Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стоадсоткавае валянтэрства. Чаго каштуе займацца беларускімі справамі ў ЗША


Надзея Нортан
Надзея Нортан

Беларуска Надзея Нортан расказала Свабодзе, як беларусы ЗША дапамагаюць палітвязьням і каліноўцам і чаго гэта каштуе. Не заўсёды ідзецца пра грошы.

Беларускія акцыі ў прыкладна 25 гарадах

Надзеі Нортан 45 гадоў. Паходзіць зь Менску. Жыве ў ЗША з 2011 году. Апошні раз была ў Беларусі ў 2019-м. Адзіная зь беларускай дыяспары ЗША ўваходзіць у Каардынайцыйную раду. Надзея стала адной з стваральніц Асацыяцыі беларусаў у Амэрыцы ў верасьні 2020 году (Association of Belarusians in America, ABA), была першай яе прэзыдэнткай цягам трох гадоў. Каб стварыць асацыяцыю, шукалі новых актывістаў ува ўсёй краіне.

«У кожным штаце, дзе мы бачылі беларускую актыўнасьць, пратэсты, мы шукалі, хто гэтым займаецца, хто гатовы ўзяць на сябе адказнасьць, правесьці мітынг, зладзіць акцыю салідарнасьці. Мы сабралі разам беларускія пэрліны з усіх штатаў — актывістаў, нефармальных лідэраў», — расказвае Надзея пра пачатак.

Суполкі на месцах стваралі каля 10-15 чалавек, кажа актывістка. Беларускія акцыі ў ЗША робяць прыкладна ў 25 гарадах. АВА аб’ядноўвае розныя супольнасьці, ня толькі афіцыйна зарэгістраваныя, але і нефармальныя. Займаецца культурнай, грамадзка-палітычнай дзейнасьцю, дапамогай палітвязьням і каліноўцам. Адначасова яны абапіраюцца на дзейнасьць, якую ранейшая хваля эміграцыі беларусаў праводзіла ў Амэрыцы здаўна.

«Асноўная ідэя АВА — аб’яднаньне, каардынацыя паміж арганізацыямі, інфармацыйны абмен, які дазваляе рабіць буйныя праекты», — тлумачыць Надзея.

Ад канцэртаў да дапамогі каліноўцам

Увосень да беларусаў ЗША прыяжджаў журналіст Зьміцер Лукашук. Ён правёў сустрэчы ў 10 гарадах ЗША і трох гарадах Канады. Візыт арганізавалі сумесна беларусы гэтых дзьвюх краінаў. Музыка Зьміцер Вайцюшкевіч увесну выступіў у 20 штатах. Летась на Каляды ў Амэрыку прыяжджаў музыка Сяржук Доўгушаў. Вадзім Пракоп’еў езьдзіў з палітычна-грамадзкай тэматыкай. Арганізоўвалі паказ фільма Courage Аляксея Палуяна.

Сустрэча са Зьмітром Лукашуком
Сустрэча са Зьмітром Лукашуком

Сёлета ў пачатку сьнежня ў Філядэльфіі прайшла вялікая міжнародная канвэнцыя навукоўцаў-славістаў з усяго сьвету. Яе праводзілі ў 55-ы раз. Беларусы ЗША правялі круглы стол, прысьвечаны беларускай дыяспары, у памяць яе патрыярхаў Вітаўта Кіпеля і Янкі Запрудніка. Абмяркоўвалі сваю спадчыну, сувязь паміж старой і новай эміграцыяй.

Круглы стол, прысьвечаны беларускай дыяспары ў ЗША
Круглы стол, прысьвечаны беларускай дыяспары ў ЗША
Круглы стол, прысьвечаны беларускай дыяспары ў ЗША
Круглы стол, прысьвечаны беларускай дыяспары ў ЗША

Беларусы ЗША дапамагаюць сем’ям палітвязьняў. Кожная суполка па-свойму. Сёлета сабралі грошы для дзяцей зьняволеных.

«Кожная суполка беларусаў, якія ўваходзяць у АВА, дапамагаюць палітвязьням. Кожны бярэ свой кірунак. Беларусы Сан-Францыска, да якіх і я належу, два гады адрасна дапамагаюць тром сем’ям палітвязьняў штомесяц. Улетку вязьні выйшлі на волю. Мы ўзялі новыя тры сям’і і дапамагаем ім».

Хтосьці зьбірае грошы і ахвяруе на Dissidentby, BySol. Беларусы ЗША прынялі чынны ўдзел у маратоне салідарнасьці з палітвязьнямі ў ліпені.

Цяпер ў ЗША прыехаў першы беларускі добраахвотнік з палка Каліноўскага, якому патрэбныя апэрацыі на назе і руцэ. Беларусы зьбіраюць грошы на апэрацыі. Патрэбна 25 тысяч даляраў, сабралі каля 20. Добраахвотнікам апякуюцца беларусы Філядэльфіі, знайшлі жытло. Гэты кірунак дапамогі беларусы ЗША хочуць разьвіваць, каб і далей дапамагаць каліноўцам.

«Гэта стопрацэнтна валянтэрскія праекты»

Усе беларускія праекты беларусы робяць за асабістыя грошы, ніякага сталага фінансаваньня няма, кажа Нортан. Ніхто з арганізатараў не атрымлівае заробку за гэтую дзейнасьць.

«Гэта стопрацэнтна валянтэрскія праекты, куды людзі ўкладаюць свой час і свае грошы», — расказвае Надзея.

Адна з сустрэчаў беларусаў Амэрыкі
Адна з сустрэчаў беларусаў Амэрыкі

У ЗША ўжо існуе разьвітая сетка актывістаў з розных гарадоў, здольных хутка дамовіцца і арганізаваць турнэ культурнага ці грамадзка-палітычнага дзеяча. Надзея мяркуе, што немагчыма падлічыць выдаткі на арганізацыю аднаго прыёму. Таксама ёй складана сказаць, колькі ў сярэднім беларусы ЗША ахвяруюць на беларускія справы.

«На месцы ахвяруе кожная суполка. Чалавек прыяжджае, яго прымае пэўная сям’я. Колькі ім гэта каштуе, залежыць ад узроўню прыёму. У кагосьці ёсьць свой асобны пакой, а нейкая суполка можа сабе дазволіць аплаціць гатэль», — расказвае Надзея.

Квіток з Эўропы ў ЗША каштуе каля 1000 даляраў. Каб чалавек даляцеў да наступнага гораду, мясцовая супольнасьць купляе яму білеты.

«Адныя набываюць квіткі з Сан-Францыска ў Тэхас, гэта далёка, а хтосьці з Нью-Ёрку ў Бостан, што адносна блізка. Вядома, гэта нятанна. Але мы хочам, каб да нас прыяжджалі, таму шукаем нейкія варыянты. Двойчы на месяц ёсьць паседжаньні ўправы АВА па 1,5-2 гадзіны. Гэта выдаткі часу. Хтосьці прыйдзе на канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча і ахвяруе 25 даляраў на канцэрт», — тлумачыць Надзея.

«Я хачу дыхаць паветрам сваёй краіны»

Надзея адзначае, што ініцыятыўных людзей ня так шмат. Ёй хацелася б большай падтрымкі беларускіх справаў.

«Мала хто мае разуменьне, што варта падтрымліваць сваіх людзей, сваю суполку. Але гэты працэс пачаўся. Падцягваюцца іншыя. Аднак гэта ідзе паволі. Хацелася б, вядома, каб прыходзілі сотні людзей, зьбіралі грошы, якія б давалі магчымасьць далейшага разьвіцьця», — кажа яна.

Сустракаюцца і людзі, не задаволеныя тымі беларускімі справамі, якімі займаецца Надзея. Яна мяркуе, што гэта хутчэй «крытыканы», якія любяць пакрытыкаваць усё, або «агентура, ці то расейская, ці то беларуская». Суразмоўца ўзгадвае, што з большым «хэйтам» сутыкалася, калі займалася праектамі дабрачыннага фонду ByHelp.

«Да гэтага цяжка прызвычаіцца. Ты жывеш, ня робіш нічога дрэннага. Гэта зусім не натхняе. Хочацца перастаць, апусьціць рукі. Але разумею, што ня варта зьвяртаць на гэта ўвагу, бо іхная мэта — зьбіць актыўнасьць», — кажа актывістка.

Нягледзячы на перашкоды, беларуска працягвае разьвіваць беларускае жыцьцё ў ЗША.

«Для мяне важна ўсьведамляць, навошта я гэта раблю. Важная ўнутраная матывацыя. Я вельмі хачу паехаць дадому. Я разумею, што перад гэтым трэба шмат чаго зрабіць. Што табе кладзецца на сэрца — ты гэтым і займаесься», — падкрэсьлівае беларуска.

Яна перакананая, што, каб ня выгараць у такім валянтэрстве, варта захоўваць балянс розных сфэраў, дбаць пра свой адпачынак, пра добры псыхічны і фізычны стан. Надзея прызнаецца, што пасьля 2020 году ёй было складана захоўваць балянс, яна менш дбала пра сябе. Сёлета яна сутыкнулася з ракам скуры, увесну ёй рабілі складаныя плястычныя апэрацыі на твары.

«Для мяне гэта быў відавочны знак, высьпятак. Слова „рак“ ацьверажае. Халодны душ я атрымала. Я ўдзячная свайму целу, што гэта прайшло ў адносна лёгкай форме. Працэс лячэньня быў інтэнсіўны, але адносна хуткі. Цяпер я намагаюся ў пэўны момант выключаць тэлефоны, не заходзіць у інтэрнэт, мець час на сям’ю, на сябе, праводзіць час на прыродзе», — дзеліцца Надзея.

Агулам яе падтрымлівае ў складанасьцях уласна «Беларусь, якая ўсё жыцьцё са мной», дадае Надзея.

«Гэта тое, чаго я не магу не рабіць, як бы цяжка ні было, як бы я ні крыўдзілася або стамлялася. Разумею, што ў маіх прыярытэтах ёсьць вольная Беларусь, таму, як птушка Фэнікс, адраджаюся і вяртаюся да сваіх справаў. Хачу мець магчымасьць наведваць Беларусь, бачыць сваіх сваякоў, дыхаць паветрам сваёй краіны, хадзіць па гэтай зямлі, на якой я нарадзілася», — падсумоўвае яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG