Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полацак: на плошчу выйшлі каля 100 прадпрымальнікаў


На плошчы перад гарвыканкамам прадпрымальнікі з Полацку ды Наваполацку падпісалі зварот, які перадалі ўладам абодвух гарадоў.


Паводле мясцовага актывіста Валера Шаўчэнкі, несанкцыянаваная акцыя прадпрымальнікаў пачалася з папярэджаньняў пра адміністрацыйную адказнасьць.

“Нас ужо сустракалі! Кіраўнік ідэалягічнага аддзелу Аляксандар Логінаў, які цяпер выконвае абавязкі намесьніка старшыні гарвыканкаму, быў дужа супраць таго, што мы сабраліся. Ён жа выклікаў міліцыю. Але потым ён сам і сказаў, што, здаецца, грамадзкі парадак мы не парушаем”, — распавёў спадар Шаўчэнка.

Разам зь яшчэ трыма ўдзельнікамі акцыі Валера Шаўчэнку запрасілі ў кабінэт да кіраўніцы аддзела гандлю Полацкага гарвыканкаму Ірыны Гукавай. Яна атрымала падпісаны прадпрымальнікамі зварот да мясцовых уладаў, дзе гаворыцца, што ў цяперашніх прадпрымальніцкіх праблемах вінаватыя не яны самі, а неспрыяльная дзяржаўная эканамічная палітыка. Копію гэтага звароту адправілі ў Наваполацкі гарвыканкам.

На думку Валера Шаўчэнкі, прадпрымальнікі добра разумеюць, што мясцовыя ўлады ня ў стане вырашыць праблемы прадпрымальнікаў, створаныя на вышэйшым дзяржаўным узроўні. Аднак мясцовыя ўлады мусяць інфармаваць вышэйшыя ўладныя структуры пра тое, што прадпрымальнікі Полацку й Наваполацку незадаволеныя сваім цяперашнім існаваньнем і патрабуюць зьменаў у заканадаўстве, у тым ліку і адносна ўказу № 760, які забараняе прадпрымальнікам наймаць на працу несваякоў.

У сваім звароце прадстаўнікі малога бізнэсу патрабуюць таксама спыніць перасьлед лідэраў прадпрымальніцкага руху, асуджаных за ўдзел у мінулых акцыях пратэсту ў Менску.

18 лютага прадпрымальнікі з Полацку і Наваполацку таксама мяркуюць паехаць у Менск, каб далучыцца да чарговай акцыі ды змагацца за зьмены ў прэзыдэнцкім указе № 760 і за прыняцьце закону аб малым бізнэсе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG