Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі “Экспэртызы Свабоды”: палітоляг Андрэй Фёдараў і дацэнт Маскоўскага інстытуту міжнародных зносінаў Кірыл Коктыш.


Чаму напярэдадні Новага году Аляксандар Лукашэнка выступіў з пагрозай выдаліць з краіны пасла Злучаных Штатаў? Чаму прэтэнзіі былі прад’яўленыя асабіста паслу? Якія наступствы можа мець такі крок афіцыйнага Менску, калі ён сапраўды будзе зроблены?

Дракахруст: "Чаму Аляксандар Лукашэнка прыгразіў выдаліць з краіны пасла Злучаных Штатаў? (“Першы, хто будзе вышпурнуты, гэта будзе амбасадар Злучаных Штатаў”, сказаў ён.) Я нагадаю, што ў ліпені, на сьвяткаваньні Дня Рэспублікі ён ужо абяцаў, што калі ЗША ўвядуць эканамічныя санкцыі адносна Беларусі, то будуць прынятыя самыя жорсткія меры супраць амэрыканскіх прадпрыемстваў, якія працуюць у Беларусі. Пазьней амэрыканскі ўрад увёў санкцыі адносна "Белнафтахіму", але тады крокаў у адказ не было. Зараз папярэджаньне наконт такіх крокаў прагучалі ізноў, але зараз яны ўжо тычацца абвяшчэньня амэрыканскага пасла пэрсонай нон-грата. У чым прычыны гэтага? Андрэй Фёдараў".

Фёдараў
: "У ліпені гэта былі абяцаньні ў чаканьні таго, што адбудзецца. Калі адбылося ўвядзеньне санкцый супраць "Белнафтахіму", відаць, падлічылі, што яны не нясуць такія ўжо вялікія страты, таму і рашучых крокаў у адказ зроблена не было. Я, праўда, ня ведаю, наколькі яны могуць быць, ці шмат у нас працуе амэрыканскіх "прадпрыемстваў і калектываў", як сказаў Лукашэнка ў ліпені, якія маглі б стаць аб'ектамі санкцый у адказ.

Недзе 2 тыдні таму амэрыканскі пасол Карэн Ст’юарт дала прэсавую канфэрэнцыю, што супраць Беларусі могуць быць прынятыя новыя, дадатковыя эканамічныя санкцыі. І вось гэта, на мой погляд, выклікала моцнае раздражненьне ў беларускіх уладаў, тым болей што апошнім часам, як мы ведаем, як быццам наладзіліся добрыя стасункі з Расеяй.

Сукупнасьць гэтых падзей і прывяла да таго, што прэзыдэнт Лукашэнка ўзгадаў і тыя санкцыі, і прэсавую канфэрэнцыю пасла, і пад уплывам апошніх беларуска-расейскіх падзей ён выказаўся такім жорсткім чынам".

Дракахруст: "Кірыл Коктыш, Андрэй ужо сказаў пра "расейскі сьлед" гэтай заявы. Варта прыгадаць, што на мінулым тыдні падчас пасяджэньня саюзнага ўраду прэм’ер-міністар Расеі Віктар Зубкоў даволі рэзка выказаўся наконт амэрыканскіх санкцый адносна "Белнафтахіму", паабяцаўшы, што Расея будзе дамагацца іх скасаваньня. А на Ваш погляд, чаму зараз Лукашэнка выступіў з пагрозай такога амаль беспрэцэдэнтнага кроку ў міжнародных адносінах?"

Коктыш
: "Мне здаецца, перш на перш аўдыторыяй, якой быў адрасаваны гэты message, была не беларуская, а расейская аўдыторыя. Лукашэнка вельмі добра адчувае, што зараз прынцыповы антыамэрыканізм (і ў больш агульным сэнсе – антызаходніцтва) вельмі добра можа легчы на чаканьні расейскага электарату. Гэта тое, што ніколі ня скажа ніводзін кандыдат у расейскія прэзыдэнты, але тое, што можа сказаць Лукашэнка і што можа дазволіць яму так ці інакш разьлічваць на расейскую палітычную прастору.
Гэта парушэньне тых дамоўленасьцяў, якія былі заключаныя між Пуціным і Лукашэнкам падчас сустрэчы 13-14 сьнежня.
К.Коктыш


Так што, калі казаць пра "расейскі сьлед", то цалкам магчыма, што гэта парушэньне тых дамоўленасьцяў, якія былі заключаныя паміж прэзыдэнтамі Пуціным і Лукашэнкам падчас іх сустрэчы ў Беларусі 13-14 сьнежня. Гледзячы па ўсім, гэтыя дамоўленасьці так ці інакш зводзіліся да таго, каб беларускі прэзыдэнт да сакавіка не зьяўляўся ў расейскай палітычнай прасторы і ніякім чынам ня браў удзел у расейскай палітычнай кампаніі. І мне здаецца, што гэтыя дамоўленасьці ўжо парушаныя. Тут гульня ідзе не з расейскімі элітамі, гэта спроба праз галовы расейскай эліты гуляць наўпрост з расейскім электаратам".

Дракахруст: "Сп. Коктыш, і Андрэй, і шмат іншых беларускіх аналітыкаў інтэрпрэтавалі заяву Лукашэнкі наконт магчымага выдаленьня амэрыканскага пасла крыху інакш. Паводле гэтых трактовак Лукашэнка, ізноў апынуўшыся пад расейскім фінансавым і палітычным "парасонам", даў волю сваім антыамэрыканскім памкненьням. Вы ня згодны з такой інтэрпрэтацыяй?"

Коктыш: "Не зусім згодны. Дамоўленасьць з расейцамі азначала, што Лукашэнка атрымаў рэсурс, каб уцягнуць Расею ў канфрантацыю з Захадам, каб зрабіць Беларусь больш неабходнай і аднавіць рэжым расейскіх датацый. Гэта адзін бок гульні. А другі – гэта тое, што Лукашэнка такім чынам, фармальна застаючыся ў межах дамоўленасьцяў з Пуціным 13-14 сьнежня, пачынае іх парушаць і рабіцца цэнтрам прыцягненьня для расейскага электарату. Гэта тое, што найменш пажадана для расейскай эліты, але гэта тое, што ён добра ўмее рабіць. Разам з тым, тыя намеры і дамоўленасьці, якія беларускі прэзыдэнт меў з Захадам, зараз сталі для яго менш прывабнымі ці з фінансавага, ці з палітычнага пункту гледжаньня, чым тая прастора, якую ён для сябе зараз убачыў".

Фёдараў:"Я ня згодны з калегам Коктышам. На мой погляд, гэта больш гульня на расейскае кіраўніцтва. Я ня ведаю, ці былі адмысловыя дамоўленасьці, каб беларускае кіраўніцтва выступіла супраць амэрыканцаў з той ці іншай нагоды, але ён можа лічыць, што гэта будзе ліць ваду на млын расейскіх уладаў.
Лукашэнка можа лічыць, што гэта будзе ліць ваду на млын расейскіх уладаў. А.Фёдараў


Мы бачым, што зараз робіцца ў самой Расеі: заявы Крамля робяцца ўсё больш фантастычнымі, ажно да таго, што "ўсясьветная закуліса" рыхтуе змовы з мэтай разваліць Расею. У тым жа накірунку эвалюцыянуе і зьнешняя палітыка Масквы – да прынцыпова антызаходняй і найперш антыамэрыканскай. І беларускае кіраўніцтва спрабуе падыграць Расеі ў гэтым сэнсе і пацьвердзіць сваю прыхільнасьць да іх".

Коктыш: "Трэба адрозьніваць піяр ад рэальнай палітыкі. На ўзроўні піяру расейская эліта можа, зразумела рабіць тыя ці іншыя заявы і захады. Але калі паглядзець на эканамічную палітыку, а гэта толькі адзіны сапраўдны ўзровень палітыкі ў сёньняшняй Расеі, то гэта больш празаходняя палітыка, чым была пры Ельцыне.

Увесь расейскі стабілізацыйны фонд ляжыць у Злучаных Штатах, усе расейскія даўгі заходнім дзяржавам выплачаныя цалкам, ва ўсіх сваіх зьнешнепалітычных ініцыятывах ЗША хай не адразу, але праз год-два атрымліваюць падтрымку Расеі. Я не кажу пра грамадзтва, але тое, што эліта Расеі сёньня - празаходняя, гэта факт".
Сёньня эканамічная палітыка Расеі больш празаходняя, чым пры Ельцыне. К.Коктыш


Дракахруст: "Андрэй, на Ваш погляд, чаму Лукашэнка надаў сваім абвінавачваньням на адрас пасла такі асабісты характар? Ён абвінаваціў спадарыню Ст’юарт у тым, што яна сустракаецца з апазыцыяй і заявіла пра магчымыя новыя санкцыі адносна Беларусі.

Але ўсе ведаюць , што пасол – выканаўца загадаў. Загадае Масква расейскаму паслу Сурыкаву сустракацца зь беларускай апазыцыяй кожны дзень – будзе сустракацца. Загадаюць з Вашынгтону Карэн Ст’юарт забыць нават дарогу да беларускай апазыцыі – забудзе”.

Фёдараў: "Мне падаецца, што ён вырашыў усё ж не паліць масты канчаткова. Зразумела, што рашэньні аб санкцыях прымае прэзыдэнт Злучаных Штатаў. І, магчыма, з пункту гледжаньня Лукашэнкі, калі б ён выступіў наўпрост супраць прэзыдэнта ЗША, гэта было б занадта".
Лукашэнка вырашыў усё ж не паліць масты канчаткова
А.Фёдараў


Дракахруст: "Я пачаў з таго, што высылка пасла – акт амаль беспрэцэдэнтны. Калі спадарыня Ст’юарт будзе высланая, то апынецца ў неблагой кампаніі. Знакаміты амэрыканскі палітоляг Джордж Кенан у 1952 годзе быў паслом ЗША ў Маскве і быў высланы з СССР за тое, што параўнаў антыамэрыканскую атмасфэру ў сталінскай Маскве з пэрыядам ягонага палону ў нацысцкай Нямеччыне.

Але ці сапраўды беларускія ўлады выканаюць сваю пагрозу? І калі так, то што гэта азначае – разрыў дыпляматычных адносінаў?"

Коктыш: "Не, гэта ні ў якім разе не разрыў дыпляматычных адносінаў. Наагул, гэта здараецца ў дыпляматычнай практыцы. Гэта будзе прыпыненьне дыпляматычных адносінаў, калі пасольства застаецца, але пасол не прысутнічае. Ён можа не прысутнічаць і год, і два.

Высылка пасла – гэта пагроза, якую ня могуць не заўважыць і на якую ня могуць не зрэагаваць. Гэта ня высылка шэраговага суппрацоўніка пасольства. Але паўтаруся – гэта ня ёсьць спыненьне ці разрыў дыпляматычных адносінаў, гэта нешта на мяжы".

Дракахруст: "Андрэй, а якія Вашыя адказы? Наколькі рэальная пагроза высылкі? А калі яна будзе зрэалізаваная, то якія наступствы гэта будзе мець?"
Я зьвярнуў увагу на словы Лукашэнкі, што пасол будзе высланы, калі санкцыі нанясуць Беларусі "значныя страты".
А.Фёдараў


Фёдараў: "Наконт рэальнасьці – я не магу гэтага выключыць, ведаючы эмацыйны характар беларускага кіраўніцтва. Я, дарэчы, ня ўпэўнены, што ў ЗША ёсьць вялікія магчымасьці, каб нанесьці моцны эканамічны ўдар Беларусі. Я зьвярнуў увагу на словы Лукашэнкі, што пасол ЗША будзе высланы , калі новыя санкцыі нанясуць Беларусі "значныя страты". Калі ж гэта адбудзецца, то мы напэўна пачуем шмат жорсткіх заяваў з абодвух бакоў. Сапраўды, наўрад ці будуць разарваныя дыпляматычныя адносіны. Але нічога добрага гэта не прынясе.

Тут яшчэ шмат што будзе залежаць ад таго, як павядуць сябе ў гэтай сытуацыі краіны Эўразьвязу, ці падтрымаюць яны сваіх калегаў па трансатлянтычнай супольнасьці, ці будуць праводзіць больш мяккую палітыку".
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG