Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Служба ў войску: кантрактная ці абавязковая для ўсіх?


Над гэтым пытаньнем разважаюць віцебскія мінакі.


Карэспандэнтка: “Як вы лічыце, служба ў беларускім войску павінна быць толькі кантрактная або ўсеагульная і абавязковая?”
Хлопец: “І тая, і тая трэба, каб былі. Кантрактная — гэта каб людзям працу даць. А такая — каб хлопцы мужыкамі сталі!”
Дзяўчына: “Такая, як і цяпер. Адпачатку ў войска павінны йсьці ўсе, хто прыдатны паводле стану здароўя. А кантрактнікі — гэта калі пасьля службы застаесься ў войску, і служы сабе далей”.
Спадар: “Я — за кантрактную. Я таксама служыў, яшчэ пры Савецкім Саюзе, і на той час, калі мне было васемнаццаць год, для войска я яшчэ не сасьпеў — ні мазгамі, нічым. Быў пацан, неразумны, і мне зусім не спадабалася! Так што калі адмысловец служыць — гэта нармальна. А калі такія пацаны — то ня трэба гэтага!”
Спадарыня: “Канечне, кантрактная, і гэта безумоўна. Таму што ў 18 год з гэтага хлопца які яшчэ баец можа быць? Ён страчвае час, гады, за якія ён мог бы атрымаць адукацыю, працу, прафэсію. А тым часам палова нашага кірмаша — гэта здаровыя мужыкі, якія гандлююць шкарпэткамі, бялізнай і яшчэ немаведама чым. Лепш бы яны пайшлі ў войска, кантрактнікамі, і за гэта грошы атрымлівалі!”
Хлопец: “Каб і кантрактнікі, і іншыя служылі — паўкантрактная служба. А ўвогуле трэба пераводзіць элітныя войскі — памежныя, унутраныя — на кантрактную аснову, каб яны кантрактныя былі. А астатніх забіраць у якія-небудзь інжынэрныя войскі, каб яны там пастралялі трошкі, дый усё!”
Спадар: “Кантрактная. Чалавек павінен быць зацікаўлены ў сваёй справе. Яму грошы плацяць — ён сваю работу выканаў. А як цяпер? Ніхто ня ведае, трэба хлопцам тое войска ці ня трэба. Школа жыцьця? А дзедаўшчына? Калі ў фільме “Салдаты” паказваюць, гэта сьмешна. А ўсё адно ж гэта ёсьць. І ў наш час — а мы ў мірны час жывём — навошта ўсім служыць, калі гэта могуць рабіць толькі добраахвотнікі?”
Спадар: “Служба ў войску павінна быць толькі на кантрактнай аснове. Але гэта ў нармальнай краіне. А ў нашай дзяржаве, у “лукашэнкаўскім” войску зусім нельга служыць. Я свайго дзіцёнка не аддам у ягоныя рукі!”
Хлопец: “Кантрактная — гэта прасьцей было б. Бо некаторыя хочуць служыць, а некаторыя не. Тады яны “косяць” ад войска, і атрымліваецца ўсё так, як у нас цяпер”.
Дзяўчына: “Кантрактная, бо я хачу, каб мяне баранілі прафэсіяналы. Тыя хлопчыкі, якіх забіраюць у войска гвалтам, па-першае, нічому ня хочуць вучыцца, а па-другое, ня маюць аніякае мэты. Так проста сядзяць там два гады, абы час ішоў. Я не хацела б, каб такія людзі, якія нічога ня ўмеюць, потым абаранялі мяне!”
XS
SM
MD
LG