Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьнішчаюць цэрквы, даносяць у прыходах, кідаюць за краты. Як у Беларусі ціснуць на сьвятароў


Ксёндз Вячаслаў Барок, ксёндз Дзьмітры Прыступа, праваслаўны сьвятар Георгі Рой, мітрапаліт Веніямін, Аляксандар Лукашэнка. Каляж
Ксёндз Вячаслаў Барок, ксёндз Дзьмітры Прыступа, праваслаўны сьвятар Георгі Рой, мітрапаліт Веніямін, Аляксандар Лукашэнка. Каляж

Свабода пагаварыла з праваслаўным сьвятаром айцом Георгіем Роем і падсумавала выпадкі рэпрэсіяў супраць рэлігійных прадстаўнікоў у Беларусі.

Вядома пра некалькі дзясяткаў сьвятароў і пастараў сярод каталікоў, праваслаўных і пратэстантаў, якіх затрымлівалі пасьля пратэстаў 2020 году. Толькі за 2022 год іх было ня менш за 24. На некалькі чалавек завялі крымінальныя справы.

Праваслаўнага сьвятара зь Берасьцейскай вобласьці Сяргея Разановіча ўвосень 2022 году асудзілі на 16 гадоў калёніі ў «справе Аўтуховіча». Паводле адной з вэрсій, на лаве падсудных ён мог апынуцца таму, што пусьціў да сябе пажыць грамадзкага актывіста Міколу Аўтуховіча. Сьвятар за кратамі ўжо 2,5 года. Ягоную жонку Любоў Разановіч у той жа справе асудзілі на 15 гадоў калёніі, сына Паўла — на 19 гадоў калёніі.

Айцец Сяргей Разановіч
Айцец Сяргей Разановіч

Праваслаўнага сьвятара зь Менску Ўладзіслава Багамольнікава, які адправіў службу па забітым Раману Бандарэнку на «плошчы Перамен», затрымалі ў жніўні 2022 году. Яму прысудзілі больш за 100 дзён адміністрацыйнага арышту запар на Акрэсьціна. Потым на сьвятара завялі крымінальную справу за «ўдзел у пратэстах». Зараз Багамольнікаў на волі, яго выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.

Яшчэ адзін «сьвятар-крымінальнік» — ксёндз Дзьмітры Прыступа зь Ляхавічаў. Яго вінавацяць у тым, што «пракаціў» амапаўца на капоце машыны падчас жнівеньскіх пратэстаў 2020 году. Прыступа пакінуў Беларусь амаль адразу пасьля інцыдэнту.

Ксёндз Дзьмітры Прыступа
Ксёндз Дзьмітры Прыступа

Пратэстантаў затрымлівалі цэлымі сем’ямі. Старэйшыну эвангельскай царквы «Новая зямля» Андрэя Мамойку разам з жонкай Верай амаль тры месяцы пратрымалі пад вартай. Сёлета ў красавіку кожнага асудзілі на 2,5 года «хатняй хіміі» за «ўдзел у пратэстах». Мінулым летам затрымалі пастара царквы «Новы запавет» Філіпа Іванова разам з жонкай Лідзіяй. Пастара адпусьцілі, а жонку пратрымалі тры месяцы пад вартай і асудзілі на 2 гады «хіміі».

Андрэй і Вера Мамойкі
Андрэй і Вера Мамойкі

Адміністрацыйны арышт і штрафы сьвятарам часта давалі за «распаўсюд экстрэмізму»: падпіску на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы або «няслушную» аватарку ў сацсетках у падтрымку беларусаў або ўкраінцаў. Проста цяпер за кратамі знаходзіцца грэка-каталіцкі сьвятар з Полацку айцец Аляксандар Шаўцоў. Яму далі 45 дзён арышту.

Гэта толькі некаторыя прыклады крымінальнага і адміністрацыйнага перасьледу сьвятараў у Беларусі.

Шэраг сьвятароў выехалі з краіны

Празь перасьлед зь Беларусі ў Польшчу выехалі вядомы каталіцкі сьвятар і блогер ксёндз Вячаслаў Барок з Расонаў, ксёндз Дзьмітры Прыступа з Ляхавічаў, ксёндз Андрэй Вашчук зь Віцебску, які правёў месяц на «сутках» у 2022 годзе.

Ксёндз-паляк Анджэй Бульчак, які служыў у Паставах, выехаў на радзіму пасьля допыту ў міліцыі пра ролік у падтрымку Ўкраіны ў 2022 годзе. Ён пражыў у Беларусі 14 гадоў і пабудаваў два касьцёлы. Пасьля ягонага ад’езду рэжым датэрмінова скасаваў Бульчаку дазвол на служэньне ў Беларусі.

Праваслаўныя сьвятары айцец Аляксандар Кухта і Георгі Рой выехалі ў Літву. Сёлета здарыўся рэдкі выпадак, калі сьвятары з БПЦ перайшлі пад юрысдыкцыю Канстантынопалю, ва Ўсясьветны патрыярхат. У Беларусі іх пасьля гэтага забаранілі ў служэньні.

Праваслаўныя сьвятары Аляксандар Кухта і Георгі Рой
Праваслаўныя сьвятары Аляксандар Кухта і Георгі Рой

Сярод эмігрантаў і праваслаўны сьвятар Аляксандар Шрамко зь Менску, адзін з заснавальнікаў каналу «Хрысьціянская візія». Ён задоўга да 2020 году крытыкаваў улады Беларусі, Шрамко неаднаразова каралі за гэта ўнутры Царквы, зараз ён забаронены ў служэньні.

Закрываюць цэрквы і рэлігійныя арганізацыі, зьнішчаюць крыжы

Увосень 2022 году закрылі для любых наведваньняў Чырвоны касьцёл у Менску, ня толькі адзін з галоўных цэнтраў каталіцкага жыцьця, але і візытоўку гораду для турыстаў. Прычынай улады назвалі начны пажар у будынку. Вернікаў і сьвятароў некалькі месяцаў не пускалі ў сьвятыню, хаця пашкоджаньні былі лякальнымі. Настаяцель касьцёла, 73-гадовы Ўладзіслаў Завальнюк, які адрадзіў парафію пасьля вяртаньня храма вернікам у 1990-х гадах і быў ягоным нязьменным кіраўніком, уладкаваўся дворнікам пры храме.

Настаяцель Чырвонага касьцёла ксёндз Уладзіслаў Завальнюк чысьціць сьнег каля закрытага храма
Настаяцель Чырвонага касьцёла ксёндз Уладзіслаў Завальнюк чысьціць сьнег каля закрытага храма

Сёлета 20 чэрвеня экскаватарамі разбурылі будынак пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» у Менску, былы кароўнік, які вернікі адрамантавалі і ператварылі ў сьвятыню амаль 20 гадоў таму. У 2021 годзе пратэстантаў выгналі з будынку, а потым забаранілі маліцца нават на паркоўцы каля яго.

Пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка асудзіў разбурэньне будынка царквы, заклікаў да пакаяньня тых, хто гэта зрабіў, і выказаў спадзеў на справядлівую адплату. Яго летась затрымлівалі і штрафавалі за правядзеньне сходу вернікаў.

Разбураны будынак царквы «Новае жыцьцё»
Разбураны будынак царквы «Новае жыцьцё»

Летась улады закрылі школу ў каталіцкім Хрысьціянскім сацыяльным цэнтры ў Менску.

Улады Беларусі зьнішчалі крыжы ў менскіх Курапатах, месцы масавых расстрэлаў і пахаваньняў у 1930-х гадах. Яшчэ ў 2019 годзе яны выкапалі і вывезьлі 70 вялікіх новых крыжоў, якія зрабілі і паставілі актывісты. Дагэтуль рэгулярна хтосьці псуе там крыжы, а вінаватых не знаходзяць. Сёлета ў траўні супрацоўнікі лясгасу сьпілоўвалі дрэвы, якія падалі на крыжы і шкодзілі іх. Акты вандалізму рабіліся і ў дачыненьні да крыжоў і стэндаў у «віцебскіх Курапатах», у вёсцы Хайсы. Праваахоўныя органы таксама не знайшлі вінаватых.

Прафіляктычныя гутаркі, «экстрэмісцкі» сьпіс, звальненьні, даносы

Як расказаў Свабодзе айцец Георгі Рой, шмат хто з праваслаўных сьвятароў прайшоў праз прафіляктычныя гутаркі перад кіраўніцтвам БПЦ (япіскапам або сакратаром япіскапа) або перад чыноўнікамі ў справах рэлігіі. Выклікаюць тых, хто крытыкаваў улады Беларусі, пісаў сваю думку ў інтэрнэце, выказваўся ў падтрымку Ўкраіны ў вайне.

«Тлумачаць, што варта гаварыць, а што не. Папярэджваюць, што калі сьвятар не перастане крытыкаваць улады, то яго чакаюць вельмі непрыемныя наступствы. Чыноўнікі ад рэлігіі даюць празрыстыя намёкі на тое, што калі сьвятар будзе публічна нешта гаварыць на тэму грамадзкіх узаемаадносін або крытыкаваць вайну Расеі супраць Украіны, то ў яго будуць праблемы», — камэнтуе айцец Георгі.

Зь ягоных словаў, гэта вельмі непрыемная гутарка. Рой таксама расказвае, што існуе сьпіс сьвятароў, нібыта «схільных да экстрэмізму». Некаторых царкоўных служак ставяць на адпаведны ўлік у міліцыі, ім уручаюць пра гэта дакумэнт.

«Нязручных» для ўладаў сьвятароў здымаюць з пасадаў, на якіх яны працавалі шмат гадоў, дзе праводзілі актыўную дзейнасьць; часам пераводзяць у малыя вясковыя прыходы, дзе сьвятару цяжка пражыць і пракарміць сям’ю зь дзецьмі. Так адбылося і з Георгіем Роем. Ён сам пасьля ціску на яго папрасіў аб пераводзе з галоўнага храма Горадні ў вясковы прыход.

Паводле айца Георгія, цяпер ва ўсіх прыходах ёсьць даносчыкі, якія ўважліва слухаюць, што кажа сьвятар на пропаведзі, што піша ў прыходзкіх чатах у сацсетках.

«Гэта ўсё даносяць у КДБ. У кожнай супольнасьці ёсьць такія людзі, якія працуюць, паведамляюць пра настроі сьвятара. Калі і раней такое было, то цяпер гэта робіцца больш адказна», — мяркуе суразмоўца.

Прызываюць у войска

Сёлета ў траўні атрымаў розгалас выпадак, калі маладога ксяндза з Наваградку хацелі прызваць у войска. Ён ужо сабраў рэчы і паехаў у камісарыят, калі рашэньне пасьля розгаласу адмянілі.

А айцец Георгі Рой расказаў, што сярод праваслаўных сьвятароў і сэмінарыстаў прызыў у войска стаў масавай зьявай некалькі месяцаў таму. Ужо ёсьць сьвятары і навучэнцы духоўнай сэмінарыі, якія рэальна пайшлі служыць у войска.

«Асабліва цяжка гэта перажываецца ў духоўных школах. Большасьць студэнтаў стацыянару павінны забраць у войска. Менская акадэмія-сэмінарыя разаслала лісты ў япархіі з просьбай накіроўваць хоць кагосьці, бо няма каго вучыць. Гэта нагадвае ганеньні на царкву пры Хрушчову. Тады Менскую духоўную сэмінарыю закрылі таму, што ўсіх студэнтаў прызвалі ў войска», — кажа айцец Рой.

Раней і для праваслаўных, і для каталіцкіх сэмінарыстаў дзейнічала адтэрміноўка ад войска. Некалькі месяцаў таму практыка зьмянілася.

Кампанія дыскрэдытацыі

Сёлета ў чэрвені затрыманага прадстаўніка Каталіцкай царквы вымусілі сказаць на камэру, што ён гомасэксуаліст. На відэа, якое разьмясьціў канал, блізкі да ГУБАЗіКа, мужчына гаворыць з паўзамі, няўпэўнена. На судзе блізкія ўбачылі на ім сьляды пабіцьця.

Таксама ў чэрвені супраць аднаго з каталіцкіх сьвятароў у праўладных пабліках распаўсюдзілі абвінавачаньні ў паляваньні, хаця ксёндз і так не хаваў свайго захапленьня. Гэты занятак не супярэчыць ні дзяржаўным, ні царкоўным законам, пісаў незалежны каталіцкі партал.

Айцец Георгі Рой перакананы, што ідзе сьвядомая кампанія дыскрэдытацыі хрысьціян.

«Гэтым яны хочуць сказаць: калі вы не пагодзіцеся з нашымі ўмовамі, то такія выпадкі адзін за адным будуць агучвацца публічна», — мяркуе сьвятар.

Ён перакананы, што такой інфармацыі ня варта верыць.

«Вядома, што робяць ГУБАЗіКі. Мы ня ведаем, перад якімі дылемамі паставілі гэтых людзей, як іх прымушаюць гэта сказаць. Веры ім няма ні на грош, іхняму выкрываньню нібыта», — думае суразмоўца.

Айцец Рой сам прайшоў праз кампанію дыскрэдытацыі ў тым ліку ў праўладных пабліках.

«Ня трэба гэтага баяцца, бо людзі добра разумеюць што за гэтым стаіць. Ніхто асабліва ня верыць у такія прапагандысцкія выкрыцьці», — мяркуе ён.

Чаму рэжым перасьледуе вернікаў?

На думку айца Георгія Роя, цэрквы — гэта нямногія грамадзкія аб’яднаньні ў Беларусі, якія не знаходзяцца пад прамым дзяржаўным кантролем.

«Гэта вельмі непакоіць чыноўнікаў, што недзе ёсьць асяродкі, дзе ёсьць прастор для свабоды», — мяркуе ён.

Яшчэ адна прычына можа быць у тым, што ў 2020 годзе многія прадстаўнікі цэркваў падтрымалі пратэстоўцаў, выказваліся супраць гвалту. Сьвятар кажа, што хрысьціяне звычайна маюць досыць моцныя ўласныя перакананьні і прынцыпы, якія можа быць цяжэй зламаць сілавікам.

«Чалавек з рэлігійнымі поглядамі можа не паддавацца розных страхам, а кіравацца сумленьнем. Яны (прадстаўнікі рэжыму. — РС) стараюцца фармаваць „правільнае“ патрыятычнае багаслоўе ўнутры праваслаўнай царквы. Павінна быць „правільная думка“, як у матушкі Гаўрыілы або айца Фёдара Поўнага. Калі царква пачынае апраўдваць беззаконьне і дыктатуру, то гэта „добрая“ царква. Хто крытыкуе, становіцца небясьпечным ворагам», — разважае пра погляды лукашыстаў сьвятар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG