Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада ЗША ў Беларусі пракамэнтавала заяву Аляксандра Лукашэнкі ад 30 сьнежня мінулага году.


“ЗША пасьлядоўна казалі беларускім уладам, што мы працягнем прымаць меры адносна беларускіх чыноўнікаў і тых, хто нясе адказнасьць за парушэньне правоў чалавека, уціск дэмакратыі і карупцыю, якія яны выкарыстоўваюць як інструмэнт утрыманьня ўлады.

Мы таксама гатовыя прыняць належныя меры адносна аб'ектаў, якія знаходзяцца ва ўласнасьці альбо кантралююцца такімі асобамі. Заява амбасадаркі ЗША Карэн Ст'юарт на гэты конт на прэсавай канфэрэнцыі 13 сьнежня была зробленая ў поўнай адпаведнасьці з палітыкай Злучаных Штатаў.
Ключ да паляпшэньня амэрыкана-беларускіх стасункаў застаецца ў руках Беларусі. Гэта вызваленьне ўсіх палітзьняволеных і захаваньне асноватворных дэмакратычных нормаў, уключна з свабодай выказваньняў, сходаў і асацыяцый.


А ключ да паляпшэньня амэрыкана-беларускіх стасункаў застаецца ў руках Беларусі. Гэта вызваленьне ўсіх палітзьняволеных і захаваньне асноватворных дэмакратычных нормаў, уключна з свабодай выказваньняў, сходаў і асацыяцый. Мы гатовыя пазытыўна адрэагаваць на рашэньне ўладаў аб вызваленьні ўсіх палітзьняволеных. Такі крок мог бы адкрыць шлях да доўгачаканага паляпшэньня стасункаў”, -- гаворыцца ў заяве.

30 сьнежня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прыгразіў выслаць амбасадара ЗША, калі Злучаныя Штаты Амэрыкі ўвядуць новыя санкцыі супраць Беларусі.Аляксандар Лукашэнка заявіў:

“Як толькі будуць уведзены істотныя для нашай эканомікі санкцыі, то мы адрэагуем вельмі жорстка па ўсіх накірунках, у палітыцы, у эканоміцы і іншых сфэрах. Першы, хто будзе вышпурнуты, гэта будзе амбасадар Злучаных Штатаў”.

Раней на прэсавай канфэрэнцыі амбасадарка ЗША заявіла ў Менску, што амэрыканскі ўрад абдумвае ўвядзеньне дадатковых санкцый адносна беларускіх прадпрыемстваў у 2008 годзе.

Намесьнік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Рынкевіч адносна выказваньняў А.Лукашэнкі заявіў:

“Я лічу, што гэта дастаткова нахабны, недыпляматычны жэст з боку асобы, якая займае пасаду прэзыдэнта Беларусі.

Нават тая фінансавая іньекцыя, якая атрымана рэжымам з боку Расеі, не дазваляе выступаць такім тонам супраць дзяржавы, якая зьяўляецца самай магутнай дэмакратыяй у сьвеце”.

Паводле спадара Рынкевіча, урад ЗША праводзіць найбольш пасьлядоўную палітыку адносна афіцыйнага Менску:

“Падзеі будуць разгортвацца залежна ад таго, які бок возьмуць трансатлянтычныя партнэры ЗША – Эўразьвяз. І Нямеччына, і Францыя павінны заняць больш прынцыповую пазыцыю, якая была б пабудавана на прынцыпах, прапанаваных у лістападзе 2006 году ўраду і беларускаму народу”.

Адносна санкцыяў з боку ЗША і Эўразьвязу старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў:
Лукашэнка хоча езьдзіць па горадзе не на аўтамабілі, як усе, а на танку, і пры гэтым не зьвяртаць увагі, якое сьвятло гарыць – чырвонае ці зялёнае.


“Гэта ж ня санкцыі супраць Беларусі. Гэта санкцыі супраць палітыкі, невыкананьня абавязкаў у міжнароднай сфэры. Гэта тычыцца і правоў чалавека, і свабоды мэдыяў, і правядзеньня выбараў, а ня іх імітацыі. Так што тут прычына ня ў нейкай асаблівай пазыцыі Вашынгтону, а якраз у тым, што Лукашэнка хоча езьдзіць па горадзе не на аўтамабілі, як усе, а на танку, і пры гэтым не зьвяртаць увагі, якое сьвятло гарыць – чырвонае ці зялёнае”.

Паводле былога старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслава Шушкевіча, санкцыі абгрунтаваныя, бо Беларусь не выконвае міжнародных пагадненьняў.

“На пачатку 2008 году будуць вельмі напружаныя стасункі паміж ЗША і Беларусьсю. На мой погляд, наша кіраўніцтва не ўсьведамляе, што гэта такое. Калі за тое, што яны так дзейнічаюць, яны атрымалі расейскі крэдыт, то гэта тым горш. Бо гэта, фактычна, аднаўляецца халодная вайна”.

Восеньню мінулага году ЗША ўвялі санкцыі адносна дзяржаўнага канцэрну “Белнафтахім” з прычыны таго, што беларускія ўлады адмовіліся вызваліць палітзьняволеных. Таксама ўлады ЗША пашырылі сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краіны. Апроч Аляксандра Лукашэнкі і чальцоў ураду, у гэты сьпіс трапілі іншыя чыноўнікі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG