Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявілася інфармацыя пра сьмерць яшчэ аднаго прарасейскага калябаранта на поўдні Ўкраіны, Стрэмавусава


Кірыл Стрэмавусаў
Кірыл Стрэмавусаў

Расейскія СМІ і акупацыйныя ўлады паведамілі, што ў ДТЗ нібыта загінуў прадстаўнік акупацыйнай адміністрацыі Херсоншчыны Кірыл Стрэмавусаў. У вобласьці працягваюцца баі за яе вызваленьне. Расейцы, адступаючы, разбураюць там масты.

Расейскія СМІ паведамілі пра гібель калябаранта, які працаваў у акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласьці.

Адразу некалькі расейскіх СМІ паведамілі пра гібель «намесьніка кіраўніка» расейскай акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласьці Кірыла Стрэмавусава, які да захопу Расеяй Херсону ачольваў рэгіянальнае аддзяленьне цяпер ужо забароненай Сацыялістычнай партыі Ўкраіны.

Расейскія журналісты са спасылкай на прадстаўнікоў акупацыйнай адміністрацыі паведамілі, што Кірыл Стрэмавусаў нібыта загінуў у аўтамабільнай аварыі. Ніякія іншыя падрабязнасьці не называюцца.

Кірыл Стрэмавусаў быў адным зь лідэраў украінскага руху супраць вакцынацыі ад каранавірусу. Адразу пасьля захопу расейцамі Херсону стварыў Камітэт выратаваньня за мір і парадак і абвясьціў сябе кіраўніком новай улады. Але пасьля фармаваньня акупацыйнай адміністрацыі быў прызначаны намесьнікам яе кіраўніка.

У верасьні Стрэмавусаў атрымаў пашпарт грамадзяніна Расеі.

Пракуратура Ўкраіны завяла ў дачыненьні да Кірыла Стрэмавусава крымінальную справу паводле артыкула аб дзяржаўнай здрадзе.

Сьмерці і раненьні прарасейскіх калябарантаў

Расейскую акупацыйную ўладу рэгіёну ачольвае колішні дэпутат украінскага парлямэнту Ўладзімір Сальда (абіраўся паводле сьпісу Партыі рэгіёнаў Віктара Януковіча. — РС). У жніўні паведамлялі пра ягоную гібель, але потым інфармацыя не пацьвердзілася. Пазьней паведамілі, што яго атруцілі і шпіталізавалі ў таксыкалягічную рэанімацыю ў Маскве.

16 верасьня паведамлялі пра гібель калябарантаў у акупаваных Расеяй Бярдзянску, Луганску і Херсоне:

У Бярдзянску Запароскай вобласьці загінулі два калябаранты — Алег Бойка, які пагадзіўся працаваць намесьнікам кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі гораду ў пытаньнях жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, і ягоная жонка Людміла Бойка, якая займалася падрыхтоўкай так званага «рэфэрэндуму» аб далучэньні акупаваных расейскімі войскамі раёнаў Запароскай вобласьці да Расеі.

У Луганску ад выбуху загінуў Сяргей Гарэнка, які ачольваў Генэральную пракуратуру так званай «ЛНР». Загінула таксама ягоная намесьніца Кацярына Сьцягленка. Паведамлялася, што цэнтар выбуху быў у кабінэце «генпракурора».

У Херсоне выбух адбыўся ў часе нарады з удзелам сфармаванай акупацыйнай улады. Раненьні атрымала кіраўніца дэпартамэнту працы і сацыяльнай палітыкі, а ейны кіроўца нібыта загінуў. Дэталі не паведамляліся.

Ад траўня з захопленых Расеяй тэрыторый на поўдні Ўкраіны ўсё часьцей паведамляюць пра замахі на тых грамадзян Украіны, якія перайшлі на бок акупацыйнай улады Расеі.

Упершыню пра напады на калябарантаў стала вядома ў траўні, калі ў Энэргадары, дзе месьціцца самая вялікая АЭС у Эўропе, Запароская, падарвалі кіраўніка гораду Андрэя Шэўчыка, пастаўленага на пасаду расейцамі. Выбух грымнуў, калі Шэўчык заходзіў у пад’езд свайго дома. Разам зь ім атрымалі раненьні два ягоныя ахоўнікі, але пра іхную сьмерць не паведамлялася.

У канцы траўня стала вядома пра выбух у Мелітопалі, каля дома калябаранта Яўгена Баліцкага, прызначанага кіраўніком акупацыйнай улады Запароскай вобласьці. Але сам Баліцкі не пацярпеў.

У канцы ліпеня ў Херсоне падарвалі адзін з паліцэйскіх патрулёў — у выніку выбуху аўтамабіля адзін чалавек загінуў і адзін атрымаў раненьні.

12 жніўня стала вядома адразу пра два выпадкі замаху на калябарантаў — у Мелітопалі Запароскай вобласьці на аднаго з кіраўнікоў выбарчага штабу «Адзіная Расея» Алега Шостака, а ў Старабельску Луганскай вобласьці — на начальніка мясцовага цэнтру сэрвісных паслуг МУС так званай «ЛНР». Абодва атрымалі раненьні.

23 жніўня стала вядома аб спробе падарваць у часова акупаванай Расеяй частцы Херсонскай вобласьці намесьніка кіраўніка аднаго з дэпартамэнтаў расейскай акупацыйнай адміністрацыі Херсону Ігара Цялегіна. Але той выжыў.

Усе гэтыя выпадкі зьвязваюць з украінскімі партызанамі, якія дзейнічаюць на часова акупаваных Расеяй тэрыторыях.

Праваахоўныя органы Ўкраіны завялі 1200 крымінальных спраў на ўкраінскіх грамадзян, якія перайшлі на бок Расеі пасьля пачатку вайны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG