Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нью-Ёрк падтрымлівае «Беларуськалій», а Сан-Францыска — Жабінку. Як беларусы Амэрыкі дапамагаюць землякам на радзіме


Надзея Нортан (у белой цішотцы ў цэнтры)
Надзея Нортан (у белой цішотцы ў цэнтры)

Надзея Нортан жыве ў Каліфорніі і зьяўляецца прэзыдэнткай Асацыяцыі беларусаў Амэрыкі. У інтэрвію Свабодзе яна расказала, як падзеі на радзіме аб’ядналі амэрыканскіх беларусаў, як дыяспара дапамагае землякам у Беларусі і як лабіюе беларускае пытаньне ў ЗША.

За год адбылося каля тысячы акцый салідарнасьці

«Дыяспара — гэта працяг краіны, зь якой яна паходзіць. Тыя працэсы, якія летась адбываліся ў Беларусі, адбываліся і ў дыяспары. Я жыву тут 10 гадоў, час ад часу бяру ўдзел у розных падзеях, але такой хвалі салідарнасьці, якую я пабачыла летась, яшчэ не было. 26 чэрвеня адбыўся першы „ланцуг салідарнасьці“ ў Сан-Францыска. Я пабачыла там 200 чалавек, большую частку зь іх я і ня ведала. Запал унутры быў неймаверны, але я не падазравала, што гэта быў толькі пачатак.

Падзеі жніўня паднялі акіянскую хвалю. Гэта вылілася ў беспрэцэдэнтную колькасьць акцый салідарнасьці. Самая буйная адбылася ў Нью-Ёрку, куды зьехаліся прадстаўнікі розных штатаў. Сабралася каля 2 тысяч чалавек. На заходнім узьбярэжжы на акцыю 15 жніўня прыйшло каля 500 чалавек. Мы адчулі, што Беларусь таксама тут, з намі. Гэта было вельмі неабходнае адчуваньне, каб быць разам, выказвацца. І з тых часоў гэты працэс не спыняецца. Ужо прайшло каля тысячы акцый. Практычна кожныя выходныя ў розных штатах».

«Падарожжа БЧБ»

«Дагэтуль працягваецца акцыя зь бел-чырвона-белым сьцягам. Мы яго перадаём у розныя штаты. Пачалі мы ў Каліфорніі, і сьцяг ужо перасек усе Злучаныя Штаты. Цяпер ён знаходзіцца ў Шарлот, у Паўночнай Караліне. Яго рыхтуюцца перадаць у Атлянту. У акцыю ўжо заангажаваныя сотні людзей. Для іх гэта вялікі гонар, і я бачу павагу да нашых сымбаляў. Гэта штандар. Тое, як яго носяць, як прымаюць... ён мае сваю асабістую гісторыю. І пазьней ён, хутчэй за ўсё, паедзе ў Эўропу».

Каму патрэбны акцыі за мяжой

«Людзі, якія знаходзяцца за мяжой, ня могуць маўчаць, яны ня могуць спакойна сядзець дома. Ім трэба выйсьці і выказаць сваю пазыцыю да таго, што адбываецца ў Беларусі. Другі момант — гэта падтрымка.

Але вельмі важны чыньнік — даводзіць усё гэта да ведама амэрыканцаў. Мы адчулі, што калі больш людзей пра гэта ведае, складаецца зусім іншая сытуацыя. Стварацца беларускі парадак дня. Я праехала шмат штатаў і магу з упэўненасьцю сказаць, што калі ты ідзеш у майцы ў бела-чырвоных колерах або з гербам „Пагоня“, то цябе пазнаюць на вуліцы і не беларусы. Месяц таму мы сядзімо каля абэліска Джорджу Вашынгтону, глядзім у тэлефоны, а побач на траве невялікі сьцяжок. І тут чуем з акцэнтам: „Жыве Беларусь!“. Чалавек бегаў, пабачыў сьцяжок і прыпыніўся, яму было важна выказаць падтрымку. І гэта я сустракала ў шмат якіх гарадах. Людзі крычаць „Long live Belarus!“, асабліва калі мы робім мота- ці велапрабегі.

Акцыя салідарнасьці ў Вашынгтоне
Акцыя салідарнасьці ў Вашынгтоне

І праз 10 месяцаў прысутнасьці Беларусі ў амэрыканскай сьвядомасьці мы пачалі бачыць вынікі. Гэта ўжо адукаваная пазыцыя, нас не ўспрымаюць як Зымбабвэ, што гэта невядома дзе. Зьявілася павага, а ня жаль ці спачуваньне.

І падчас вось такіх акцыяў да нас падыходзяць людзі і пытаюцца: „Чым мы можам дапамагчы, куды можна перавесьці грошы?“ Дзядзька майго мужа-амэрыканца ўжо некалькі разоў дасылаў мне чэкі па некалькі сотняў даляраў і прасіў перавесьці іх на падтрымку пратэсту. Адна з задачаў дыяспараў у сьвеце — падтрымліваць гэты парадак дня, каб пра нас гаварылі і нас бачылі».

Грашовая дапамога Беларусі

«Ахвяраваньні ад беларусаў Амэрыкі ўвесь час ідуць праз ByHelp і BySol. Але мы маем і ўласныя праекты, якія мы падтрымліваем. На жаль, мы ня можам пра гэта казаць публічна па зразумелых прычынах. Гэта датычыць і сем’яў палітвязьняў, іншых праектаў. Да нас, час ад часу, зьвяртаюцца людзі і мы падтрымліваем іх. Таму ў ЗША ёсьць і асобныя зборы грошай. Мы стварылі сетку беларусаў Амэрыкі і гэта значна спрашчае сытуацыю.

Мы атрымліваем зварот, правяраем гэтую справу, што і як, зьбіраем грошы і перадаём як мага больш бясьпечным спосабам».

Падтрымка страйкамаў

«Розныя штаты ў нас падтрымліваюць розныя страйкамы або завадчанаў, якія апынуліся ў цяжкой сытуацыі. Нью-Ёрк, напрыклад, — «Беларуськалій».

Падтрымка дваровых ініцыятываў

«Каліфорнія ўключылася ў падтрымку дваровых ініцыятываў. І гэта працягваецца. Мы пачалі таксама апеку над пэўнымі гарадамі. Сан-Францыска такім чынам падтрымлівае Жабінку. Гэта сталася вельмі выпадкова, я не зьвязаная з Жабінкай, але супрацоўніцтва вельмі добрае. Безумоўна, гэта фінансавая падтрымка».

Палітычны лабізм на карысьць Беларусі

«Да 2020 году мы гэтым не займаліся. Калі вельмі сур’ёзна паўстала пытаньне пра Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, гэта зрабілася, магчыма, першай нагодай для вялікай колькасьці беларусаў стаць лабістамі. Даведваліся, хто, дзе і які кангрэсмэн, хто ўзначальвае бальшыню. Існуюць формы звароту, усё адбываецца праз пэтыцыі. Ёсьць вельмі клясная аплікацыя, якая дае магчымасьць хуткага звароту да Кангрэсу і да прэзыдэнта. Яна называецца Resistbot і даволі часта тут выкарыстоўваецца.

Я перакананая, што калі б не актыўнасьць беларускай дыяспары ў ЗША, нам не ўдалося б. Калі мы глядзім назад, то гэта практычна немагчыма, каб за 3 месяцы правесьці Акт праз увесь спэктар Кангрэсу і ўскочыць у самы апошні вагон — Omnibus bill (прапанаваны закон, які ахоплівае шэраг не зьвязаных з сабою тэмаў. — РС). І перад вакацыямі Акт быў зацьверджаны і Кангрэсам, і прэзыдэнтам».

Лісты Байдэну перад сустрэчай з Пуціным

«Гэтымі днямі праводзіцца буйная акцыя „Stop violence in Belarus“ (Стоп гвалту ў Беларусі), падчас якой мы просім вызваліць палітвязьняў. Зварот ідзе да Кангрэсу і да прэзыдэнта. На сёньняшні дзень ужо падпісалася тысяча чалавек. Гэта на пару сотняў больш, чым было подпісаў за Акт аб дэмакратыі. Падпісаць пэтыцыю можна на сайце Асацыяцыі беларусаў Амэрыкі. Гэта займае літаральна 2 хвіліны.

Да сустрэчы Байдэна і Пуціна засталося пару дзён, і важна вынесьці Беларусь на парадак дня, каб нашае пытаньне там абмяркоўвалася. Мы маем на гэта вялікі спадзеў, і што ў ЗША будзе больш патрабавальная пазыцыя ў дачыненьні да Расеі. Мы разумеем, што калі будзе згода Расеі, то тады сытуацыя ў Беларусі можа моцна зьмяніцца».

Што такое Асацыяцыя беларусаў Амэрыкі

«Калі пачаліся актыўныя падзеі, то мы вырашылі аб’яднаць людзей, якія ўсё гэта арганізоўвалі. Атрымалася 25 суполак з 14 штатаў і іншых гарадоў. Мы штотыдзень стэлефаноўваемся, абменьваемся інфармацыяй. Мы ўжо ведаем адзін аднаго і разумеем, што можам працаваць разам.

Галоўная задача — гэта быць „парасонавай“ арганізацыяй, якая дасьць плятформу для аб’яднаньня розным беларусам. Няважна, ці будуць яны сябрамі арганізацыі. Гэта арганізацыя беларускіх суполак у ЗША, усё працуе зьнізу. У нас шмат ідэй, і цяпер мы набіраем валянтэраў, каб усё гэта рэалізаваць».

Каля помніка Тадэвушу Касьцюшку
Каля помніка Тадэвушу Касьцюшку

«Беларусы сталі цікавыя самі сабе»

Я бачу вялікае значэньне культуры ў Беларусі. Беларуская рэвалюцыя мае гэткае культурнае адценьне. Хацелася б рабіць больш праектаў, зьвязаных з культурай: мець магчымасьць прывезьці ў Амэрыку беларускія выставы, праводзіць канцэрты. Гэта б дало магчымасьць беларускім мастакам выехаць, паказаць сябе, сваё мастацтва. А для нас — пабачыць сваё, даведацца, што яно ёсьць, і ганарыцца сваім.

Шмат людзей цяпер прачынаюцца, і самая ўзрушлівая тэндэнцыя, якую я бачу — беларусы сталі цікавыя самі сабе. Мне цікава, бо гэта беларускае. Я хачу чытаць беларускія кнігі, слухаць сваю музыку і размаўляць па-беларуску. Гэта было, але не ў такой ступені. А мне б хацелася паспрыяць таму, каб яшчэ больш загучала наша культура, наша мастацтва па ўсім сьвеце».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG