Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі назіраюць за апазыцыяй з “Мэрсэдэсаў...


Нягледзячы на забарону гарадзкіх уладаў, дробныя гандляры заявілі пра намер выйсьці 10-га сьнежня ў цэнтар Менску, на Кастрычніцкую плошчу. Падставай для акцыі пратэсту стаў прэзыдэнцкі ўказ, паводле якога з 1 студзеня індывідуальныя прадпрымальнікі змогуць наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў.

З аднаго зь лістоў на гэтую тэму і пачну сёньняшнюю размову. Нам піша Анатоль Лінкевіч зь Менскага раёну:

“Ужо колькі разоў яны абяцалі наладзіць грандыёзную масавую акцыю пратэсту, калі ўлада ня пойдзе ім насустрач! І што ў выніку? Найчасьцей выходзілі на плошчу Бангалор некалькі соцень чалавек, на якіх ніхто не зьвяртаў увагі. Упэўнены, што гэтак будзе і цяпер.

Кажуць, што індывідуальных прадпрымальнікаў у нас — сотні тысяч. Тэарэтычна большасьць іх пацерпіць ад прэзыдэнцкага ўказу, бо многім давядзецца згарнуць бізнэс да памеру сямейнага альбо стаць юрыдычнымі асобамі і пачаць плаціць значна большы падатак. Дык чаму яны ў такім разе маўчаць? Чакаюць, пакуль іх перадушаць па адным? Ці ўсё ж ёсьць нейкія абставіны, пра якія яны ня надта хочуць гаварыць?

Нешта я ні разу ня бачыў рынкавых гандляроў у першых шэрагах апазыцыі на мітынгах ды шэсьцях. Яны глядзяць на ўсё праз шыбы сваіх “Лексусаў” ды “Мэрсэдэсаў”, адпачываюць на Мальдывах ды Канарах, а енчыць пачынаюць толькі тады, калі Лукашэнка ім крыху прышчэміць хвост”
, —гэтак лічыць Анатоль Лінкевіч зь Менскага раёну.

Думаю, спадар Лінкевіч, зусім ня кожны дробны беларускі гандляр езьдзіць на “Лексусе” і ня кожны можа дазволіць сабе адпачынак на Мальдыўскіх выспах.

Але, сапраўды, вы маеце рацыю: на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя цяжка згадаць выпадак, калі б незадаволенасьць гэтай сацыяльнай групы вылілася ў нейкую сапраўды масавую акцыю. Хоць заяваў пра гатовасьць да такіх пратэстаў было нямала.

Напэўна, многае тут тлумачыцца тым, што дробныя гандляры баяцца рызыкаваць тым, што маюць, што зарабілі і назьбіралі за апошнія гады, разьлічваючы ўрэшце прыстасавацца да новых умоваў. Пры гэтым перад кожнай сваёй спробай пратэсту яны адмыслова агаворваюць, што ня ставяць перад уладай ніякіх палітычных патрабаваньняў.

Аўтар наступнага ліста — наш слухач Ігар Падгарадзецкі зь нямецкага горада Зігена. Некалькі тыдняў таму, пасьля выказваньня Аляксандра Лукашэнкі наконт побытавай культуры бабруйскіх габрэяў, у нашым эфіры гучала шмат матэрыялаў, прысьвечаных праблеме антысэмітызму ў Беларусі. Ігар Падгарадзецкі з гэтай нагоды піша:

“На мой розум, гэта і добра, што беларускага кіраўніка зноў “панесла” ў бок антысэмітызму. Так здаралася ўжо і раней. Тым лепш мы будзем бачыць, хто ў нас на троне.

А што да так званага “габрэйскага пытаньня” ў Беларусі, то раскажу пра адзін выпадак з гісторыі маёй сям’і. Мой дзед, беларускі селянін зь вёскі Скоўдычы, усё жыцьцё сябраваў з млынаром Хацкелем Бантам. У першыя дні вайны Хацкель выратаваў сям’ю маёй роднай цёткі Анюты Дуброўскай. А было гэта так.

