Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лоеве нямецкіх журналістаў дапытвалі 9 гадзінаў


Памежнікі з аддзелу берагавой аховы Гомельскай памежнай групы затрымалі двух нямецкіх журналістаў — кіраўніка Маскоўскага карэспандэнцкага пункту "Deutschlandradio" Робэрта Баага й ягоную каляжанку з "Рэйнскай газэты" Дорыс Хэйман. Здарылася гэта 24 сакавіка ў 16.40 ля вёскі Бывалькі Лоеўскага раёну Гомельскай вобласьці.

Нямецкіх журналістаў і арандаваны імі легкавік разам з кіроўцам, грамадзянінам Беларусі, завярнулі ў Лоеў, у аддзел берагавой аховы. Там нямецкіх журналістаў памежнікі трымалі амаль 9 гадзін — дапытвалі, рабілі асабісты дагляд, склалі адміністрацыйныя пратаколы паводле артыкула 23.30 — парушэньне памежнага рэжыму — і пастанову на адміністрацыйнае спагнаньне.

"Гэта перасягае ўсе рамкі, гэта проста зьдзек. Нас затрымалі 24 сакавіка каля 16 гадзіны, а адпусьцілі а палове другой ночы 25 сакавіка. Я памежнікам адкрыта сказаў пра зьдзек", — паведаміў Робэрт Бааг.

Падчас асабістага дагляду памежнікі прымусілі Баага разьдзецца да пояса.

Даглядаць Дорыс Хэйман нарад адмыслова выклікаў на працу жанчыну-памежніцу.

"Такога са мной яшчэ не было, — кажа Дорыс Хэйман. — Тым больш што ўсе дакумэнты былі ў парадку. Нават на КПП у Грузіі на мяжы з Паўднёвай Асэтыяй я такога стаўленьня да сябе ня бачыла. Там праз паўгадзіны мяне цывілізавана аформілі й адпусьцілі".

Выканаўца абавязкаў начальніка Лоеўскага аддзелу берагавой аховы, капітан 3 рангу Аляксандар Дзяжко вынес замежным журналістам спагнаньне ў выглядзе папярэджаньня без дэпартацыі — за парушэньне правілаў уезду, часовага знаходжаньня і перамяшчэньня ў памежнай зоне.

У пастанове ў дачыненьні да кіраўніка карэспандэнцкага пункту "Deutschlandradio" сказана, што такое пакараньне вынесена яшчэ й таму, што "Бааг Роберт віну ў парушэнmні правілаў памежнага рэжыму прызнаў, у зробленым чыстасардэчна раскаяўся".

Журналістам вярнулі дакумэнты і тэхніку.

Нямецкія журналісты ехалі ў Камарын Брагінскага раёну, каб падрыхтаваць матэрыялы да гадавіны чарнобыльскай катастрофы. Дарога, на якой іх машыну спынілі памежнікі, наўпрост вядзе ў Камарын уздоўж Дняпра. Яе, відавочна, па карце выбраў кіроўца, які ня надта добра ведаў мясцовасьць. Ніхто і не заўважыў, што тэрыторыя Бывалькаўскага сельскага савету аднесена да памежнай зоны пры мяжы з Украінай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG