Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэры папярэдзілі міністраў абароны і адукацыі


Старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі зьвярнуўся да міністра абароны Леаніда Мальцава і міністра адукацыі Аляксандра Радзькова з заклікам спыніць перасьлед студэнта Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Зьмітра Жалезьнічэнкі. Лявон Баршчэўскі паведаміў, што дэмсілы пакідаюць за сабой права зьвярнуцца да эўрапейскіх інстытуцыяў, каб спыніць супрацоўніцтва і кантакты з тымі ВНУ, зь якіх пачнуць адлічваць студэнтаў паводле палітычных матываў.


Лявон Баршчэўскі на прэсавай канфэрэнцыі зазначыў, што Зьмітра Жалезьнічэнку забралі ў армію гвалтоўна, калі асноўны вайсковы прызыў ужо скончыўся.
Нагадаем: летась 7 верасьня студэнта-выдатніка матэматычнага факультэту Гомельскага дзяржунівэрсытэту Зьмітра Жалезьнічэнку адлічылі з трэцяга курсу з фармулёўкай “за сыстэматычнае парушэньне правілаў унутранага распарадку”. Сёлета 16 студзеня суд аднавіў Зьмітра на вучобе, але праз тыдзень рэктар выдаў новы загад на яго адлічэньне. Пасьля гэтага хлопца адразу забралі ў войска.
Зьміцер Жалезьнічэнка на знак пратэсту абвясьціў галадоўку.
Лявон Баршчэўскі ў сваім лісьце просіць міністра абароны Леаніда Мальцава адмяніць загад гомельскага вайсковага камісара і не дазваляць, каб войска выкарыстоўвалася дзеля палітычнай расправы над дэмакратычнай моладзьдзю.
Вінцук Вячорка на прэсавай канфэрэнцыі заўважыў, што студэнтаў, якія цяпер знаходзяцца ў турме на вуліцы Акрэсьціна, затрымалі прэвэнтыўна і арыштавалі паводле хлусьлівых абвінавачаньняў. Цяпер яны прапускаюць экзамэны зімовай сэсіі, і на гэтай падставе іх таксама могуць адлічыць.
Гаворыць Вінцук Вячорка:
“Нават у апошнім выпадку, калі заведама невінаватага заведама хлусьліва асуджаюць на падставе хлусьлівых ілжэсьведчаньняў міліцыянтаў-мацяршчыньнікаў, чалавек сядзіць суткі і ў выніку гэтага прапускае заняткі. Гэта што — маральна? З боку акадэмічнай супольнасьці, прафэсараў, сьветачаў розуму, навукі і маралі караць яго паўторна, яшчэ й выгнаньнем з вучобы — гэта ёсьць пытаньне ня ўнутраных статутаў, а гэта ёсьць пытаньне маральнасьці, паводзінаў некаторых кіраўнікоў унівэрсытэту”.
Лявон Баршчэўскі паведаміў, што гаворка ідзе выключна пра сяброў партыі БНФ, бо ў адпаведнасьці з заканадаўствам партыя можа бараніць толькі сваіх сяброў. Але студэнтаў, якім пагражае выключэньне з ВНУ, значна больш. Яны ўваходзяць у іншыя партыі і незарэгістраваныя моладзевыя арганізацыі.
“Калі кіраўніцтва ўнівэрсытэтаў становіцца на пазыцыі абсалютнай сярэднявечнай азіятчыны і звальняе людзей толькі за іх погляды, то мы маем магчымасьці ўплыву і інфармаваньня кіраўнікоў тых міжнародных праграмаў, якія фінансуюць абмены выкладчыкамі, абмены студэнтамі. Мы будзем гэта выкарыстоўваць, каб такім чынам кіраўніцтва нашых унівэрсытэтаў задумалася, што ім выгадней — рэпрэсіі супраць ні ў чым не вінаватых студэнтаў ці міжнародныя сувязі, безь якіх сёньняшні ўнівэрсытэт ня можа існаваць?”
Паводле міжунівэрсытэцкага абмену штогод стажыруюцца за мяжой — у краінах Эўропы, ЗША і Канадзе — сотні студэнтаў і выкладчыкаў з усёй Беларусі. У свой час рэктар БДУАляксандар Казулін, каб захаваць магчымасьць міжнародных сувязяў, скасаваў загад аб адлічэньні студэнта-выдатніка Паўла Севярынца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG