Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаргінец: “Прэзыдэнт зрабіў ЗША апошняе папярэджаньне”


Гэта заявіў старшыня камісіі Савета Рэспублікі ў міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Мікалай Чаргінец на сваёй прэсавай канфэрэнцыі.


Старшыня камісіі Савета Рэспублікі ў міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Мікалай Чаргінец сёньня ацаніў пагрозы Аляксандра Лукашэнкі аб высылцы з Беларусі амбасадаркі Злучаных Штатаў Амэрыкі Карын Ст’юарт як “апошняю кропку, апошняе папярэджаньне ЗША”. Ён таксама дадаў, што “калі ЗША захочуць давесьці справу да гэтага, дык яны тое і атрымаюць”.

Хоць афіцыйна тэма сустрэчы з журналістамі была пазначаная як вынікі міжпарлямэнцкай дзейнасьці ў 2007 годзе, бальшыня пытаньняў тычылася беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў. Найперш журналістаў цікавіў камэнтар да пагрозы Аляксандра Лукашэнкі выслаць з Беларусі амэрыканскага амбасадара. Спадар Чаргінец так пракамэнтаваў гэтую пагрозу:

“Тое, што сказаў наш прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка адносна Злучаных Штатаў Амэрыкі, — гэта ўжо, я б сказаў, апошняя кропка і апошняе папярэджаньне ў гэтай сфэры. ЗША займаюць адносна Беларусі тую ж самую пазыцыю, што і адносна галодных, прыгнечаных краінаў. Зь Беларусьсю гэтага не атрымаецца.

Кіраўнікі ЗША забываюцца на тое, што Беларусь, гэтаксама як і Злучаныя Штаты Амэрыкі, зьяўляецца сузаснавальнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Такіх дзяржаваў ня так ужо і шмат. І ўжо адно гэта кажа пра тое, што сузаснавальнікі павінны знаходзіць для размоваў паміж сабою нейкія іншыя словы”.

Праўда, як заўважыў празь некалькі хвілінаў старшыня міжнароднай камісіі, асабіста ён ня думае, што “справа дойдзе да адкліканьня амбасадаркі. Але калі ЗША захочуць давесьці справу да гэтага, дык яны гэта і атрымаюць”.

Мікалай Чаргінец абвінаваціў ЗША ў тым, што яны “сталі ў авангардзе націску на Беларусь. Ім не падабаецца, што мы будуем дачыненьні з Вэнэсуэлай. Але ж гэта — наша справа”.

"Мы ня ставім ніякіх умоваў ЗША — ні 12, ні 13, ні 14"

Я пацікавіўся ў спадара Чаргінца, ці зьвязвае ён магчымасьці паляпшэньня дачыненьняў паміж Беларусьсю і ЗША зь сёлетнімі прэзыдэнцкімі выбарамі ў Амэрыцы і парлямэнцкімі ў Беларусі?

Старшыня камісіі адказаў, што беларускія парлямэнтары гатовыя і сёньня супрацоўнічаць з ЗША. Але шмат што залежыць ад другога боку. І тут у Мікалая Чаргінца ёсьць пэўныя спадзяваньні:

“Разумееце, мець справу з чалавекам, які не заўжды адкажа на пытаньне, дзе знаходзіцца гэтая Беларусь, але адразу выдае пасылкі, вартыя пракурора, мабыць, вельмі складана. Вельмі складана нават асабіста мець справу з такім чалавекам.

Таму мы чакаем, што разумныя і ўраўнаважаныя сілы, якія ўласьцівыя амэрыканскаму народу, перамогуць на выбарах у гэтай краіне. Мы ня ставім ніякіх умоваў ЗША — ні 12, ні 13, ні 14. Мы проста працягваем ім руку дружбы і кажам: мы хочам з вамі сябраваць”.

Мікалай Чаргінец таксама скардзіўся на тое, што кіраўніцтва ЗША, як ён лічыць, атрымлівае ўсю інфармацыю пра Беларусь выключна з вуснаў прадстаўнікоў апазыцыі.

Палітоляг Ігар Лялькоў кажа, што такія словы нельга ўспрымаць усур’ёз:
Паводзіны беларускага кіраўніцтва апошнім часам нагадваюць паводзіны вядомага сабачкі зь вядомай байкі Крылова. І.Лялькоў


“Злучаныя Штаты маюць дастатковую колькасьць сваіх інфарматараў. У Беларусі працуе амэрыканская амбасада. І таму я лічу, што яны маюць абсалютна аб’ектыўную інфармацыю, незалежную ад паведамленьняў апазыцыі.

Беларуска-амэрыканскія дачыненьні больш важныя для беларускага боку, таму што Беларусь не зьяўляецца сур’ёзным партнэрам Амэрыкі — ні эканамічным, ні палітычным. І да таго ж, яна не ўяўляе сабою нейкай небясьпекі для ЗША.

А вось для некаторых беларускіх прадпрыемстваў ЗША — вельмі сур’ёзны партнэр. І таму Беларусь перадусім павінна быць зацікаўленай у добрых дачыненьнях з ЗША. Аднак паводзіны беларускага кіраўніцтва апошнім часам нагадваюць паводзіны вядомага сабачкі зь вядомай байкі Крылова”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG