Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міністэрства юстыцыі падало ў Вярхоўны суд пазоў аб ліквідацыі рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”.


У паведамленьні міністэрства юстыцыі гаворыцца, што 10 студзеня ў Менску адбыўся несанкцыянаваны мітынг прадпрымальнікаў, у якім разам зь іншымі асобамі ўзяў актыўны ўдзел лідэр “Пэрспэктывы” Анатоль Шумчанка.

“Падчас правядзеньня мітынгу быў паралізаваны рух транспарту па праспкэкце Незалежнасьці цягам гадзіны й 20 хвілінаў. Дзеяньнямі арганізатараў несанкцыянаванага мітынгу, сярод іх аб’яднаньнем “Пэрспэктыва”, нанесена значная шкода інтарэсам грамадзянаў, дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам”, - лічыць міністэрства.

Міністэрства нагадала, што канстытуцыя гарантуе кожнаму свабоду думак, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне, гэтак як і свабоду сходаў і мітынгаў. Аднак гэта павінна ажыцьцяўляцца з улікам устаноўленых законам правілаў і не парушаць правы іншых асобаў.

У паведамленьні гаворыцца, што закон аб грамадзкіх аб’яднаньнях мае норму, што грамадзкае аб’яднаньне можа быць ліквідавана па рашэньні суду за аднаразовае парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

Паводле мін’юста, згодна з законам, грамадзкія аб’яднаньні, адказныя асобы якіх не забясьпечылі патрэбнага парадку арганізацыі і правядзеньня сходу, мітынгу, шэсьця, дэманстрацыі і пікетаваньня, што пацягнула нанясеньне ўрону ў буйным памеры ці істотнага ўрону правам і законным інтарэсам грамадзянаў, арганізацый ці дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам, могуць быць ліквідаваны ва ўастаноўленым парадку.

Паводле міністэрства юстыцыі, у гэтым масавым мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі шэрагу грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партый, сярод якіх АГП, ПКБ і Партыя БНФ.

Мін’юст запатрабаваў ад кіроўных органаў гэтых партый цягам трох дзён даць інфармацыю пра тое, ці былі ўпаўнаважаныя гэтыя асобы на ўдзел у названым масавым мерапрыемстве.

У выпадку, калі гэтыя партыйныя лідэры не былі надзеленыя паўнамоцтвамі, міністэрства патрабуе выказаць афіцыйную пазыцыю партыі адносна іх дзеяньняў на несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Рэспубліканская грамадзкае аб’яднаньне “Пэрспэктыва” заявіла, што “дзяржава адкрыта пачала свайго кшталту вайну, асноўнай мэтай якой ёсьць зьнішчэньне індывідуальных прадпрымальнікаў як клясы”.

Нагадаем, міністэрства юстыцыі падало позву ў Вярхоўны суд аб ліквідацыі аб’яднаньня “Пэрспэктыва”.

“Тое, што ўлады паспрабуюць ліквідаваць “Пэрспэктыву”, было зразумела даўно”, – гаворыцца ў заяве.

“Калі дзяржава адвярнулася ад свайго народу, ёй не патрэбныя прадпрымальнікі і іх падаткі, то тым больш улада зробіць усе намаганьні, каб ліквідаваць арганізацыю, лідэр якой, коштам уласнай свабоды, спрабуе адстаяць эканамічныя і канстытуцыйныя правы прадстаўнікоў дробнага бізнэсу”, - гаворыцца ў заяве “Пэрспэктывы”.

Сябры аб’яднаньня заявілі, што будуць змагацца за сваю арганізацыю да канца.




Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG