Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў і Бабруйск: дробныя бізнэсоўцы на плошчы


Акцыя ў Бабруйску
Акцыя ў Бабруйску

Сёньня каля ста пяцідзесяці прадпрымальнікаў у Магілёве й каля пяцісот у Бабруйску выйшлі на цэнтральныя плошчы гэтых гарадоў патрабаваць адмены прэзыдэнцкага ўказу № 760. У Магілёве прадпрымальнікі дамовіліся між сабой не плаціць падаткаў, а ў Бабруйску дэлегацыя прадпрымальнікаў сустрэлася са старшынём гарвыканкаму Дзьмітрыем Бонахавым.

На магілёўскай плошчы Леніна прадпрымальнікі пачалі зьбірацца а дванаццатай гадзіне. Праз гадзіну на плошчы ўжо было каля ста пяцідзесяці чалавек.

Акцыя ў Магілёве
Плошчу Леніна ў Магілёве два дні не прыбіралі ад сьнегу, і ўдзельнікам мітынгу давялося гуртавацца каля праезнай часткі.

Чацьвёра міліцыянтаў без іменных бэджаў — трое маёраў і падпалкоўнік — на адлегласьці назіралі за прадпрымальнікамі. Калі на плошчу прыйшоў магілёўскі палітык Рыгор Кастусёў, міліцыянты спыталіся: “Хто цяпер будзе арганізатарам мітынгу?”

Пастаяўшы на плошчы дзьве гадзіны, прадпрымальнікі вырашылі разысьціся.

“Пастаялі, паказаліся, што мы прыйшлі. Што рабіць далей — не плаціць падаткаў, вось і ўсё. Адзіны варыянт, які можна нас выратаваць. Ня ведаем, што там у Менску, мы за іх перажываем і падтрымліваем ува ўсім”, — зазначыў “Свабодзе” прадпрымальнік, які назваўся Алегам.

Сёньня ў Магілёве зачыненыя ўсе буйныя гандлёвыя цэнтры. На абвестках пазначана — выходны дзень.

25 студзеня прадпрымальнікі зьбяруцца ля магілёўскага ізалятара часовага ўтрыманьня, каб сустрэць Валадара Цурпанава. 10 студзеня ён арганізаваў мітынг прадпрымальнікаў на плошчы Леніна. 15 студзеня Цурпанава затрымалі, а 16-га Ленінскі суд Магілёва пакараў яго дзесяцьцю суткамі адміністрацыйнага арышту.

Тым часам на плошчы Леніна ў Бабруйску пяцьсот прадпрымальнікаў правялі стыхійны дзьвюхгадзінны мітынг, на якім запатрабавалі адмяніць прэзыдэнцкі ўказ № 760.

Яны дамагліся сустрэчы са старшынём Бабруйскага гарвыканкаму Дзьмітрыем Бонахавым. Пра сустрэчу “Свабодзе” распавяла адна з бабруйскіх прадпрымальніц Алена:

“Чалавек сорак схадзілі да нашага мэра. Ён сказаў, што не ўпаўнаважаны такія пытаньні вырашаць”.

У гарвыканкаме перамоўнікі склалі пэтыцыю пра неабходнасьць адмены прэзыдэнцкага ўказу № 760 і пачалі зьбіраць пад ёй подпісы. Мітынг на гэтым скончыўся.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG