Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званкі на Свабоду: “Армія стала зброяй помсты ўлады”



Актывіст моладзевых дэмакратычных сілаў, студэнт-выдатнік Гомельскага ўнівэрсытэту Зьміцер Жалезьнічэнка за апазыцыйную дзейнасьць быў адлічаны з унівэрсытэту і гвалтоўна прызваны ў войска. На знак пратэсту ён абвясьціў галадоўку. За гэта чыноўнікі сыстэмы Міністэрства абароны пагражаюць распачаць супраць Зьмітра Жалезьнічэнкі крымінальную справу. Вось як гэта камэнтуюць слухачы Свабоды:

Спадарыня, Пінск: “Прывітаньне! Жалезьнічэнку забралі ў войска. А я ўспамінаю гісторыю, якая здарылася два гады таму з маім сынам, Эдуардам Чуваком. Ён праходзіў агляд па накіраваньні ад ваенкамата, у яго была апэрацыя на шчытападобнай залозе. Але калі сын прыйшоў на мэдкамісію з усімі вынікамі аналізаў, аказалася, што прызыў скончаны, супраць сына распачалі крымінальную справу нібыта за ўхіленьне ад прызыву. А тут аказваецца, што ў армію можна і без камісіі забраць, і пасьля прызыву. Сумна, што армія стала зброяю помсты ўлады. Усяго добрага”.

Спадарыня: “Па Радыё Свабода пра кантрактную службу нашых беларускіх дзяцей. Я згодная і хачу, каб так зрабілі. І яны будуць здаровыя, бо ў войску адбіраюць здароўе”.

Васіль Сільверст, афіцэр запасу, Калінкавічы: “Добры дзень, Радыё Свабода! Нейкі там чыноўнік зь міністэрства абароны кваліфікуе дзеяньні студэнта-вайскоўца Зьмітра Жалезьнічэнкі, які працягвае галадоўку, як крымінал. Маўляў, ён наўмысна робіць шкоду свайму здароўю. На вайсковай мове гэта тлумачыцца так, нібы салдат падрывае такім чынам баяздольнасьць Узброеных сілаў. Я як вайсковы чарнобыльскі ліквідатар лічу, што крымінальную справу патрэбна ўзбудзіць ня супраць таленавітага студэнта, а супраць Міністэрства абароны за тое, што нас, маладых і здаровых рэзэрвістаў, кінулі на доўгі час у Чарнобыль на так званую барацьбу з наступствамі катастрофы на атамнай станцыі. Пасьля гэтай вайсковай службы мы страцілі здароўе, сталі інвалідамі, і вельмі шмат хто ўжо памёр”.

Пётр Сьцяпанавіч: “Зьмітра Жалезьнічэнку выключылі з унівэрсытэту. Для рэктарата дадзенай ВНУ ён быў праблемным хлопцам, бо не хацеў думаць так, як указвалі зьверху. Вучыўся на “выдатна”, значыць, разумны. Таму яго і выключылі, пазбавіліся ад галаўнога болю. І раптам ён спатрэбіўся арміі, каб трапіць у якую, прызыўнікі стаяць у чэргах, і ня ўсе ахвотныя туды трапляюць. Ён абвясьціў галадоўку і зрабіўся галаўным болем ня толькі для камандаваньня часткі, але і для Міністэрства абароны, асобага аддзела, ваенных урачоў шпіталя. А што вы будзеце рабіць, спадары афіцэры, калі Жалезьнічэнка адмовіцца прымаць ваенную прысягу? А гэта яго права, прымаць ці не. Пасьля агляду ў шпіталі зрабіце так, як зрабілі зь ім у ВНУ: выключыце яго з арміі. У суд ён падаваць ня будзе. Усім будзе добра. А вам ня будзе галаўнога болю. З павагай”.

Былога намесьніка рэдактара незалежнай газэты “Згода” Аляксандра Зьдзьвіжкова асудзілі на тры гады турмы за публікацыю карыкатураў на прарока Мухамэда. Слухачы працягваюць выказвацца на гэтую тэму:

Віктар Паўлавіч Добры, Менск: “Цяпер шмат шуму наконт Зьдзьвіжкова. Дык вось, я, канечне, шкадую гэтага шаноўнага журналіста. Але зь ім трэба было зрабіць па-іншаму: не садзіць, а чыгунную пліту на грудзі з надпісам “За дурасьць!” Хіба ён ня ведаў, што робіць, пражыўшы паўстагодзьдзя?!”

Анастас Семяновіч: “Добры дзень, шаноўнае спадарства Радыё Свабода. Наш шаноўны і любімы Аляксандар Зьдзьвіжкоў атрымаў 3 гады турмы “за распальваньне рэлігійнай варожасьці”. Па-першае, лукашэнкаўская ўлада паказала жорсткасьць і вялікае глупства, а акрамя таго, яна прадэманстравала ўсяму сьвету, што эўрапейскія каштоўнасьці для яе — пусты гук. Тыя карыкатуры былі перадрукаваныя ў 143 выданьнях 56 краінаў. У тым ліку і ісламскіх. І нідзе журналісты ня трапілі за гэта ў турму. Даўно настаў час, каб галоўны начальнік Беларусі даў сваю каманду, каб суды, АМАП і міліцыя не няславілі нашу родную Беларусь!”
XS
SM
MD
LG