Каля хаты Дуброўскіх спынілася на адпачынак нямецкая калёна. Салдаты пабеглі набраць дроў для палявой кухні. За сьвірнам яны ўбачылі шмат кулямётных стужак, якія пакідалі, адступаючы, савецкія салдаты. Афіцэр, даведаўшыся пра гэта, загадаў выгнаць з хаты ўсю сям’ю. Салдаты ўжо клацалі затворамі…Усё гэта бачыў і чуў сусед. Ён падышоў да афіцэра і па-нямецку растлумачыў, што гэтыя людзі ні ў чым не вінаватыя. Немец паслухаў, але загадаў абшукаць усю хату. Не знайшоўшы зброі, яны прымусілі людзей выкапаць у двары глыбокую яму, высыпаць туды патроны, заліць іх вадой і засыпаць зноў. Сям’я не пацярпела, калі не лічыць сьмяротнага страху і курэй, якія пайшлі ў салдацкі кацялок.

Пазьней, ужо ўвосень, акупанты стварылі ў райцэнтры габрэйскае гета. Тады ўжо мае родныя пачалі дапамагаць Бантам. Потым браты Банты партызанілі ў атрадзе імя Шчорса (камандзір Павал Пранягін). Дарэчы, у гонар гэтага чалавека ў Ерусаліме пасаджаны цэлы сад, бо ў ягоным атрадзе была цэлая рота ўцекачоў са Слонімскага ды іншых гета.

…Калісьці Лукашэнка зрабіў камплімэнт Гітлеру ў інтэрвію адной нямецкай газэце. І — ніводная наша афіцыйная габрэйская культурна-асьветніцкая арганізацыя ня выступіла з пратэстам. Не разумею я гэтага. Можа, вы, спадар Валянцін, растлумачыце”
, —напісаў у сваім лісьце на Свабоду Ігар Падгарадзецкі зь нямецкага горада Зігена, які падпісаўся як “часовы гастарбайтэр”.

Размова, відавочна, пра інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі карэспандэнту нямецкай газэты “Гандэльсблат” Маркусу Цынэру ў лістападзе 1995 году, у якім беларускі лідэр сказаў, што “ня ўсё толькі кепскае зьвязана ў Нямеччыне зь вядомым Адольфам Гітлерам”, што пры ім “нямецкі парадак дасягнуў найвышэйшага пункту” і гэта “адпавядае нашаму разуменьню прэзыдэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзыдэнта”.

Пратэстаў з боку розных міжнародных арганізацыяў (у тым ліку шмат якіх габрэйскіх) з нагоды гэтых выказваньняў было тады шмат. Наколькі я памятаю, не маўчалі і актывісты суполак беларускіх габрэяў. Іншая справа, што іхныя ацэнкі ў такіх выпадках звычайна асьцярожныя, памяркоўныя. Так было, дарэчы, і пасьля нядаўняга інцыдэнту з ацэнкамі бабруйскіх габрэяў Аляксандрам Лукашэнкам. Прычыны такой асьцярожнасьці тых грамадзкіх арганізацыяў, якія легальна дзейнічаюць (і разьлічваюць дзейнічаць) ва ўмовах беларускай рэчаіснасьці, добра вядомыя.

Наш слухач Алесь Застарынскі са Слуцку паведамляе пра тое, што ў ягоным горадзе на працягу двух апошніх гадоў на вуліцах можна бачыць так званых “казакоў” — кшталту тых, чые ваенізаваныя фармаваньні спрабуюць адрадзіць на поўдні Расеі. Спадар Застарынскі піша:

“Яны — у вайсковай вопратцы, зь зялёнымі лампасамі на штанах, зь белымі пагонамі на фрэнчах. Гуртуюцца, паводле расейскага ўзору, у “сотню” з атаманам на чале. Амаль усе яны — былыя афіцэры былой Савецкай арміі, пераважна расейцы, якія пасьля распаду СССР не захацелі вяртацца на радзіму.

Цяпер казакі ўжо рыхтуюць сабе дзеля папаўненьня “сотні” маладыя кадры ў расейскамоўнай школе нумар 2, дзе адкрылі кадэцкі кляс з 15 хлопчыкаў 10—11 гадоў. Хлопчыкаў “пасьвяціў” у кадэты палкоўнік зь ліку ветэранаў вайны. А ліцэістаў з той школы залічылі ў БРСМ.

Кадэты, як стала вядома, будуць вывучаць расейскую і замежныя мовы, інфарматыку, займацца фізпадрыхтоўкай і нават асвойваць бальныя танцы — як да 1917 году ў расейскіх кадэцкіх вучэльнях. Вось вам ціхая акупацыя нашай краіны суседам з Усходу — нароўні з занядбаньнем на дзяржаўным узроўні роднай мовы, нацыянальнай культуры, гістарычнай спадчыны. Тых жа казакоў слуцкая міліцыя на вуліцы не спыняе, а вось калі юнак павяжа галаву бел-чырвона-белай стужкай — тут жа ў лепшым выпадку загадаюць зьняць”
, — паведаміў у сваім лісьце на Свабоду Алесь Застарынскі са Слуцку.

Досьвед адраджэньня казацтва ня надта ўдалы і ў самой Расеі, дзе гэтыя ваенізаваныя фармаваньні доўгі час існавалі да бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 году. У нейкі момант расейскія ўлады спрабавалі выкарыстаць новых казакоў у вайне з чачэнскімі сэпаратыстамі, аднак хутка выявілася, што самазваныя атаманы, гетманы і сотнікі ў гэтай справе — ня надта надзейная падтрымка.

Затое новыя атаманы на пачатку 90-х гадоў настваралі на поўдні Расеі казацкіх рэспублік, а напярэдадні распаду СССР нават наважыліся аб’яднацца і абвясьціць 16-ю саюзную рэспубліку — казацкую. Пазьней у новай цэнтралізаванай Расеі іх палітычныя амбіцыі моцна абмежавалі — і ўвесь рух зьвёўся хіба што да маляўнічых парадаў у бутафорскіх апэрэтачных мундзірах.

У Беларусі ў казацкіх фармаваньняў увогуле няма гістарычных каранёў. І тое, што ў некаторых рэгіёнах улады падтрымліваюць падобныя ініцыятывы адстаўных расейскіх афіцэраў, сьведчыць пра ўзровень адукаванасьці і дасьведчанасьці такіх кіраўнікоў.

На заканчэньне — фрагмэнт зь ліста Міхаіла Лекаха з Рыгі, які незадаволены тым, як на Радыё Свабода асьвятляюцца падзеі ў краінах Балтыі. Ён піша:

“Лічу гэта прынцыповай памылкай, якую мне ня раз даводзілася чуць у перадачах беларускай Свабоды за апошнія месяцы. Размова ідзе пра тое, што суседнюю Латвію вы залічваеце да дэмакратычных краінаў. Так, напрыклад, гэта я чуў ад спадара Валянціна Жданко ў адной зь ягоных перадач у мінулым кастрычніку.

Колькі ж можна, вобразна кажучы, наступаць на адны і тыя ж граблі. За апошнія некалькі год я даслаў на адрас Свабоды дзясяткі і дзясяткі дакумэнтальных сьведчаньняў пра парушэньні правоў чалавека ў Латвіі. Да гэтага ліста прыкладаю вялікае інтэрвію вядомага ў Латвіі адваката, былога міністра ўнутраных справаў Латвійскай Рэспублікі Алоіза Вазьніса. Няўжо вы і пасьля гэтага ня ўбачыце крымінальнай сутнасьці Латвійскай Рэспублікі?”
, —напісаў у сваім лісьце на Свабоду Міхаіл Леках з Латвіі, з Рыгі.

Зусім магчыма, спадар Леках, што ўсе тыя шматлікія парушэньні і злоўжываньні з боку латвійскіх праваахоўных органаў, пра якія распавядае Алоіз Вазьніс, сапраўды мелі месца. У Беларусі таксама быў міністар унутраных справаў, які пасьля сваёй вымушанай адстаўкі адкрыта выкрываў парадкі, якія пануюць у ведамстве, што ён раней узначальваў.

Розьніца паміж Беларусьсю і Латвіяй у тым, што былы міністар Вазьніс пасьля адстаўкі мае добрую працу і свае выкрыцьці друкуе ў любых газэтах. А былы беларускі міністар Захаранка ня мог знайсьці ніякай працы, а пасьля таго, як пачаў крытыкаваць уладу, бясьсьледна зьнік пры не да канца высьветленых абставінах. І вось ужо дзевяты год пра яго няма ніякіх зьвестак.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG