Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мова заіскрылася ўва мне і ажыла». Размова зь беларусам зь Нью-Ёрку пра эміграцыю, літаратуру і габрэйства


Марат Баскін
Марат Баскін

Гадоў пяць таму, калі на сайце Свабоды мы запусьцілі рубрыку «100 словаў», свае допісы ў яе пачаў даволі рэгулярна дасылаць аўтар зь Нью-Ёрку, пра якога я раней ня чуў — Марат Баскін. Ён пісаў на добрай беларускай мове, хоць беларускай клявіятуры тады ў яго не было :)

Мініятуры Марата Баскіна спадабаліся мне настолькі моцна, што паўтара дзясятка зь іх я ўключыў у зборнік «100 словаў», які выйшаў у 2017 годзе ў «Бібліятэцы Свабоды». Сёньня прапаную вам размову з гэтым таямнічым аўтарам.

Марат Баскін на Сьвяце паэзіі ў Вязынцы
Марат Баскін на Сьвяце паэзіі ў Вязынцы

Птушкі за акном

Паколькі Марат Баскін жыве ў Нью-Ёрку, у якім улады ўжо ў першай палове сакавіка ўвялі надзвычайнае становішча ў сувязі з пандэміяй каранавірусу, наша размова пачалася менавіта з гэтай тэмы.

«Цяжкі час. Кожную раніцу, заходзячы ў інтэрнэт, шукаю, чакаю навіну аб перамозе вучоных. Я жыву на люднай вуліцы, дзе крама на краме. I ўсе гэтыя крамы раней працавалі ўдзень і ўначы. Таму тут заўсёды было людна. А цяпер цішыня. I, пэўна, адзінае выйсьце з такога становішча — менавіта абвясьціць надзвычайнае становішча. У гэтым выратаваньне. Карантын цяпер — галоўнае выратаваньне!

Сядзім з жонкаю ў кватэры. Выходжу раз на некалькі дзён на вуліцу ў прадуктовую краму ці ў аптэку. Толькі яны і працуюць цяпер. Сядзім і чытаем. Гляджу на птушак за акном. Яны — адзіныя аптымісты. Пяюць: ціў-ціў, ф’юць-ф’юць — добрыя часы прыйдуць! I чакаем добрых навінаў! Яны павінны прыйсьці! Абавязкова!»

Узьяднаньне сям’і

Што паўплывала на рашэньне пераехаць зь Беларусі за акіян?

«Прыехаў я з жонкай, яе маці і маленькім сынам у ЗША ў 1992 годзе. Прыехалі мы па праграме аб’яднаньня сем’яў да жончынай сястры, якая жыла ўжо некалькі гадоў зь сям’ёй у Нью-Ёрку. Што паўплывала на пераезд? Цяжка сказаць адным словам. Можа, няўпэўненасьць 90-х, можа, чарнобыльская хмара над Краснапольлем, а можа танкі, якія ішлі па Маскве. Я якраз быў тады ў Маскве».

«Натоўп працаў»

Як мой суразмоўнік асталяваўся ў Амэрыцы? Чым зарабляў на хлеб?

«Два месяцы мы пажылі ў жончынай сястры. Потым зьнялі кватэру. I пайшлі з жонкаю працаваць. А сын пайшоў у падрыхтоўчую клясу ў школу, каб стаць сапраўдным амэрыканцам. Не адмаўляліся мы ні ад якай працы: разносілі рэклямныя матэрыялы, прыбіралі кватэры, я працаваў на аўтазапраўцы, на цукерачнай фабрыцы, на фабрыцы скураных вырабаў, даглядаў хворых і старых…

Калі пералічыць усе нашы з жонкай месцы працы, то ня хопіць пальцаў на руках і нагах. Як казаў мой сябар з Чукоткі, у іх калі пералічаць пальцы рук і ног, то кажуць ня лічбу, а — адзін чалавек. Дык у мяне за маё амэрыканскае жыцьцё працаў было з цэлы натоўп!»

Жонка як перакладчыца

Нью-Ёрк — асаблівы горад, у якім можна пражыць дзесяцігодзьдзі, так і не адчуўшы вострай патрэбы вывучыць ангельскую мову. Таму што там ёсьць ваколіцы, дзе людзі суцэльна гавораць на мове сваіх краінаў, зь якіх эмігравалі. Наколькі моцна веданьне ангельскай мовы спатрэбілася майму суразмоўніку?

«Жыву я ў Брукліне, у Бэнсангорсьце. Вакол шмат расейскамоўных, яны працуюць амаль у кожнай краме. Так што з мовай у маім асяродзьдзі ніякіх праблемаў няма. Ведаю размоўную ангельскую і ідыш, і гэтага мне хапала для працы, нават калі працаваў на амэрыканскіх фабрыках. Я даволі лёгка чытаю кніжкі па-ангельску, але, вядома, гэта хутчэй чытаньне зьместу, чым пазнаваньне прыгажосьці мовы. Але іншы раз заўважаю і прыгажосьць якога-небудзь нечаканага параўнаньня. А калі трэба што цяжэйшае, бяру ў перакладчыцы жонку. Яна добра ведае мову, бо працавала настаўніцай ангельскай мовы ў Беларусі».

Роднае Краснапольле

Пасьля пераезду ў ЗША амаль трыццаць гадоў таму Марат Баскін не наведваў Беларусьі. Кажа, што ўсе гады прайшлі спачатку на працы, а калі пайшоў на пэнсію, «заелі балячкі, і стала ўжо не да вялікіх падарожжаў». Я папрасіў яго, каб ён расказаў крыху пра сваю бацькаўшчыну, пра мястэчка Краснапольле на Магілёўшчыне, дзе ён нарадзіўся ў 1946 годзе.

«Краснапольле — ня вельмі вялікае мястэчка. Лічылася яно райцэнтрам, пасёлкам гарадзкога тыпу. Праўда, аніякага гарадзкога тыпу ў ім не было. Тыповае мястэчка. Глыбіннае мястэчка, з дарогай у адзін бок. З аднаго боку дарога ў вялікі сьвет. З другога — лясы. Найбліжэйшы горад — Чэрыкаў. А да яго ў вясновую непагадзь і ў зімовыя завірухі было не дабрацца. Прылятаў раз у дзень кукурузьнік з Магілёву — прывозіў пошту. I калі мог сесьці ў полі — нашым аэрапорце — то браў дзесяць пасажыраў. А калі ня мог, cкідваў мяшок з поштай і ляцеў назад у Магілёў.

У мястэчку былі дзьве школы — адна руская, адна беларуская. Мой бацька працаваў у беларускай школе, выкладаў матэматыку, і я пайшоў у беларускую школу. Так што гэтая мова стала для мяне роднай. На ёй і першую кніжку прачытаў. Гэта была беларуская казка пра „Лёгкі хлеб“. Чытаў яе ўголас. Тата вельмі любіў слухаць, як я чытаю казкі. Ён, дарэчы, таксама вучыўся ў беларускай школе. Спачатку ён хадзіў у яўрэйскую школу, чатыры клясы ў ёй закончыў, потым яе зачынілі, і ён стаў вучыцца ў беларускай. Ведаў вельмі шмат беларускіх вершаў. Усе са школьнай праграмы, але ён іх помніў і ўспамінаў пры розных нагодах».

Марат Баскін з маці і бацькам
Марат Баскін з маці і бацькам

Хатнія мовы

Я запытаў у Марата Баскіна, які нарадзіўся ў габрэйскай сям’і ў беларускім мястэчку, на якой мове гаварылі ў ягонай сям’і. Ці шмат было габрэйскіх сем’яў у Краснапольлі ў ягоным дзяцінстве? І як да габрэяў ставіліся тады негабрэі?

«Дома гаварылі на трасянцы. А паколькі гэта была яўрэйская сям’я, то да рускай і беларускай моваў у тую трасянку дадаваўся і ідыш. Своеасаблівая трасянка. Дарэчы, яна застаецца ўва мне і цяпер. Прытым, беларускія словы былі большасьцю мясцовыя, дыялектныя, і калі я пайшоў у школу, то я гэта зразумеў. Адзіная у хаце бабуля размаўляла цалкам на ідышы.

Да вайны, як мне казаў бацька, Краснапольле было амаль цалкам яўрэйскім мястэчкам, але пасьля вайны габрэяў засталося няшмат. Але заўважу, што траціна нашай клясы — гэта былі габрэі. Усё яны былі дзяўчынкамі, і таму ўсе мае школьныя сябры — беларусы зь негабрэйскіх сем’яў. Бо сябраваў я толькі з хлопцамі. Дрэнных да сябе адносін праз габрэйства не адчуваў ні ў дзяцінстве, ні ў дарослым жыцьці.

Iдыш добра разумею, але пісаць на ім не магу. Бацька спрабаваў навучыць мяне літарам. Але іх незвычайнасьць ня ўлезла ў маю галаву».

Шэксьпір па-беларуску

Калі ў хаце і ў мястэчку гаварылі на трасянцы або на ідышы, то дзе ён навучыўся літаратурнай беларускай мове настолькі добра, каб потым на ёй пісаць?

«Як я ўжо казаў, галоўнай крыніцай беларускай мовы для мяне стала школа, дзе ўсе прадметы я вучыў па-беларуску. I, канешне, асяродзьдзе зь мясцовай трасянкай. І, вядома, кнігі, якіх у маім дзяцінстве было шмат на беларускай мове. I прыгодніцкія кнігі, і казкі амаль усіх народаў. Прыгожыя, з цудоўнымі малюнкамі.

Дарэчы, і Шэксьпіра я ўпершыню прачытаў па-беларуску. I цяпер яшчэ памятаю вялізны чырвоны том. Вечарамі я чытаў уголас і для таты, і для мамы. Дый бабуля прыслухоўвалася да маіх чытаньняў, і калі не зразумела якое слова, пыталася ў таты, а як яно на ідышы».

Канструктар

Чым давялося зарабляць на жыцьцё ў Беларусі?

«У мястэчку ў кожнай хаце марылі, каб іх дзеці перабраліся ў горад. I мае бацькі тут не выключэньне. А я марыў пісаць кніжкі. I бацька ў душы пра гэта марыў і папытаўся пра мае здольнасьці ў земляка-пісьменьніка зь Менску, які прыехаў у мястэчка на сустрэчу зь землякамі. Той паглядзеў сшытак з маімі крамзолямі і сказаў бацьку:

— Няблага, але за гэта ён не атрымае булкі з маслам, і нават бяз масла не атрымае. Хай лепей выбірае звычайную добрую прафэсію. А там ужо і пісаць можа. У вольны час.

I я паступіў на інжынэра-мэханіка. Вучыўся зь не асаблівай ахвотай. Але атрымаў дыплём, і ўсё маё жыцьцё ў Беларусі працаваў канструктарам. I пачаў пісаць будучы студэнтам. Пачаў з афарызмаў і гумарыстычных апавяданьняў. Мае першыя творы зьявіліся ў „Магілёускай праўдзе“, у Аляксея Васільевіча Пысіна, і у „Вожыку“, дзе мой першы афарызм-карацельку надрукаваў Янка Сіпакоў. I пайшло, і паехала».

У Беларусі толькі па-беларуску

Я запытаў у Марата Баскіна, які ў Амэрыцы піша і на расейскай мове, ці пісаў ён па-расейску і ў Беларусі. Дзе публікаваўся? Ці быў у пісьменьніцкім саюзе?

«У Беларусі я пісаў толькі па-беларуску. Праўда, разам зь сябрам Рыгорам Лазуркіным пераклаў на рускую мову паэму Аляксея Пысіна „Кавылёк“. Пераклад Пысіну вельмі спадабаўся, і ён нават аўтарызаваў яго для кніжнага выданьня.

Пісаў гумарыстычныя апавяданьні і казкі для дзяцей, якія друкаваліся ў „Вожыку“, „Маладосьці“, „Беларусі“, „Работніцы і сялянцы“, „ЛіМе“, „Чырвонай зьмене“, „Бярозцы“, „Вясёлцы“. Дабіраўся і да беластоцкай „Нівы“…

Творы выходзілі і ў кніжных выданьнях — гэткіх своеасаблівых зборніках гумару, у якіх было пяць-шэсьць аўтараў. Аляксей Пысін называў іх інтэрнатамі. I мае апавяданьні жылі ў двух такіх інтэрнатах: „Ад варот паварот“ і „Крыштальная душа“.

Выдаў я і асобную кніжку гумару „Знаёмыя незнаёмцы“, і кніжку казак „Гайшынскія гісторыі“. Дарэчы, гэтыя казкі — гэта быў ужо крок да маіх краснапольскіх гісторый.

Пра пісьменьніцкі саюз неяк ня думаў. Cам цяпер не магу сказаць чаму. Сябры казалі: час уступаць! А я неяк махаў рукой: не дарос! Напішу нешта вялікае — тады!

А вялікае і па сёньняшні дзень не напісалася».

Вяртаньне ў Краснапольле

«У першыя дні у Амэрыцы я разгубіўся. Дагэтуль я пісаў па-беларуску, а амаль усе эмігранцкія выданьні выходзілі на рускай мове. I пра што пісаць? Навалілася праца — трэба было зарабляць на хлеб надзённы. Прыходзіў з працы — валіўся з ног. І нечакана для самога сябе я пачаў пісаць пра Краснапольле і краснапольцаў. Пісаў уначы, пасьля працы. Гэта быў для мяне адпачынак, гэта было вяртаньне ў даўно забытае.

Вядома, гэта былі не рэальныя ўспаміны. I Краснапольле ў маіх гісторыях не было падобнае на рэальнае Краснапольле. Гэта было Краснапольле маё! Асабістае! Не шукайце ў ім рэальных знаёмых! Iх там няма. Як няма рэальнага Віцебску ў карцінах Шагала. I загаварыў я аб ім на той забытай трасянцы, дзе зьмяшаліся руская, беларуская і ідыш. Паступова трасянка ў маёй мове адступілася, але гэтыя тры мовы засталіся ў ёй жыць у сяброўстве адна з адной. Гэта мая мова, па якой цяпер пазнаюць мяне.

Першыя новыя апавяданьні я паслаў ў Менск Янку Сіпакову. I ён даслаў мне ўхвальны ліст, у якім напісаў: «Гэта тваё! Пішы пра свой народ, і ты будзеш цікавы кожнаму!» Ён пераклаў адно з апавяданьняў на беларускую мову і надрукаваў у часопісе «Беларусь», а потым пасадзейнічаў публікацыі маёй аповесьці «Рыжы Чаў-чаў» у «Нёмане». I я пачаў пісаць апавяданьні і маленькія аповесьці пра краснапольцаў.

Друкаваў іх амаль ва ўсіх рускамоўных выданьнях Амэрыкі, потым яны самі перабраліся ў Ізраіль. А потым распаўзьліся па сьвеце. Глыбей у лес, болей дроваў. Завязалася моцнае сяброўства з выдаўцом і рэдактарам часопіса «Мишпоха» Аркадзем Шульманам. А гэты міжнародны габрэйскі часопіс, выходзячы у Віцебску, стаў любімым часопісам габрэяў ва ўсім сьвеце. Часопіс «Мишпоха» стаў родным домам для маіх твораў.

Пра смачнае

У ФБ я з прыемнасьцю чытаю кулінарныя замалёўкі Марата Баскіна, якія ён называе «Кулінарным раманам». Таму я ня мог не запытаць, ці любіць ён гатаваць есьці. І ці ёсьць нейкія пэрспэктывы, каб «Кулінарны раман» выйшаў папяровай кніжкай?

«Мой „Кулінарны раман“ — гэта мае своеасаблівыя мэмуары. Бо за кожным кулінарным рэцэптам стаіць кавалак майго жыцьця. У старасьці хочацца прайсьціся па сваім жыцьці. У кожнага свае дарогі. У мяне яны кулінарныя. Гэта і смак дзяцінства. I смак няпростага жыцьця. I сум па згубленым. I радасьць знойдзенага. Калі я напісаў першае апавяданьне гэтага раману, я ня думаў, што атрымаецца раман. Проста лічыў, што гэта кропля былога. А кроплі пачалі падаць, бы дожджык. Пабеглі ручаі. А цяпер гэта ўжо рэчка.

Я люблю гатаваць есьці. I гэтая кніга, акрамя ўспамінаў, гэта яшчэ і добрыя рэцэпты страваў, якія я калісьці гатаваў. Цяпер дактары мне з жонкаю ўсё забаранілі. Нельга і салёнага, і смажанага, і малочнага, і тлустага, і салодкага… Засталося толькі ў апавяданьнях пра ўсё гэткае ўспамінаць.

Спадзяюся, што мой „Кулінарны раман“ стане і кніжкай. Але ў наш час часта спадзяваньні, як дым, зьнікаюць у аблоках. Але спадзяюся…»

Нечаканая радасьць

На заканчэньне я запытаў у Марата Баскіна пра матывы, якія схілілі яго ўзяць удзел у літаратурным праекце Радыё Свабода пад назвай «100 словаў». Ці добра яму пісаліся гэтыя мініятуры па-беларуску? Ці не забыў ён мовы пасьля чвэрці стагодзьдзя ў Амэрыцы?

«Зьяўленьне літаратурнага праекту „100 словаў“ было для мяне нечаканай радасьцю. Менавіта Радасьцю зь вялікай літары. Беларускую мову я не забываў: чытаў беларускія кніжкі і пісаў па-беларуску лісты да сяброў у Беларусі. Але ж гэта ня тое, што пісаць па-беларуску творы. Беларуская мова — гэта ж мае першыя крокі ў літаратуру, мае першыя радасьці, маё шчасьце. I яно з гэтым праектам вярнулася да мяне.

I, як толькі я пачаў пісаць, мова заіскрылася ўва мне і ажыла, успомніліся словы, якія я чуў толькі ў дзяцінстве… „100 словаў“ — гэта вельмі незвычайны праект, які на маю думку патрэбны кожнаму пісьменьніку як школа майстэрства: здольнасьць у 100 словах укласьці зьмест і думку. I цяпер, прайшоўшы яго, калі пішу што-небудзь, я думаю раз-пораз, ці ня лішняе слова я напісаў».

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG