Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” ў мінулым годзе.


СТУДЗЕНЬ

“Ідуць два чалавекі, бачаць, ляжыць каровін ляпёх. Адзін другому кажа: "Вася, ты мог бы за 100 рублеў зьесці гэта?" Вася кажа:"Так, мог бы". Зьеў, Коля заплаціў, ідуць далей, абодва незадаволеныя, бачаць яшчэ адзін ляпёх. Вася кажа: "А ты мог бы зьесьці гэты ляпёх за 100 рублёў?" Коля зьеў, Вася заплаціў, дакладней, вярнуў выйграныя 100 рублёў. Ідуць далей і думаюць: "Якія мы малайцы! Нажэрліся гною і засталіся пры сваіх". Вось гэта кароткі вынік гэтага скандалу”.

Леанід Радзіхоўскі, аглядальнік “Российской газеты" – пра беларуска-расейскі крызіс.


“Мы гатовыя супрацоўнічаць хоць з чортам, хоць з д’яблам, каб забясьпечыць энэргетычную бясьпеку”.

“І Эўропа, і ЗША праявілі прыстойнасьць, і яны прапанавалі нам падтрымку... Беларусь гэтага не забудзе”.


Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – з заяваў на выбарчым участку 14 студзеня.


“Мы хочам супрацоўнічаць з транзытнымі дзяржавамі, але яшчэ раз падкрэсьлю – на ясных і агульных для ўсіх прынцыпах узаемадзеяньня... І таму мы кажам усім: партнэрству, узаемадзеяньню і супрацоўніцтву – так, паразытаваньню – не”.

Уладзімір Пуцін, прэзыдэнт Расеі – падчас прэсавай канфэрэнцыі па выніках перамоваў з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель.


"Шмат прадстаўнікоў беларускай апазыцыі жывуць у сьвеце ілюзіяў, і я мяркую, што іх уласная палітычная кар'ера і скончыцца ў гэтым сьвеце”.

Віталь Портнікаў, палітычны аналітык – у перадачы “Праскі акцэнт”.


ЛЮТЫ

"Я не разумею – зь Ягайлам можна было размаўляць, а ён жа быў антыпольскі – палякаў забіваў, але тым ня менш стаў каралём Польшчы. Дык чаму тады не размаўляць з Лукашэнкам?"

Януш Корвін-Міке, лідэр польскай кансэрватыўна-лібэральнай партыі Унія рэальнай палітыкі – пра магчымасьць перамоваў Захаду зь беларускай уладай.


“Было адчуваньне, што цела зараз разарвецца”.

Аляксандар Казулін, былы кандыдат на прэзыдэнта, вязень калёніі “Віцьба” – пра свой выхад з 53-дзённай галадоўкі.


“А як ставіць храм-помнік чалавеку, які сам быў акупантам? Яго нельга па-прасьцецкаму абвінавачваць. Ён быў чалавекам Расейскай імпэрыі. Ён быў адданы трону, цару, Айчыне ў іхным разуменьні. Ён верна служыў сваёй дзяржаве, выконваў яе загады і быў бліскучым палкаводцам. Але чым гэта абарочвалася для нас? Ён патапіў у крыві паўстаньне Тадэвуша Касьцюшкі. Я тут не разумею. Нядаўна на тэлебачаньні паказалі фільм, прысьвечаны Касьцюшку. Не зачыняюць музэй Касьцюшкі, нават адрэстаўравалі яго – я чытаў пра гэта. І тут жа помнік Сувораву. Гэта адлюстраваньне кашы, якая ў мазгах нашай дзяржаўнай ідэалёгіі".

Валянцін Тарас, пісьменьнік – пра пляны будаўніцтва ў Кобрыне храму ў гонар Аляксандра Суворава.


САКАВІК

“Свабоды няма, але ёсьць вызваленьне”.

Алесь Разанаў, паэт – у перадачы “Вольная студыя”.


“Вы разумееце, мне праз тры месяцы на пэнсію, і мне ўжо ўсё “па-барабану”.

Мянчанка – у адказ на пытаньне “Свабоды” “Што б вы прапанавалі зьмяніць у Канстытуцыі?”


“Хачу сказаць пра Вячорку і Івашкевіча, якія “ня любяць Мілінкевіча”. Што значыць "ня любяць"? Мы ня любім мужчын, мы любім жанчын. А супрацоўнічаць зь Мілінкевічам мы гатовыя. Але так, як гэта робяць мужчыны”.

Віктар Івашкевіч, намесьнік старшыні партыі БНФ, адзін з ініцыятараў сьвяткаваньня Дня Волі – падчас онлайн-канфэрэнцыі на “Свабодзе”.


“Нас было вельмі шмат, часта нечакана шмат, але замала, каб улада надламалася. І павесьці людзей на штурм – я лічыў, што гэта прывядзе да крыві і да сьмерцяў, магчыма”.

Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў – пра падзеі 19 сакавіка 2006 году ў Менску.


“Я ляжала прывязанай. Мяне пастаянна калолі. Калолі наркотык. Мяне папярэдзілі, што я нацыянальны герой і мушу выбіраць — сядзець дома, альбо мяне заб’юць”.

Крысьціна Шацікава, моладзевая актывістка – пра яе ўтрыманьне ў псыхіятрычным шпіталі.


КРАСАВІК

“Я лічу, што калі шукаць нейкіх жывёл, блізкіх па мэнтальнасьці беларусам, то для мяне такімі сымбалічнымі істотамі беларусаў зьяўляюцца бабры. Калісьці я напісаў два радкі: “Мудры народ наш бабёр, апладніўся, пажыў і памёр”.

Алесь Анціпенка, філёзаф – у перадачы «Начная Свабода»


“Я б свайму Віктару сказаў, што ён сёньня і заўтра яшчэ будзе слабейшы за цяперашняга прэзыдэнта. Дык нашто слабейшага падтрымліваць і прасоўваць? А калі гаварыць пра пераемніка, то самага малодшага буду рыхтаваць у пераемнікі. Унікальны чалавек. Можа, мы не дачакаемся, але іншыя пакаленьні беларусаў дачакаюцца. Мае дзеці вось так наеліся маім прэзыдэнцтвам — ніколі: ні адзін, ні другі. Можа, трэці толькі будзе прэзыдэнтам”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – падчас прэсавай канфэрэнцыі для рэдактараў беларускіх газэт.


“Вельмі турбуюцца многія, што калі беларуская мова будзе адзінай дзяржаўнай, ці гэта ня зьнішчыць расейскую мову ў Беларусі? Я іх запэўніваў, што ня зьнішчыць ніколі, што гэта багацьце — ведаць расейскую мову, але яны нам павінны дапамагаць у адраджэньні беларускай”.

Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў – падчас выступу на радыёстанцыі “Эхо Москвы в Санкт-Петербурге”.


“Калі гэта на карысьць прыродзе, то пэўным чынам разьвівае духоўны сьвет чалавека”.

Маладая мянчанка – у адказ на пытаньне “Свабоды” аб стаўленьні да суботнікаў.


“Я лічу, што – не. Я вучылася, скончыла тэхнікум, замуж хутка выйду. Харошы, добры муж у мяне будзе, ён – чулы, заўсёды мяне разумее... Мы жыць, канешне, будзем у Гомелі. Але пра будучыню не задумваліся. Навошта загадваць наперад? Калі загадваць наперад, гэта ніколі не збудзецца”.

Насьця Драбышаўская, гамельчанка, якая нарадзілася ў дзень Чарнобыльскай катастрофы – у адказ на пытаньне Свабоды “Ці паўплывала чарнобыльская катастрофа на Ваш асабісты лёс?”


“Потым нас закінулі ў аўтобус. Пры гэтым яны брудна лаяліся матам. У аўтобусе яны заўважылі, што з намі дзяўчынка дзесяці гадоў. Пачалі запытваць, хто яе бацькі, таксама лаяліся на яе матам. Казалі: мы цябе адвучым хадзіць на такія мерапрыемствы. Дзяўчынка, відаць, была ў шоку. Яна не магла адказаць, як яе клічуць, дзе яна жыве, хто яе бацькі... Таму яе высадзілі недзе ў раёне вуліцы Арлоўскай. Невядома, як яна зарыентуецца — тым больш у такім псыхалягічным стане”.

Кася Галіцкая, актывістка “Маладога Фронту” – пра дзеяньні спэцназу МУС пасьля “Чарнобыльскага шляху”.


"Пуцін таксама будзе вучыць беларускую мову".

Уладзімер Парфяновіч, суаўтар “Менскага маніфэсту беларуска-расейскага яднаньня” – у адказ на пытаньне "Свабоды" "Калі спадар Пуцін будзе прэзыдэнтам гэтай агульнай дзяржавы, то павагі да беларускай мовы будзе таксама больш?"


ТРАВЕНЬ

“Мне ня вельмі гэта падабаецца, бо мне лепш набываць квіток па заніжанаму кошту колькі я захачу, чым нейкая канкрэтная сума грошай, якую я ня буду ведаць, на што патраціць”.

Маладая мянчанка – у адказ на пытаньне “Свабоды” “Як вы ставіцеся да таго, што частку ільгот заменяць грашовымі выплатамі?”


“Прычыны любой вайны трэба перш за ўсё шукаць у памылках і праліках мірнага часу. Іх карані – у ідэалёгіі канфрантацыі і экстрэмізму.Тым больш што і ў нашы дні такіх пагрозаў ня робіцца менш, яны толькі трансфармуюцца, мяняюць сваё аблічча. І ў гэтых новых пагрозах, як у часе Трэцяга Райху – усё тое самае грэбаваньне чалавечым жыцьцём, тыя самыя прэтэнзіі на ўсясьветную выключнасьць і дыктат”.

Уладзімер Пуцін, прэзыдэнт Расеі – у прамове падчас параду ў Маскве ў Дзень Перамогі 9 траўня.


“Міліцыянты хадзілі па дамах і загадвалі жыхарам не адчыняць вокны і форткі, калі картэж Ахмадзінэжада будзе ехаць па горадзе. Паколькі некаторыя менчукі не падпарадкаваліся загаду, спэцслужбы выклікалі пад'ёмныя краіны і зачынялі вокны самі”.

Расейскае выданьне “Газэта” – пра візыт прэзыдэнта Ірану ў Беларусь.


"Узрост і сілы дазваляюць. Таму я з маладымі. І настрой выдатны. Пэрспэктыва Беларусі ў надзейных руках".

Аляксандар Мілінкевіч, стваральнік руху “За свабоду” – пра свой намер уступіць у моладзевую арганізацыю “Малады Фронт”.


“Пасьля Чарнобылю, калі ты адчуваеш сябе біявідам, які можа проста так зьнікнуць, я думаю, што нацыянальны погляд мусіць быць больш гнуткім і шырокім. Нацыянальнасьць – гэта ня толькі тое, што ты гаворыш па-беларуску і лаеш Лукашэнку…”

Сьвятлана Алексіевіч, пісьменьніца – у адказ на пытаньне “Свабоды” ці ня крыўдзіць яе тое, што многія айчынныя крытыкі ня лічаць яе беларускай пісьменьніцай.


ЧЭРВЕНЬ

“Яны вырвалі яго ў мяне з рук, узялі за твар і кінулі ў машыну”.

Крысьціна Шацікава, грамадзкая актывістка - пра затрыманьне яе разам з сынам каля будынку суду, дзе адбываўся суд над Валер'ем Шчукіным.


“Яны маюць свае праблемы, падобныя на нашыя. Як сумна жартуюць многія расейцы, “наш цягнік хутка набліжаецца да станцыі Менск”. Сапраўды, падзяліцца нэгатыўным досьведам карысна, але ў той жа час мы разумеем, што змагаемся з рознымі рэжымамі. Аднак я мяркую, што падзеньне пуцінскага рэжыму дапаможа ім, гэтак жа, як падзеньне рэжыму Лукашэнкі дапаможа нам”.

Гары Каспараў, кіраўнік руху “Іншая Расея” – пасьля перамоваў у Празе з Аляксандрам Мілінкевічам


“Цяперашняя эліта, якая хоча зьмены Лукашэнкі, будзе выкарыстоўваць апазыцыю – гэтую маргінальную вулічную апазыцыю як таран для зьмены ўлады. А ўжо на другім этапе зразумела, што ані Мілінкевіч, ані Лябедзька, ані тым больш Вячорка – ніхто зь іх не атрымае гэтай улады. Яна ізноў апынецца ў руках тых клясычных беларускіх клянаў, якія кіравалі краінай усе гэтыя гады”.

Павал Шарамет, расейскі журналіст – у перадачы “Праскі акцэнт”


”Тыя сем’і, дзе ўпэўненыя ў тым, што ў інтымным жыцьці ў іх усё ідэальна, хутчэй за ўсё, у хуткім часе распадуцца. Таму што як толькі адзін з партнэраў кажа сабе: “У сэксе я ідэальны”, – з таго моманту сэкс у гэтай сям’і памёр”.

Андрэй Туравец, дырэктар Менскага гарадзкога цэнтру сацыяльнай дапамогі сям’і і дзецям.


”Калі мы за год столькі зрабілі, то колькі зробім за тыя 20 гадоў, якія нам яшчэ заставацца ва ўладзе”.

Уга Чавэс, прэзыдэнт Вэнэсуэлы – падчас размовы з Аляксандрам Лукашэнкам.


ЛІПЕНЬ

“Я ўжо чую галасы з ЗША, што мы тут супраць вас нешта зробім эканамічна. Калі толькі такія рэчы хоць найменшым спосабам будуць з боку ЗША, мы зробім самыя жорсткія захады адносна тых прадпрыемстваў і калектываў, якія сёньня працуюць на тэрыторыі Беларусі з боку ЗША”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – з прамовы на ўрачыстым сходзе з нагоды афіцыйнага Дня незалежнасьці 3 ліпеня.


“На пэўны час аўтарытарны лідэр нібыта абараніў грамадзтва, зрабіў такую сумесь турмы і дзіцячага садку”.

Сьвятлана Алексіевіч, пісьменьніца – у перадачы “Праскі акцэнт”.


“Хацеў бы зьвярнуць увагу на сёньняшні дзяржаўны сьцяг. У эстэтычным пляне ён мне глыбока антыпатычны. Разам з тым, у сацыялягічнай праекцыі ён проста містычна дакладны. Чырвоная частка — гэта савецкія людзі. Зялёная частка — гэта тутэйшыя беларусы. І вузенькая стужка бел-чырвона-белага арнамэнту — гэта нацыянальна сьвядомыя беларусы. І палітык, які імкнецца заваяваць уладу і ўтрымаць яе, мусіць у сацыялягічным сэнсе абапірацца на чырвоныя і зялёны колеры. Што і зрабіў Лукашэнка”.

Валянцін Акудовіч , філёзаф – у перадачы “Экспэртыза Свабоды”.


"Я веру, што Беларусь будзе, бо яна ўжо ёсць. Няхай не такая, якой некаму, у тым ліку і мне, мроілася, але ёсць. І ёсць яна, мяркую, менавіта праз тое, што ня стала такой, якой нам мроілася, бо такой яна проста не магла стаць. Не было ёй з чаго – такой – стацца”.

Уладзімер Някляеў, паэт – падчсас онлайн-канфэрэнцыі на сайце “Свабоды”


“Уся рыторыка і ўсе дзеяньні ўладаў мусяць дэманстраваць, што ў нас свая незалежнасьць, а ў вас – свая незалежнасьць”.

Віталь Цыганкоў, аглядальнік Радыё Свабода – у перадачы “Праскі акцэнт” пра сьвяткаваньне апазыцыяй 27 ліпеня.


“Упершыню я дазваляю сабе гучна пра гэта сказаць: Расея хоча прыватызаваць ня толькі асобныя прадпрыемствы, нават бясплатна іх прыхваціць. Яны хацелі б прыватызаваць усю краіну”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – падчас наведваньня рэдакцыі газэты “Советская Белоруссия”.


ЖНІВЕНЬ

"Белтрансгаз" зьяўляецца своеасаблівай Брэсцкай крэпасьцю – калі яе здаць, то за гэтым пачнецца неабарачальная здача ўсіх стратэгічна важных аб'ектаў беларускай эканомікі”.

Валер Булгакаў, рэдактар часопісу “Архэ” – у перадачы “Праскі акцэнт”, прысьвечанай газаваму крызісу.


“А ўжо адносна мужоў ці жонак вышэйпералічаных асобаў (вось перада мной таксама тэкст гэтага паведамленьня зь інтэрнэту) – гэта наагул нагадвае сталінскія законы, калі пад перасьлед траплялі сем’і ворагаў народу. Такое папросту недапушчальна!”

Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі – пра новыя візавыя санкцыі ЗША адносна беларускіх чыноўнікаў.


“І намэнклятура, і апазыцыя, і, дарэчы, Расея і Захад даўно зьмірыліся з тым, што трэба проста чакаць, пакуль скончыцца эпоха Лукашэнкі”.

Вадзім Дубноў, расейскі незалежны журналіст – у перадачы “Праскі акцэнт”, прысьвечанай газаваму крызісу.


“І наагул яна да нас не зьвярталася, каб атрымаць дазвол на аздараўленьне зь дзяўчынкай у Італію. Яна абавязана была паведаміць нам, што зьбіраецца ехаць зь Вікай. Гэта ж дзіця ня ейнае ўласнае. Гэта – дзяржаўнае дзіця”.

Супрацоўніца аддзелу адукацыі Жодзінскага райвыканкаму – Алене Васілеўскай, прыёмнай маці Вікі Мароз, якая хацела вывезьці дзяўчынку на адпачынак у Італію.


“Пітоны ехалі цягніком, аднак без належнага камфорту. Яны знаходзіліся ў купэ правадніцы ў закіданай рабочай вопраткай скрыні”.

Паведамленьне ўкраінскай памежнай службы пра знаходжаньне ў цягніку “Сымфэропаль-Менск” двух пітонаў, якіх нелегальна перавозіла правадніца – грамадзянка Беларусі.


“Калі мяне апошні раз затрымлівалі, то сяджу ў міліцэйскай аўтамашыне, а двухгадовае дзіцё цягне за палец: “Тата, хадзем дахаты!”. Той, хто мяне ахоўвае, кажа яму: “Я яго не адпушчу. Бо калі адпушчу, гэта будзе здрадай радзіме”.

Уладзімер Вялічкін, берасьцейскі праваабаронца – пра дзеяньні берасьцейскай міліцыі.


“Гэта залежыць ад узроўню нашай палітычнай інтэграцыі, а таксама ад пунктаў гледжаньня экспэртаў, дыпляматаў, вайскоўцаў: трэба, можна, калі, як. Я маю на ўвазе аб’екты, якія маюць дачыненьне да ядзернай зброі”.

Аляксандар Сурыкаў, пасол Расеі ў Беларусі – у адказ на пытаньне Інтэрфаксу: “Ці будзе Расея разьмяшчаць на тэрыторыі Беларусі новыя вайсковыя аб’екты (у сувязі з разьмяшчэньнем амэрыканскай СПА ў Эўропе?)”


ВЕРАСЕНЬ

“Не ператварайце звычайную справу ў палітычную. Мы судзілі б тут нават сябра незарэгістраванага таварыства хамячкоў”.

Пракурор – на працэсе над моладзевым актывістам Іванам Шылам.


“Як Вы ставіцеся да Бога?”

Пытаньне, зададзеная слонімцу Юрыю Масюку афіцэрам КДБ, які высьвятляў, ці не ўваходзіць спадар Масюк у незарэгістраваныя хрысьціянскія арганізацыі.


“Уладзімер Канаплёў – гэта, напэўна, адзіны чалавек у атачэньні Лукашэнкі, які сапраўды гэтага Лукашэнку шчыра любіць... Разумееце, ягоная любоў да Лукашэнкі – гэта вельмі дзіўна для нас. Але гэта куды менш брыдка, чым, напрыклад, тая пазыцыя большасьці чыноўнікаў, якія паціскаюць нам з вамі руку пад сталом і кажуць: “Я ж з вамі, я ж такі ж як вы. Але катаваць – гэта мая нават не прафэсія, а так, пасада, якую я займаю часова. А потым, калі ўсё зьменіцца, дык я буду адным зь першых, хто зможа распавесьці ўсю праўду пра крывавыя злачынствы рэжыму”. На мой погляд, усё ж больш сумленна быць такім, як Канаплёў, чым такім, як астатнія”.

Ірына Халіп, журналістка – пра адстаўку Ўладзімера Канаплёва з пасады старшыні палаты прадстаўнікоў.


“Міліцыянты паводзілі сябе вельмі нахабна. Яны абражалі ўсіх дзяўчат. Нахабна і брутальна прапаноўвалі інтымную сувязь... Пагражалі, што яшчэ два тыдні будуць нас трымаць. Вольгу Смалянчук павялі на асабовы дагляд. Міліцыянт імкнуўся, нягледзячы на тое, што ён ёсьць асобай супрацьлеглага полу, прысутнічаць пры даглядзе. Ён казаў, што сам правядзе яе дагляд”.

Хрысьціна Марчук, моладзевая актывістка – пра ўмовы ўтрыманьня затрыманых моладзевых актывістаў і дзеяньні міліцыянтаў.


“Калі думаю пра нашыя партыі, іх заклікі, то нараджаецца адчуваньне: гэта клюбы па ілюзіях. У сацыял-дэмакратаў адна ілюзія, у кампартыі другая, у АГП трэцяя...”

Сьвятлана Алексіевіч, пісьменьніца – у перадачы “Госьць на Свабодзе”


“Што тут думаць?! Калі б я быў шпіёнам, то зусім бы прадаў гэтую краіну”.

Менскі юнак – на пытаньне “Свабоды” “Якія шпіёны найбольш цікавяцца беларускімі сакрэтамі?”


“Я сам бачыў рэзалюцыю: “Перепишите заявление на нормальном языке”... паводле Канстытуцыі ў краіне дзьве дзяржаўныя мовы, і таму такая рэзалюцыя – гэта непавага да дзяржаўнай мовы”.

Рыгор Васілевіч, старшыня Канстытуцыйнага суда – з выступу на канфэрэнцыі пра ўжываньне міжнародных праўных стандартаў у беларускай юрыдычнай сыстэме.


“Калі параўноўваем лічбы з Заходняй Эўропай, тады разумеем, а калі не параўноўваем, тады пагаджаемся”.

Менчанка – на пытаньне “Свабоды” наконт ураджаю:“А вы разьбіраецеся, калі кажуць “столькі і столькі тон сабралі”, – гэта шмат ці няшмат?”


КАСТРЫЧНІК

“Бог паслаў цябе сюды невыпадкова. Ты – кропачка з гэтай маленькай краіны. А як яна маленькая, дык тваё значэньне вельмі вялікае: ты не адзін з многіх, а – адзін. Ты адзін і адзіны!”

Тацяна Севярынец, настаўніца з Віцебску, маці палітыка Паўла Севярынца – пра матывы дзеяньняў палітычна актыўнай моладзі.


“Так, гэта была імправізацыя. Але, як кажуць псыхааналітыкі, кожная імправізацыя ідзе з глыбіні. Значыць, нешта такое там існуе, зьвязаная з гэтымі словамі пра габрэяў нечыстаплотных. Ведаеце, “брудны габрэй” – гэта быў любімы эпітэт гёбэльсаўскай прапаганды. Значыць, нейкая асацыяцыя існуе ў тым, што ён казаў пра Бабруйск”.

Леанід Міндлін, тэлежурналіст – пра наступнае выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, зробленае 12 кастрычніка на прэсавай канфэрэнцыі: "Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад. У яго страшна было зайсьці! Сьвінушнік быў! Гэта ў асноўным быў габрэйскі горад. Ну, вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі”.


ЛІСТАПАД

“Лянота і жыцьцё па прынцыпу “ ай… ёсьць яшчэ час. Можа, пашанцуе”. Але ад такой ляноты нашыя мужыкі вельмі крэатыўныя”.

Руся, вакалістка рок-гурту “Indiga” – у адказ на пытаньне “У чым самая галоўная праблема беларускіх мужыкоў?” падчас онлайн-канфэрэнцыі на “Свабодзе”.


“Мне здаецца, што ўрад у цэлым – фінансавы і сілавы блёкі – пачынаюць абрастаць тваньню... Вы павінны разумець, што я не магу з году ў год паўтараць адно і тое ж. Гэта ператварае ўладу ў сьмяхоцьце”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – на нарадзе па выніках разьвіцьця эканомікі за 9 месяцаў 2007 году.


“Нацыя, як і асобны чалавек, гэта – плён і вынік ня толькі набыткаў, але і стратаў”.

Валянцін Акудовіч, філёзаф – у перадачы “Беларуская Атлянтыда: без бар’ераў”.


“Я мяркую, трэба адмаўляцца ад барацьбы, якая нясе небясьпеку нашым сябрам. Самае каштоўнае, што мы сёньня маем – гэта цудоўныя людзі. Гэта людзі, якія вучацца ў 10-11 клясах, а разважаюць, мысьляць на ўзроўні трыццацігадовых. Нам трэба берагчы гэтых людзей. У гэтых людзей наперадзе нашмат болей важных справаў і нашмат большая місія, чым проста пасядзець у каталажцы. Трэба дзейнічаць так, каб гэта ня мела кепскіх наступстваў. Асноўная мэта – гэта зьмяніць Беларусь”.

Франак Вячорка, сябра “Моладзі БНФ” – падчас выступу на зьезьдзе арганізацыі.


“Любыя выбары – парлямэнцкія і прэзыдэнцкія – пачыналіся і заканчваліся льготамі”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – на нарадзе аб пытаньнях дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі.


“Так, увогуле беларусы цярпімыя — бо церпяць”.

Малады менчук – у адказ на пытаньне “Свабоды” “Ці цярпімыя беларусы?”.


“Дыялёг кошкі з мышкай”

Кася Камоцкая, салістка гурту “Новае неба” – пра сустрэчу кіраўнікоў рок-гуртоў з загадчыкам кіраўніком ідэалягічнага аддзелу адміністрацыі прэзыдэнта Алегам Праляскоўскім


“Самы факт, што гэтыя абразы са сьцяны зьлезьлі і пайшлі да Праляскоўскага – гэта ўжо абурыла людзей”.

Лявон Вольскі, лідэр рок-гурту NRM – у перадачы “Праскі акцэнт” пра сустрэчу музыкаў з супрацоўнікам прэзыдэнцкай адміністрацыі Алегам Праляскоўскім


СЬНЕЖАНЬ


“Забралі нажы, забралі мой нататнік. Чысты нататнік! Я спытала, чаму? Аказваецца, таму што там ёсьць мапа сьвету”.

Вольга Казуліна, дачка палітвязьня Аляксандра Казуліна – пра ператрус перад сустрэчай з бацькам.


“Буш на тэлевізійным экране і ў жывых стасунках — проста дзьве розныя асобы. Ён настолькі нефармальны, настолькі жывы, настолькі заражае энэргетыкай. Першае, што мы пачулі ад прэзыдэнта ЗША, калі ўвайшлі (а было даволі холадна): ну, што, можа віскі? Я ўпершыню бачыў чалавека, які б з такім гумарам расказваў пра нейкія ня вельмі прыемныя для сябе сытуацыі. Ён расказваў і сам клаўся ад сьмеху”.

Анатоль Лябедзька, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі – пра сустрэчу дэлегацыі беларускай апазыцыі з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам.


“Бяда заўжды прыходзіць нечакана. Прадказаць пагрозы дзяржаўнасьці ў краіне, дзе няма прадказальных дзяржаўных інстытуцыяў, вельмі цяжка. Найбольшая пагроза ідзе ад таго, што беларуская дзяржаўнасьць падмацаваная не інстытуцыямі, не культурай, не грамадзянскай супольнасьцю, а ўсяго толькі рэжымам, завязаным на аднаго чалавека”.

Андрэй Дынько, шэф-рэдактар газэты “Наша ніва” – пра візыт прэзыдэнта Расеі У.Пуціна ў Беларусь.


“Мяркую, што ўчорашняе маё зьбіцьцё было зьвязанае з паездкай у Амэрыку. Шмат што пра гэта сьведчыць. Мяне спэцыяльна высунулі за кардон АМАПу і там ўжо, менавіта па-за ім, адсунуўшы ад дэманстрантаў, зьбівалі, паваліўшы на зямлю. А потым кінулі назад са словамі кшталту: "Забірайце свайго, ён у Амэрыку добра зьездзіў".

Зьміцер Хведарук, моладзевы актывіст – пра ягонае зьбіцьцё падчас акцыі пратэсту напярэдадні візыту У.Пуціна ў Беларусь.


“Пуцін прыехаў у Беларусь у вельмі цікавай якасьці: па-першае, як прэзыдэнт, а па-другое, ужо і як прэм’ер, прыехаў вырашаць канкрэтныя эканамічныя справы. Абмяркоўваць цэны на газ – гэта не прэзыдэнцкая справа”.

Вадзім Дубноў, расейскі журналіст – у перадачы “Праскі акцэнт” пра візыт у Беларусь У.Пуціна


“Якія спрэчкі? Ёсьць усясьветныя цэны на газ. Мы ўсім прадаем па ўсясьветных цэнах…А калі мы ў чымсьці камусьці дапамагаем, мы зыходзім з таго, што атрымаем адэкватную кампэнсацыю. Проста пакуль яе ня бачна”.

Уладзімір Пуцін, прэзыдэнт Расеі – у інтэрвію часопісу "Time" у адказ на пытаньне пра спрэчкі Расеі з памежнымі краінамі па энэргетычных праблемах


“Я б не сказаў, што яны ўяўляюць нейкую пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у так званую супольнасьць дэструктыўных элемэнтаў уваходзіць усяго 1 767 асобаў. Мы іх усіх ведаем пайменна, і іх ня робіцца ні больш, ні менш”.

Юры Жадобін, старшыня КДБ – пра апазыцыю
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG