Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах адбыліся акцыі прадпрымальнікаў


Сёньня ў рэгіёнах Беларусі прадпрымальнікі правялі шэраг акцый, скіраваных на адмену прэзыдэнцкага ўказу № 760. У некаторых месцах улады затрымлівалі мясцовых актывістаў.


Першае тэлефанаваньне “Свабода” атрымала ад Віктара Крываля. Ён — лідэр прадпрымальніцкага руху на Меншчыне. Яго затрымалі ў вёсцы Хатляны Ўзьдзенскага раёна:

“Яшчэ не было 7 гадзін раніцы. Я якраз выходзіў на вуліцу па гаспадарчых справах. Гляджу — тры міліцыянты стаяць з Узьдзенскага РАУС. Прыехалі на спэцыяльнай аўтамашыне. Далі паперы, што ім загадана затрымаць мяне”.

Акрамя Віктара Крываля, затрымалі і пад канвоем даставілі ў Менскую абласную пракуратуру рэгіянальных актывістаў Аляксандра Таўстыку і Аляксандра Цацуру.

Тым часам у рэгіёнах пачаліся акцыі прадпрымальнкаў. Пра тое, што адбывалася ў Віцебску, паведамляе Браніслава Станкевіч:

“А 10-й раніцы прадпрымальнікі прыйшлі ў цэнтар занятасьці насельніцтва, каб даведацца пра свае пэрспэктывы пасьля ўступленьня ў сілу прэзыдэнцкіх указаў. На свае пытаньні, аднак, яны адказаў не атрымалі. Усе спадзяюцца, што сёньняшняя акцыя прадпрымальнікаў у Менску паўплывае неяк на агульную сытуацыю”.

У Сьветлагорску ўдзельнікаў акцыі пратэсту чыноўнікі запрасілі ў цэнтральны палац культуры. З месца падзеі — грамадзкая актывістка Ірына Савасьцеева:

“Напаленая тут сустрэча. І, вядома, адказаў на нашыя пытаньні ў чыноўнікаў няма. Калі гандляры выказваюць свой боль, калі кажуць, што ў іх дзеці-інваліды, то ў адказ чуюць толькі адгаворкі: “Вы разумееце, што ня мы прымаем такія рашэньні, мы тут мусім толькі іх выконваць...”.
У адказ чуюць толькі адгаворкі: “Вы разумееце, што ня мы прымаем такія рашэньні, мы тут мусім толькі іх выконваць...”.

У Баранавічах прадпрымальнікі незадаволеныя вынікамі сёньняшніх перамоваў з мясцовымі чыноўнікамі. Актывіст Алег Лабко інфармуе:

“Старшыня выканкаму заявіла, што “мы ўсіх уладкаваць на працу ня зможам. Цяжарныя жанчыны, а таксама жанчыны, у якіх дзеці да трох гадоў, не атрымаюць нічога. Жанчынам, якім 35 гадоў і больш, працы ў Баранавічах няма. Можаце не спадзявацца”.

Таксама сёньня грамадзкая акцыя прадпрымальнікаў прайшла ў Бабруйску. І, як адзначае сябра аргкамітэту па стварэньні грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Алег Пашко, кампанія пратэсту атрымае працяг:

“Цягам месяца акцыі адбудуцца ва ўсіх буйных гарадах. Гэта будзе ланцуг акцыяў. Ужо будуць падаваць заяўкі на мітынгі абласныя цэнтры. У Горадні на 19 сьнежня ўжо пададзеная заяўка”.

XS
SM
MD
LG