Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гараўскі вінаваты, ня маю ніякіх сумневаў». Алена Захаранка пра 24 гады бяз бацькі і апраўдальны вырак швайцарскага суду


Дачка зьніклага Юрыя Захаранкі Алена Захаранка. Суд над Гараўскім. Каляж.
Дачка зьніклага Юрыя Захаранкі Алена Захаранка. Суд над Гараўскім. Каляж.

Дачка зьніклага былога кіраўніка МУС Юрыя Захаранкі Алена Захаранка тлумачыць, чаму ня лічыць рашэньне швайцарскага суду справядлівым, як зьмяніўся Гараўскі пасьля размовы зь ёю ў 2019 годзе, якімі былі для яе сям’і 24 гады бяз бацькі і чаму немагчыма распарадзіцца сямейнай кватэрай у Менску.

Дачка былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі Алена выехала разам з маці, сястрой і сынам у Нямеччыну, калі ёй было 24 гады. У мінулым засталіся вучоба ў Акадэміі МУС, праца інспэктарам у справах непаўналетніх і шчасьлівая сям’я.

Пасьля двухгадзіннай размовы з былым байцом СОБРу Юрыем Гараўскім у Цюрыху Алена Захаранка ня мела ніякіх сумневаў, што ён у 1999 годзе ўдзельнічаў у выкраданьні і забойстве яе бацькі, былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі. І апраўдальны прысуд стаўся для яе нечаканым і абуральным. Мы пагутарылі пасьля таго, як у Алены крыху ўлегліся эмоцыі.

Сьцісла

  • Пасьля прысуду я страціла веру ў справядлівасьць. Гэта былі мае першыя думкі. Потым сабралася, пагаварыла з адвакатам. Мы будзем рабіць далейшыя дзеяньні датычна гэтага злачынства.
  • Сям’я Гараўскага знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі ў закладніках і падвяргаецца небясьпецы ў выпадку, калі б Гараўскі павёў сябе па-іншаму. У судзе я бачыла іншага чалавека, прыгнечанага, залежнага ад сытуацыі.
  • Бацьку дагэтуль не прызналі памерлым, і мы ня маем права ні на якую ўласнасьць. Таму з нашай кватэрай у Менску можа адбыцца што заўгодна: яны могуць яе забраць, могуць засяліць жыхароў. У нашай сытуацыі мы нічога ня можам дамагчыся.
  • Са стратай бацькі мы страцілі абсалютна ўсё. Мы засталіся адны. Нам здрадзілі практычна ўсе. Ізалявана адчуваем мы сябе і дагэтуль.
  • Сыну быў адзін год, калі мы зьехалі. Я яму расказвала пра тыя падзеі, але ён не ўяўляе, як, напэўна, і швайцарскі судзьдзя, што такое ў цэнтры Эўропы можа адбывацца. Яны гэтага проста не разумеюць.

Пра Гараўскага ў 2019 і 2023 годзе

— Якая была першая рэакцыя на прысуд?

— Я страціла веру, веру ў справядлівасьць і ў тое, што я калісьці даведаюся праўду. Гэта былі мае першыя думкі. Тым ня менш потым я крыху сабралася, пагаварыла з адвакатам. Мы будзем рабіць далейшыя дзеяньні датычна гэтага злачынства. У тым, што Юры Гараўскі вінаваты, я ня маю ніякіх сумневаў. Я пэрсанальна зь ім кантактавала, я бачыла ягоную рэакцыю на мае пытаньні, я бачыла ягоную жэстыкуляцыю. Я бачыла, як ён успамінаў факты, пра якія я ў яго пыталася.

Калі я прыйшла ў суд, то пабачыла ў судзе ад пачатку неперадузятае стаўленьне да падсуднага. Яны ж ведаюць такія гісторыі толькі зь нейкіх дэтэктыўных кніг, з такімі фактамі яны ніколі не сутыкаліся. Для іх гэта было дзіка і незразумела. Часам судзьдзя сьмяяўся і з сарказмам задаваў некаторыя пытаньні. Перакладчыца рабіла памылкі, каля 15% словаў перакладала недакладна. Некаторыя пераклады былі не даслоўныя, а пераказаныя сваімі словамі. Пасьля таго як выступіў пракурор, судзьдзя зьмяніў свой выраз твару, і на гэтую гісторыю, як ён лічыў, выдуманую, ужо глядзеў зь іншага ракурсу.

— Як перадаюць карэспандэнты DW, тлумачачы прысуд, судзьдзя заявіў, што гэта асаблівы выпадак, у якім «замяшаная ўлада, і яна адказная за гвалтоўныя зьнікненьні». «Гэтыя факты не павінны выклікаць сумненьняў. Але на допыце абвінавачаны заблытаўся ў супярэчнасьцях і ўхіляўся ад адказу», — растлумачыў сваё рашэньне судзьдзя. Выглядае, што Гараўскага прызналі невінаватым, але сам факт гвалтоўных зьнікненьняў судзьдзя не абверг і ня ставіць пад сумнеў.

— Так. У гэтым сумневаў у нас не было ніколі, хто вінаваты ў забойстве гэтых палітыкаў. Мы гэта ведалі і ведаем цяпер. Але ў гэтым выпадку нам неабходна было даказаць вінаватасьць канкрэтнага падсуднага. У яго адбылася адаптацыя, ён знайшоў нейкую працу, мае жытло, і свой сацыяльны статус ён не хацеў мяняць. Яго сям’я знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі ў закладніках і падвяргаецца небясьпецы ў выпадку, калі б Гараўскі павёў сябе па-іншаму. Ён ня ведаў, як паводзіць сябе ў гэтай сытуацыі: ці сапраўды паводле рэглямэнту адказваць правільна на пытаньні, ці ратаваць сваіх блізкіх. Я думаю, што яшчэ стаяла такое пытаньне.

— Давайце ўспомнім фільм 2019 году, які зьнялі журналісты DW. Вы сустракаліся з Гараўскім, гаварылі зь ім, ён прасіў у вас прабачэньня. Можна было бачыць ягоныя вочы. Вы адчувалі ягоныя пачуцьці. Мы з вамі тады запісвалі інтэрвію, і вы казалі, што як былая супрацоўніца міліцыі, выпускніца Акадэміі МУС вы правялі яго праз свой «дэтэктар хлусьні» (у вас ёсьць такая кампэтэнцыя). Што цяпер ваш «дэтэктар хлусьні» сьведчыў, калі вы слухалі паказаньні Гараўскага ў судзе?

Алена Захаранка і Лера Красоўская ідуць на судовае паседжаньне. 19 верасьня 2023 году.
Алена Захаранка і Лера Красоўская ідуць на судовае паседжаньне. 19 верасьня 2023 году.

— У судзе я бачыла іншага чалавека, не таго, што раней. Прыгнечанага, залежнага ад сытуацыі. Я думаю, што ён быў вымушаны рабіць тое, што ён зрабіў. Груба супярэчлівыя паказаньні ён даваў наўмысна. Ён пракансультаваўся з кваліфікаваным юрыстам, як сябе паводзіць у судзе. Я ўжо тады падумала, што ў гэтай сытуацыі, у якой мы цяпер знаходзімся, знаходзіцца ўся Беларусь, мы ня зможам дамагчыся праўды.

Пра ізаляцыю пасьля выкраданьня бацькі

— Ці верыце вы ў справядлівасьць у доўгатэрміновай пэрспэктыве?

— Справядлівасьць прыйдзе тады, калі людзі пазбавяцца страху. Адбыліся забойствы вядомых людзей, якія маглі б павесьці народ у патрэбным кірунку. Мэтай было найперш насаджэньне страху ў грамадзтве. З намі спынілі кантакты. Мы бачылі гэта пасьля выкраданьня бацькі. З намі не хацелі размаўляць праз тэлефон. Калі да нас прыходзілі, то гаварылі толькі ў калідоры ці пісалі нейкія запіскі. Мы дагэтуль знаходзімся ў ізаляцыі ад беларускага грамадзтва.

— На пачатку 2020 году я была ў Менску і спэцыяльна прыехала на вуліцу Жукоўскага і пастаяла насупраць вокнаў вашай кватэры. Відаць было, што вельмі даўно ў вашай кватэры ніхто не жыве, вокны істотна адрозьніваюцца ад суседніх. Што цяпер з гэтай 4-пакаёвай кватэрай? За 24 гады ці мелі вы магчымасьць ёю распарадзіцца?

Карычневыя вокны ў кватэры зьніклага лідэра апазыцыі, экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі. 2020 год.
Карычневыя вокны ў кватэры зьніклага лідэра апазыцыі, экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі. 2020 год.

— Калі я напісала заяву аб зьнікненьні майго бацькі, яны завялі крымінальную справу толькі праз 6 месяцаў. Пасьля неаднаразовага падаўжэньня справы ён дагэтуль не прызнаны памерлым, і мы ня маем права ні на якую ўласнасьць. Таму з нашай кватэрай можа адбыцца што заўгодна. Яны могуць яе забраць, могуць засяліць жыхароў. Гэта ў іхным праве, і ў нашай сытуацыі мы нічога ня можам дамагчыся.

— Ці памятаеце вы апошнюю размову з бацькам, апошнія яго дні?

— Незадоўга да выкраданьня мы падазравалі, што нешта зь ім можа адбыцца. Але не да такой ступені. Думалі, што яго могуць арыштаваць і пасадзіць у турму КДБ ці нешта такое, пра што мы, магчыма, даведаемся. Але пра тое, што яны вырашылі яго ліквідаваць, мы тады ня думалі. Тады мы скарыстоўвалі кожную магчымасьць і кожную хвіліну стараліся быць з татам. Мама садзілася першая ў машыну — баяліся, што там падкладзеная выбухоўка. У іх былі такія цёплыя адносіны. Яна хадзіла і ўвесь час трымала яго за руку, пыталася, як ты сябе адчуваеш. Мы мелі думкі, што, магчыма, бачым яго апошні раз...

Бацька нас заўсёды падтрымліваў, казаў, што ўсё будзе добра. «Супакойся, я з вамі», — казаў маёй маці. Для нас ён быў тыл, абарона, падтрымка. Са згубай бацькі мы страцілі абсалютна ўсё. Мы засталіся адны. Нам здрадзілі практычна ўсе. Ізалявана адчуваем мы сябе і дагэтуль. Нават нашы блізкія родныя прысылаюць нам маленькую паштовачку як знак салідарнасьці. Пісаць нам паведамленьні на гэтую канкрэтную тэму яны проста баяцца.

— Пасьпяховая сям’я генэрала... Вы, вашая маці адчувалі сябе заўсёды пад абаронай, аховай бацькі. Магу ўявіць, які гэта быў шок — даведацца пра сьмерць, пачаць усё з самага нуля ў чужой краіне, на чужой мове. Як вы гэта ўсё прайшлі? Наколькі цяжкай была адаптацыя для вас, для вашай маці, для вашай сястры?

— Вельмі цяжкі стан. Настальгія суправаджае чалавека ўсё жыцьцё, калі ён не па сваёй волі пераяжджае ў іншыя землі. Ты папракаеш сябе, чаму не праводзіў у апошні шлях сваіх бабуль. Можа, трэба было прыехаць, абняць, бо сказалі ім ня ўсё, што хацелі сказаць. Гэты стан заўсёды з намі. І самае галоўнае — невядомасьць на працягу 24 гадоў, якая суправаджала нас. Гэта, напэўна, самае страшнае пакараньне для чалавека.

— Колькі было вашаму сыну, калі вы былі вымушаныя пакінуць Беларусь?

— Сыну быў адзін год. Я яму расказвала пра тыя падзеі, але ён не ўяўляе, як, напэўна, і швайцарскі судзьдзя, што такое ў цэнтры Эўропы можа адбывацца. Яны гэтага проста не разумеюць.

— Ці можна яго ў некаторай ступені назваць чалавекам, які працягвае справу свайго дзеда? Раней у інтэрвію вы казалі, што ён хацеў бы служыць у войску...

Кірыл, унук зьніклага Юрыя Захаранкі (зьлева)
Кірыл, унук зьніклага Юрыя Захаранкі (зьлева)

— Ён бы хацеў, але цяпер ён проста выйшаў на працу. У яго яшчэ ёсьць час. У Нямеччыне да 35 гадоў яшчэ можна гэта зрабіць.

— Ці падобны ён да дзеда?

Дачка Алена Захаранка і яе сын Кірыл
Дачка Алена Захаранка і яе сын Кірыл

— На жаль, не, не падобны да таты, хоць я вельмі хацела б. Тым ня менш гэта мая частка, частка майго жыцьця, і я спадзяюся, што калі-небудзь ён пабачыць зямлю, на якой ён нарадзіўся, на якой мы так шмат перанесьлі гора і велізарных стратаў.

— Як ваша маці ўспрыняла прысуд?

Фота з архіву Алены Захаранкі. Вольга і Юры Захаранка з дачкой Аленай.
Фота з архіву Алены Захаранкі. Вольга і Юры Захаранка з дачкой Аленай.

— Яна не хацела, каб я ехала на суд, увесь час мяне адгаворвала. Яна лічыць, што ў такой сытуацыі гэта не прынясе нічога, што гэта немэтазгодна. Маці лічыць, што пакуль існуе гэтая ўлада ў Беларусі, мы ніколі не даведаемся поўнай праўды і ніколі не пабачым свабоднага суду.

Пра ўшанаваньне памяці Юрыя Захаранкі

— Як вы думаеце, якім чынам памяць пра вашага бацьку мае быць ушанаваная ў Беларусі? Як ягонае імя мае быць ушанаванае? Якую навучальную ўстанову назваць яго імем?

— Я думаю, што ў гэтым няма неабходнасьці. Гэта мае вырашыць беларускі народ. Але ў падручнікі па гісторыі трэба ўнесьці гэтыя абуральныя факты, якія калісьці ўзрушаць увесь сьвет, калі мы пабачым на лаве падсудных усіх удзельнікаў гэтага бесчалавечнага злачынства.

— Ці маглі б вы расказаць крыху пра сябе: ці ведаюць людзі ў вашым атачэньні, хто ваш бацька, што зь ім здарылася?

Алена Захаранка
Алена Захаранка

— Я кантактую практычна толькі зь немцамі. Беларускіх сяброў у мяне няма ў горадзе, дзе я знаходжуся. Вельмі часта я тэлефаную Людміле Філіпаўне Карпенцы (удава палітыка, які памёр у 1999 годзе пры нявысьветленых абставінах. — РС). Гэта цудоўны чалавек. Яна вельмі блізкая мне па духу. Мы ўспамінаем нашае гора разам і зьвязваем іх сьмерці ў адно.

— Ці падтрымліваеце сувязь зь сем’ямі Анатоля Красоўскага, Віктара Ганчара?

— Наколькі я ведаю, сям’я Віктара Ганчара знаходзіцца ў Беларусі, і яна вымушаная «маршыраваць» разам зь беларускім народам. Ім небясьпечна выказвацца наконт гэтага.

Лера Красоўская і Алена Захаранка ў судзе
Лера Красоўская і Алена Захаранка ў судзе

Зь Лерай Красоўскай некалькі разоў сустракаліся, будзем зьвязвацца. Былі разам на судзе, шмат перанесьлі, цяжкія траўмы. Яна мяне падтрымлівала, абняла, калі чарговым разам расказвалі дэталі забойства майго бацькі. Я трымала яе за руку, адчувала яе цеплыню. Мы знаходзіліся ў адным, вельмі цяжкім, эмацыйным стане.

— Калісьці я запісвала інтэрвію зь Лерай Красоўскай, у якім яна заклікала не забывацца пра зьніклых. Мінула 24 гады, і можа скласьціся ўражаньне, што пра гэтыя справы забылі. Ці падаецца вам, што цяперашні суд, хай і з такім прысудам, прыцягне ўвагу ў сьвеце да гвалтоўных зьнікненьняў у Беларусі?

— Нам ніколі нельга было расказваць пра тое, што адбывалася. Улады намагаліся, каб не было вялікага розгаласу, бо гэта былі вядомыя людзі. У нас проста не было магчымасьці расказаць праўду. Цяпер, праз 24 гады, калі выявіўся такі велізарны інтарэс сусьветнай супольнасьці, мы можам расказаць пра падзеі, якія разбурылі наша жыцьцё.

— Ці працягваеце вы верыць у справядлівасьць?

— Пасьля вынясеньня прысуду я страціла гэтую веру на нейкі момант. Потым зноў узяла сябе ў рукі. Думаю, што працэс непазьбежны. Беларускія людзі прачынаюцца, выказваюць сваё меркаваньне больш адкрыта. Ведаюць, што будучыня за моладзьдзю. Вырасла вельмі разумная і бясстрашная моладзь, якія ідзе да канца. Яны абавязаныя ведаць пра гісторыю сваёй краіны.

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

XS
SM
MD
LG