Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Канец цытаты": 15.12.2007 – 21.12.2007


Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.


“Нешта ж павінна стрэліць. Ня можа ж быць проста так. Двое сутак размаўляць толькі пра тое, каб потым сказаць, што мы дадзім крэдыт і не падвысім кошты газу?! Трэба ж ведаць – за што?”

Анатоль Красуцкі, намесьнік старшыні камісіі ў міжнародных справах палаты прадстаўнікоў – пра візыт у Беларусь прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.


“Пуцін прыехаў у Беларусь у вельмі цікавай якасьці: па-першае, як прэзыдэнт, а па-другое, ужо і як прэм’ер, прыехаў вырашаць канкрэтныя эканамічныя справы. Абмяркоўваць цэны на газ – гэта не прэзыдэнцкая справа”.

Вадзім Дубноў, расейскі журналіст – у перадачы “Праскі акцэнт” пра візыт у Беларусь У.Пуціна


“Толькі цяпер акрэсьліваюцца некаторыя дэталі таго пагадненьня, якое было падпісанае напрыканцы 2006 году паміж Беларусьсю і “Газпромам”. Паводле дамовы, у першым квартале 2008 кошт газу для Беларусі ня мусіць падвышацца больш чым на 19 працэнтаў. Гэта і здарылася. Таму пра нейкія падарункі для Беларусі казаць нельга”.

Тацьцяна Манёнак, эканамічны аглядальнік газэты “Беларусы і рынак” – у перадачы “Экспэртыза Свабоды” пра абвешчаную “Газпромам” цану на газ для Беларусі на першы квартал 2008 году


“Якія спрэчкі? Ёсьць усясьветныя цэны на газ. Мы ўсім прадаем па ўсясьветных цэнах…А калі мы ў чымсьці камусьці дапамагаем, мы зыходзім з таго, што атрымаем адэкватную кампэнсацыю. Проста пакуль яе ня бачна”.

Уладзімір Пуцін, прэзыдэнт Расеі – у інтэрвію часопісу "Time" у адказ на пытаньне пра спрэчкі Расеі з памежнымі краінамі па энэргетычных праблемах


“Ну магчыма, яшчэ некалькі месяцаў урвяце некалькі шматкоў з украінскіх рэсурсаў. Але ўсё роўна потым вам давядзецца ўсё вярнуць да апошняй кроплі. Запомніце мае словы”.

Юлія Цімашэнка, прэмьер-міністар Украіны – пасьля абраньня на гэтую пасаду


“Калі “Лукойл” – найбуйнейшы пастаўшчык нафты -- пачынае ціснуць, то кіраўніцтва на месцах, я б сказаў, “слабае ў каленках”. Вельмі рэдка знойдзеш кіраўніка прадпрыемства, нават буйнога, у якога “моцныя калені”.

Валянцін Мацкевіч, незалежны эканаміст – пра чуткі аб продажы акцый “Нафтану” расейскай кампаніі “Лукойл”


“Я б не сказаў, што яны ўяўляюць нейкую пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у так званую супольнасьць дэструктыўных элемэнтаў уваходзіць усяго 1 767 асобаў. Мы іх усіх ведаем пайменна, і іх ня робіцца ні больш, ні менш”.

Юры Жадобін, старшыня КДБ – пра апазыцыю


“Лічбы на нашым значку сымбалізуюць тое, што колькасьць незадаволеных аўтарытарнай уладай людзей, насамрэч заўсёды будзе болей, чым пра тое дакладаюць прыдворныя генэралы, галоўнай мэтай якіх зьяўляецца імкненьне супакоіць свайго кіраўніка".

Юрась Губарэвіч, намесьнік старшыні “Руху “За Свабоду” – пра выпуск серыі з лічбай “1768”


“Там і дзяўчаты і хлопцы, усе плакалі. Я, увогуле, калі шчыра, ехала сустракаць Артура. Мы размаўлялі з адвакаткай, і яна казала, што максымум дадуць год. А тут пракурор папрасіў два гады, і мы ўсе ў шоку. Мы скаргаў будзем падаваць цэлую кучу – касацыйных, усялякіх. Мы гэтага так не пакінем. Я думаю, што зараз падымецца кампанія ў абарону Фінькевіча. Улады пашкадуюць, што яны так зрабілі”.

Алена Макарэвіч, моладзевая актывістка – пра суд над Артурам Фінькевічам


“Мы б вельмі хацелі, каб Эўропа адкрыла для нас дзьверы. Для простых людзей, якіх, на жаль, не пускаюць. Мы таксама грамадзяне гэтай Эўропы, грамадзяне той вялікай краіны, якая была тут — Вялікага княства Літоўскага. Сёньняшнія навіны праз “Euronews” мы глядзелі са сьлязьмі на вачах, бо наша краіна магла быць таксама ў Эўропе”.

Спадар у чарзе каля пасольства Польшчы – пасьля уступленьня новых кранаў-сябраў Эўразьвязу ў Шэнгенскую зону
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG