Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі журналіст выйшаў з аршанскага ІЧУ


Аляксандар Лашманкін

Аляксандар Лашманкін

Аляксандар Лашманкін, галоўны рэдактар самарскага інфармацыйна-праваабарончага агенцтва “Свабода”, выйшаў на волю пасьля траіх сутак арышту, прысуджанага судзьдзёй аршанскага суду Інай Кохавай.

Усе трое сутак Аляксандар Лашманкін галадаваў на знак пратэсту супраць несправядлівага, як ён лічыць, судовага рашэньня. Нагадаем, журналіст і праваабаронца быў высаджаны ў Воршы зь цягніка Чалябінск – Берасьце ў ноч з 23 на 24 сакавіка. Аляксандар Лашманкін кіраваўся ў Менск, каб асьвятляць падзеі ў Дзень Волі. Яго затрымалі нібыта паводле ананімнага тэлефанаваньня ў міліцыю аб тым, што Лашманкін перавозіць наркатычныя сродкі. Але асудзілі расейскага грамадзяніна за дробнае хуліганства: міліцыянты склалі пратакол, што пры затрыманьні Лашманкін махаў рукамі і брыдкасловіў.

Праваабаронца Васіль Леўчанкаў расказаў, што прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці гораду прыйшлі сустракаць расейскага журналіста і праваабаронцу да ізалятару часовага ўтрыманьня. Аднак Аляксандра Лашманкіна міліцыянты вывезьлі на машыне і павезьлі на чыгуначны вакзал.

Спадар Леўчанкаў кажа, што расейскі журналіст і праваабаронца скардзіўся на галовакружэньне пасьля галадоўкі. На вакзале ён папіў гарбаты і паехаў у Менск, куды меркаваў трапіць яшчэ трое сутак назад, распавёў Васіль Леўчанкаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG