Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Канец цытаты": 05.01.2008 – 11.01.2008


Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.


“На выходныя спынена каля 40 працэнтаў па Беларусі. Многія аплацілі падатак толькі на выходныя. Часткова: палову падатку аплацілі, а палову не. А так 40 працэнтаў наагул не гандлюе па Беларусі. У асноўным адсутнічаюць наёмныя асобы. Пакуль жонкі сталі часова. А ў буднія дні 50-70% будзе стаяць”.

Віктар Гарбачоў, лідэр кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” – пра кампанію пратэсту прадпрымальнікаў супраць 760-га указу прэзыдэнта.


“За 10 хвілінаў эфіру на беларускім тэлебачаньні Лукашэнка настроіў супраць сябе адразу ж паўмільёна”.

Анатоль Шумчанка, лідэр рэспубліканскага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” – пра пераднавагоднія выказваньні А. Лукашэнкі на адрас прадпрымальнікаў.


“Выбары паказалі, што ў Грузіі адбыліся радыкальныя зьмены ў бок дэмакратыі, дзе пераможца ня можа мець значна больш за 50%”.

Цімур Якабашвілі, грузінскі палітоляг – пра вынікі грузінскіх выбараў у перадачы “Праскі акцэнт”.


“Я лічу, што дэмакратычныя сілы не павінны проста, як бараны, ісьці на выбары пры любых умовах”.

Аляксандар Мілінкевіч, кіраўнік незарэгістраванага руху “За Свабоду”.


“Некаторыя людзі думаюць, што выбары – гэта гульня, у якой адны ідуць уверх, а іншыя ўніз. Але насамрэч тут справа ідзе пра лёс нашай краіны, пра будучыню нашых дзяцей, і пра нас усіх таксама”.

Гілары Клінтан, кандыдат на прэзыдэнта ЗША ад дэмакратычнай партыі – напярэдадні праймэрыз у Нью-Гэмпшыры.


“Супрацоўнікі Мастоўскага РАУС сказалі ў судзе, што я аддаваў загады, актыўна жэстыкуляваў, фатаграфаваў іх, не даваў ім здымаць відэакамэрай саму сустрэчу, пратэставаў супраць гэтага, і вось у гэтым мая віна”.

Алесь Зарэмбюк, дэмакратычны актывіст з Мастоў, які быў пакараны да штрафам у 525 тысяч рублеў па абвінавачваньні ў арганізацыі ў Мастах сустрэчы з А.Мілінкевічам.


“Вы называеце такія прозьвішчы, што я іх упершыню чую. Тут са сваёй сытуацыяй цяжка разабрацца… Доўга без рэгістрацыі такі чалавек пратрымацца ня можа. Гэта не ўкраінец ці расеец, які можа згубіцца сярод беларусаў. Грузін, як ні круці, мае пэўны калярыт. Калі ён нелегал, то доўга не пратрымаецца”.

Алег Сьлепчанка, прадстаўнік прэсавай службы МУС Беларусі – наконт паведамленьняў пра тое, што былы кіраўнік выбарчага штабу кандыдата на пасаду прэзыдэнта Грузіі Бадры Патаркацышвілі Валеры Гелбахіяні, якога грузінскія ўлады падазраюць у антыдзяржаўнай змове, можа хавацца ў Менску.


“Беларусь пацьвярджае гатоўнасьць быць для вас сапраўдным сябрам і вашым аплотам у Эўропе, вы зрабілі добрае нам – мы вам дабром і адкажам”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – падчас сустрэчы са старшынём Народнага банку Кітаю Чжоў Сяа Чуанем, які прыехаў зь візытам у Менск.


“Было абсалютна відавочна, што Мікалай Дамашкевіч будзе рана ці позна запатрабаваны. Зразумела, чаму. Гэта, бадай, адзін з тых чыноўнікаў, хто найбольш радыкальна праводзіў лінію цяперашняга кіраўніка дзяржавы. Асабліва што тычыцца кадраў. Ну проста вытаптаная зямля засталася на Меншчыне пасьля апошніх васьмі з чымсьці гадоў яго кіраваньня”.

Аляксандар Ярашук, старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў – пра прызначэньне былога старшыні Менскага аблвыканкаму Мікалая Дамашкевіча кіраўніком справаў прэзыдэнта.


“Насельніцтва напалохана той нафтагазавай вайной з Расеяй, якая адбылася мінулым Новым годам. Газавую вайну 2004 году Лукашэнка выйграў поўнасьцю. А вось апошнюю вайну ён прайграў”.

Аляксандар Сасноў, былы міністар працы – пра вынікі апытаньня , праведзенага ў Беларусі ў сьнежні 2007 году літоўскім Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG