прымусова. Няхай у людзей будзе магчымасьць выбраць замест службы вучобу ва ўнівэрсытэце, або набыць добрую спэцыяльнасьць і працаваць”.

Спадар: “50 на 50 і па кантракце, і абавязкова. Гэта аптымальны варыянт для Беларусі”.

Хлопец: “Я служыў не па кантракце. Ад кантрактнікаў толку таксама няшмат, усё робяць салдаты тэрміновай службы”.

Карэспандэнт: “А вам што-небудзь дала служба ў войску?”

Хлопец: “Даведаўся, што такое сапраўдная дружба”.

Спадар: “Толькі па кантракце — можа, хоць умовы лепшыя для службы будуць”.

Спадар: “Як былы вайсковец скажу, што на кантрактнае войска патрэбна вельмі шмат грошай, але войска павінна быць такім. Думаю, што ў Беларусі да гэтага ня хутка прыйдуць”.

Хлопец: “Служба павінна быць кантрактнай, як ува ўсіх цывілізаваных краінах”.

Хлопец: “Я нядаўна вярнуўся з войска – гэта патрэбна кожнаму. Але служыць у нашым войску варта ня больш за год, бо потым няма ніякага сэнсу”.

Хлопец: “Лепш, вядома, служыць па кантракце, каб кожны мог выбраць — або яму ісьці ў войска, або вучыцца ці працаваць”.

Міхал Карневіч, Горадня.
XS
SM
MD
LG