Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму пачалося «паляваньне» на журналістаў?


Чаму цягам апошніх дзён беларускія і замежныя журналісты адчулі новы віток рэпрэсій уладаў? Ці можна лічыць, што пачалася кампанія перасьледу прадстаўнікоў СМІ? Якія яе мэты? Што можна супрацьпаставіць рэпрэсіям уладаў?

Удзельнікі: намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч.

Андрэй Бастунец
Аляксандар Старыкевіч
Валер Карбалевіч

Кампанія перасьледу прадстаўнікоў СМІ


Валер Карбалевіч
: «Цягам некалькіх дзён мы адзначаем адзін за адным выпадкі перасьледу журналістаў. У адносінах да гарадзенскага журналіста Андрэя Пачобута ўзбуджаная крымінальная справа. Пасадзілі на суткі магілёўскіх журналістаў Алеся Асіпцова і Ўладзімера Лапцэвіча. Вышэйшы гаспадарчы суд пакінуў у сіле папярэджаньне Міністэрства інфармацыі газэце „Народная воля“ ад 14 студзеня і, гледзячы па ўсім, падтрымае закрыцьцё „Аўтарадыё“. Зазналі перасьлед і прадстаўнікі замежных мэдыяў. Расейскага журналіста Аляксандра Лашманкіна судзілі па адміністрацыйнай справе і пазбавілі акрэдытацыі. У Гомельскай вобласьці памежнікі на дзевяць гадзін затрымалі двух нямецкіх журналістаў. Ці сапраўды пачалася кампанія супраць незалежных мэдыяў?».

Андрэй Бастунец: «Усё гэта цяжка назваць новай кампаніяй. Гэта працяг таго, што пачалося 19 сьнежня. Улады ня вельмі зважаюць ні на заканадаўства, ні на свабоду слова, ні на міжнародныя абавязаньні Беларусі.
Улады пачалі душыць усіх: і апазыцыю, і грамадзкія арганізацыі, і мэдыі, якія ці не найбольш перашкаджаюць уладам жыць спакойна.


Думаю, апошнія выпадкі ціску на журналістаў наўпрост зьвязаныя з Днём волі. Шэраг журналістаў былі блякаваныя, каб яны не змаглі асьвятляць падзеі гэтага дня, іншым перашкаджалі выконваць прафэсійныя абавязкі. Можна меркаваць, што падчас іншых падобных падзеяў таксама будзе ўзрастаць ціск на журналістаў».

Аляксандар Старыкевіч: «Кампанія перасьледу журналістаў не спыняецца ўжо 17-ты год. Яна то сьцішваецца, то ўзмацняецца. Але па сутнасьці гэта працэс сыстэмны. Падзеі апошніх дзён можна назваць новай хваляй перасьледу. Але гэта трэнд апошніх месяцаў, калі ўлада адкінула ўсе размовы пра палітычную лібэралізацыю. Улады пачалі душыць усіх: і апазыцыю, і грамадзкія арганізацыі, і мэдыі, якія ці не найбольш перашкаджаюць уладам жыць спакойна».

Якія мэты рэпрэсій супраць журналістаў?


Карбалевіч: «Дык, выходзіць, пасьля „зачысткі“ апазыцыі, праваабаронцаў, адвакатаў цяпер дайшла чарга і да журналістаў? Якія мэты мае гэтая кампанія?»

Бастунец: «Улады прызвычаіліся глядзець на мэдыі як на ідэалягічную зброю. Таму і хочуць абяззброіць сваіх праціўнікаў. Тое, што журналісты не займаюцца ідэалягічнымі войнамі, а выконваюць зусім іншыя прафэсійныя абавязкі, застаецца па-за ўвагай уладаў.

Свабода выказваньня — ня толькі адно з фундамэнтальных правоў чалавека, але і крытэр захоўваньня іншых правоў. І калі іншыя грамадзка-палітычныя правы ў краіне парушаюцца, то гэтая тэндэнцыя не магла абмінуць і свабоду выказваньня».

Старыкевіч: «Перадусім, гэта працэс дзеля працэсу. Бо калі існуе шмат карных органаў, то яны павінны неяк апраўдваць сваё існаваньне. Нейкі час іх стрымлівалі. Цяпер, наадварот, дадзеная каманда „Фас“. Вось і маем вынік.

Думаю, што схаваць ад грамадзтва падзеі 25 сакавіка — гэта дробная мэта. Ідзе сыстэмнае змаганьне зь незалежнымі мэдыямі як з інстытутам. Каб незалежныя СМІ не былі такія страшныя для ўлады, дык на іх ніхто б не зважаў. Калі б незалежныя СМІ мелі поўную свабоду, то ў краіне была б іншая палітычная сытуацыя. Таму іх трэба трымаць у гета, не даваць ім шырокай аўдыторыі».

Які сэнс змагацца з мэдыямі ва ўмовах інтэрнэту?


Карбалевіч: «Ці дасягальныя гэтыя мэты? Асабліва ва ўмовах пашырэньня інтэрнэту? Ці не змаганьне гэта зь ветракамі?»

Бастунец: «Мушу заўважыць, што часткова мэты, якія ставяць улады, дасягнутыя. Няма незалежных электронных мэдыяў. Незалежная прэса выціснутая ў рэзэрвацыю, ёй цяжка даходзіць да чытачоў. А ім цяжка атрымліваць інфармацыю.
Часткова мэты, якія ставяць улады, дасягнутыя.

Але існаваньне інтэрнэту дае шанец на тое, што інфармацыя дойдзе да тых, хто ў ёй зацікаўлены. Таму апошнім часам улады спрабуюць узяць пад кантроль і інтэрнэт-прастору».

Старыкевіч: «Спыніць распаўсюд інтэрнэту немагчыма. Як і фінал, які абсалютна непазьбежна напаткае сёньняшні рэжым. Але ўлады імкнуцца выйграць час. І з гэтага гледзішча іх дзеяньні рацыянальныя. Але гэтая рацыянальнасьць — ад д’ябла».

Карбалевіч: «А навошта чапаць замежных журналістаў: расейскіх, нямецкіх?»

Бастунец: «З гэтымі журналістамі розныя гісторыі. Нямецкія журналісты парушылі памежную зону, таму і трапілі пад перасьлед. А вось адносна расейскага журналіста ажыцьцёўлены наўмысныя дзеяньні спэцслужбаў. Прычым дзіўна, што арышт расейскага журналіста Аляксандра Лашманкіна адбыўся ў той момант, калі беларуская ўрадавая дэлегацыя вяла перамовы ў Маскве аб выдзяленьні крэдыту.

А ўвогуле ўлады перасьледуюць усіх, хто мае іншы пункт гледжаньня на падзеі ў Беларусі. Таксама ставіцца задача ня даць, каб інфармацыя аб падзеях у краіне выйшла за мяжу. Але рэзананс ад саміх фактаў перасьледу замежных журналістаў выяўляецца большым, чым ад тае інфармацыі, якую яны маглі б перадаць».

Старыкевіч: «А чаго ўладам асьцерагацца? Хіба перасьлед замежных журналістаў у Беларусі меў нейкія вялікія наступствы для рэжыму? Практычны сэнс гэтай тактыкі дробнай шкоды адносна Лашманкіна ў тым, што цяпер некаторыя з расейскіх журналістаў падумаюць, ці варта ехаць у Беларусь».

Карбалевіч: «Што можна супрацьпаставіць гэтаму дзяржаўнаму катку?»

Бастунец: «Супрацьпаставіць можна толькі сваю прафэсійную журналісцкую працу. Гэта найлепшы адказ на гэты ціск».

Старыкевіч: «У нашай сытуацыі няма рэцэпту хуткага вырашэньня праблемы. Трэба кропля за кропляй рабіць сваю справу».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG