Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў ЗША паставіла на 20 красавіка галасаваньне па законапраекце аб дапамозе Ўкраіне


Капітолій, Вашынгтон, ЗША
Капітолій, Вашынгтон, ЗША

Лёс вайсковай дапамогі Кіеву пастаўлены на галасаваньне ўжо ў гэтую суботу. Украінскі бок раней казаў пра заканчэньне набояў.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў ЗША Майк Джонсан паведаміў, што галасаваньне па законапраекце аб дапамозе Ўкраіне адбудзецца ў гэтую суботу, 20 красавіка. Паводле яго слоў, у Палату паступяць чатыры асобныя законапраекты — аб дапамозе Ўкраіне, Ізраілю, Інда-Ціхаакіянскаму рэгіёну, а таксама чацьверты законапраект з «іншымі мерамі па супрацьстаяньні Расеі, Кітаю і Ірану», піша ВВС.

Сэнат ухваліў пакет дапамогі Ўкраіне, Ізраілю, Тайваню і іншым партнэрам ЗША ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне агульным аб’ёмам 95 мільярдаў даляраў больш за два месяцы таму. З гэтых сродкаў Украіне належыць 60 млрд даляраў.

Дэмакраты ў Палаце прадстаўнікоў і ў Сэнаце настойвалі, што самым эфэктыўным падыходам было б прыняцьце Палатай прадстаўнікоў законапраекту аб дапамозе, якая ўключае сродкі для Ўкраіны, у тым выглядзе, у якім яго ўхваліў Сэнат, аднак супраць гэтага выступаюць рэспубліканцы-прыхільнікі Трампа.

Раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што расейцам удалося зьнішчыць Трыпольскую ЦЭС — найбольшую на Кіеўшчыне — менавіта дзякуючы недахопу ва ўкраінскіх сілаў абароны ўзбраеньня. Гэта была магутная цеплаэлектрастанцыя, якая забясьпечвала электраэнэргіяй тры вобласьці — Чаркаскую, Жытомірскую і Кіеўскую.

Агулам Расея ў ноч на 11 красавіка атакавала энэргетычныя аб’екты ў пяці рэгіёнах Украіны — Кіеўскай, Львоўскай, Запароскай, Адэскай і Харкаўскай вобласьцях.

17 красавіка расейскія войскі атакавалі Чарнігаў, у выніку ўдару загінула як мінімум 17 чалавек.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG