Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчая кампанія стартавала – Лукашэнка падпісаў указ аб прызначэньні выбараў на 17 кастрычніка


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня Аляксандар Лукашэнка падпісаў Указ аб прызначэньні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Галасаваньне адбудзецца 17-га кастрычніка. Для пачатку выбарчай кампаніі Цэнтральная камісія па выбарах і правядзеньні рэфэрэндумаў павінна забясьпечыць выбарчыя камісіі, грамадзкія арганізацыі й палітычныя партыі належнымі дакумэнтамі. Першае пасяджэньне Цэнтравыбаркаму прызначана на 15 ліпеня.

На паседжаньні Цэнтральнай камісіі будзе зацьверджаны каляндарны плян асноўных этапаў падрыхтоўкі й правядзеньня выбараў. Патлумачвае сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік.

(Лазавік: ) ”Не пазьней за 2 жніўня мусяць быць утвораны акруговыя выбарчыя камісіі. Да 15 жніўня павінны быць утвораны ўчасткі для галасаваньня, і не пазьней за 1 верасьня – участковыя выбарчыя камісіі. Адпаведна з Выбарчым кодэксам, вылучэньне кандыдатаў на дэпутаты пройдзе ад 8 жніўня па 6 верасьня ўлучна. Рэгістрацыя адбудзецца цягам дзесяці дзён – з 7 да 16 верасьня. Як толькі кандыдат на дэпутаты атрымае пасьведчаньне аб рэгістрацыі, ён мае права пачынаць сваю агітацыйную працу. У яго на гэта будзе месяц: з 16 верасьня да 16 кастрычніка ўлучна”.

А як будзе сёлета ажыцьцяўляцца назіраньне за выбарамі? Бо падчас мінулых перадвыбарчых кампаній беларускія палітычныя партыі, грамадзкія актывісты й міжнародныя арганізацыі шмат крытыкавалі беларускія ўлады за неспрыяльныя ўмовы назіраньня за выбарамі.

Гаворыць сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік.

(Лазавік: ) ”Я ўжо неаднойчы гаварыў, што беларускае заканадаўства дае назіральнікам дастаткова шырокія правы. Прычым, гэтыя правы ў шэрагу выпадкаў нават больш шырокія, чым правы назіральнікаў, азначаныя БДІПЧ АБСЭ. Зыходзячы з вопыту правядзеньня папярэдніх выбарчых кампаній, мы пастараемся забясьпечыць, каб гэтыя выбары праходзілі адкрыта, празрыста, і каб назіральнікі мелі магчымасьць ажыцьцяўляць свае функцыі ў поўным аб’ёме. Іхныя правы й абавязкі ясна запісаны ў выбарчым заканадаўстве, а задача камісій стварыць ім умовы для рэалізацыі паўнамоцтваў".

(Карэспандэнт: ) “Значыць, нічога новага ня будзе?"

(Лазавік: ) ”Натуральна, калі заканадаўства не мяняецца, мы ня маем права самі прымаць нейкія новыя нормы. Мы дзейнічаем у межах дзейнага заканадаўства як законаўжывальны орган”.

На першым паседжаньні камісіі будзе прынятая пастанова аб парадку дзейнасьці замежных і міжнародных назіральнікаў у часе падрыхтоўкі й правядзеньня выбараў.

(Лазавік: ) ”Прычым, тут таксама ніякіх абмежаваньняў, параўнальна з папярэднімі выбарамі, у нас няма. Мы папросту стараемся стварыць ім рэжым найбольшага спрыяньня, каб яны маглі ў поўным аб’ёме назіраць за хадою падрыхтоўкі й правядзеньня выбараў”.

Тым часам старшыня Цэнтральнай камісіі Лідзія Ярмошына атрымала ліст ад кіраўніцы рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Уты Цапф. У гэтым пасланьні Цапф нагадвае Ярмошынай пра зьмест дэклярацыі, падпісанай з афіцыйнай дэлегацыяй Палаты прадстаўнікоў у Эдынбургу. Паводле Цапф, эдынбурская дэклярацыя падкрэсьлівае важнасьць Ацэначнай місіі БДІПЧ, адбытай сёлета ў чэрвені, якая распрацавала восем рэкамэндацый па рэалізацыі выбарчага заканадаўства. Спадарыня Цапф мяркуе, што выкананьне гэтых рэкамэндацый выявіць меру прыхільнасьці беларускіх уладаў да прынцыпаў, закладзеных у сумеснай заяве.

Сакратар камісіі Мікалай Лазавік запэўнівае, што зьмест лісту спадарыні Цапф будзе даведзены да ўсіх сябраў Цэнтравыбаркаму, і менавіта камісія вырашыць, ці трэба ёй нешта адказваць.

(Лазавік: ) ”Тое, што тут запісана ў сумеснай дэклярацыі не патрабуе нейкіх дадатковых рашэньняў Цэнтральнай камісіі альбо зьмены дзейнага заканадаўства. Цяперашняе заканадаўства дазваляе выконваць усе ўмовы, азначаныя ў гэтай сумеснай заяве”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG